СМІ: Спробы ЗША зрабіць мірную ўгоду як мага хутчэй могуць справакаваць новую вайну
Эксперты папярэджваюць Штаты, што спроба дасягнення «любога пагаднення» па Украіне можа даць Крамлю шанец узнавіць вайну, і вельмі хутка. А Украіна ў пытаннях бяспекі надае ўвагу больш сваімі сілам, чым міжнароднай супольнасці. Ідуць 1442-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 153 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 4 лютага.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 35 штурмавых дзеянняў расіян у раёнах Шахава, Новага Данбасу, Пакроўску, Светлага, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Мірнаграду і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы 25 разоў атакавалі ў раёнах Гуляйполя, Новага Поля, Зялёнага, Святапятроўкі, Дабраполля, Стараўкраінкі, Чыгуначнага, Прылук і ў бок Мірнага.
На Славянскім кірунку УСУ адбілі 12 штурмаў у раёнах Закітнага, Свята-Пакроўскага, Платонаўкі, Рай-Аляксандраўкі і Дронаўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі восем атак, на Ліманскім кірунку — сем, на Купянскім кірунку адбылося пяць атак.
* * *
Два чалавекі загінулі і яшчэ два атрымалі раненні ў выніку расійскіх удараў беспілотнікамі па Сінельнікаўскім раёне Днепрапятроўскай вобласці ўночы 4 лютага.
У ноч на 4 лютага расійскія акупацыйныя войскі працягнулі біць па Харкаве, у прыватнасці нанеслі два ракетныя ўдары.
Адэса ў ноч на 4 лютага зноў апынулася пад ударам, па горадзе было выпушчана каля 20 ударных дронаў. У выніку пацярпелі два чалавекі, грамадзянская і прамысловая інфраструктура, два дзіцячыя садкі і адна школа.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не здзіўлены тым, што Расія парушыла «энергетычнае перамір’е» і ўдарыла па крытычнай інфраструктуры Украіны, заявіла прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт, калі яе спыталі пра рэакцыю кіраўніка Белага дома на новую хвалю расійскіх удараў па Украіне, паведамляе CNN.
«Я размаўляла з прэзідэнтам пра гэта сёння раніцай, і яго рэакцыя была — на жаль, без здзіўлення. Гэта дзве краіны, якія ўжо некалькі гадоў вядуць вельмі жорсткую вайну», — сказала яна.
У той жа час сам Дональд Трамп падчас размовы з журналістамі ў Белым доме заявіў, што Уладзімір Пуцін «стрымаў сваё слова» адносна абвешчанага «энергетычнага перамір’я».
«Паўза была з нядзелі (25 студзеня) да нядзелі (1 лютага). Яна завяршылася, і Пуцін моцна ўдарыў па іх (па Украіне) мінулай ноччу. Ён (Пуцін) стрымаў сваё слова. Адзін тыдзень — гэта шмат», — сказаў Трамп.
На пытанне пра падаўжэнне паўзы Трамп адказаў, што хоча завяршэння вайны: «Я б хацеў, каб ён (Пуцін) гэта зрабіў. Я хачу, каб ён скончыў вайну».
* * *
ЗША павінны ўзмацніць ціск на расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, паколькі ён пакуль не хоча садзіцца за стол перамоў. Украіне неабходна перадаць крылатыя ракеты Tomahawk, заявіў амерыканскі сенатар Ліндсі Грэм у сацсетцы X.
«Відавочна, што ціск, які мы аказваем на Пуціна, каб прымусіць яго сесці за стол перамоў і спыніць масіраваныя атакі супраць Украіны, не працуе», — заявіў Грэм.
«Пасля гэтай масіраванай атакі мінулай ноччу я заклікаю прэзідэнта Трампа пачаць працэс надання Украіне ракет Tomahawk, што стала б пераломным момантам у ваенным плане. У бліжэйшыя дні і тыдні мы павінны ўзмацніць ціск на Пуціна», — падкрэсліў Грэм.
Ён дадаў, што любыя перамовы, на якіх агрэсію будуць празмерна ўзнагароджваць, «запусцяць катастрафічныя працэсы па ўсім свеце».
«Адваротнае таксама справядліва. Калі перамовы прывядуць да свабоднай, моцнай і незалежнай Украіны, свет стане значна больш стабільным», — лічыць сенатар.
* * *
У Кіеве ўсё часцей зыходзяць з таго, што любыя будучыя дамоўленасці аб міры не змогуць гарантаваць доўгатэрміновую бяспеку краіны. У умовах нявызначанасці з міжнароднымі абавязацельствамі стаўка робіцца на ўласныя сілы, піша Politico.
Ключавая праблема заключаецца ў адсутнасці выразных міжнародных абавязацельстваў, супастаўных з механізмамі калектыўнай абароны NATO. Без членства ў Aльянсе Украіна вымушана спадзявацца на двухбаковыя пагадненні, якія не валодаюць такой жа вагой. Дадатковыя асцярогі выклікае непрадказальнасць пазіцыі Вашынгтона.
Таму ў Еўрасаюзе раней заклікалі ператварыць Украіну ў «стальнога вожыка», няздольнага стаць лёгкай здабычай для цяперашніх або будучых агрэсараў. Гаворка ідзе пра фарміраванне пастаяннай шматлікай арміі, развіццё беспілотных тэхналогій, ракетных праграм і ўласнай вытворчасці ўзбраенняў. Для гэтага патрабуецца рэформа абароннага сектара, абнаўленне сістэмы закупак, мадэрнізацыя падыходаў да набору асабовага складу і значныя фінансавыя ўліванні.
Юрыдычна абавязковыя пагадненні з ЗША і еўрапейскімі краінамі, а таксама магчымая прысутнасць шматнацыянальных сіл разглядаюцца толькі як дапаўненне да ўласнай абароны.
«З такім суседам украінцы павінны быць гэтак жа эфектыўнымі гаспадарамі абароны сваёй дзяржавы, каб Украіна заўсёды заставалася незалежнай і свабоднай ад Расіі», — заявіла кіраўніца місіі Украіны пры NATO Алена Гетманчук.
* * *
Спробы ЗША паскорыць заключэнне мірнага пагаднення паміж Расіяй і Украінай могуць ненаўмысна стварыць умовы для новай эскалацыі канфлікту, лічыць The Telegraph.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп накіраваў свайго спецпасланніка Стыва Уіткафа на новы раўнд перамоў у Абу-Дабі. Як піша The Telegraph, мэтай сустрэч абвешчана дасягненне «любога пагаднення» паміж Масквой і Кіевам.
Абмеркаванні засяроджаны на тэрытарыяльным пытанні — статусе часткі Данецкай вобласці, якую расійскай арміі не ўдалося захапіць за амаль чатыры гады поўнамаштабнага ўварвання.
Эксперты папярэджваюць, што саступка гэтых тэрыторый Расіі можа стварыць перадумовы для новай ваеннай кампаніі, паколькі гэтыя тэрыторыі Данецкай вобласці маюць стратэгічнае значэнне дзякуючы шчыльнай абароннай інфраструктуры ў раёнах Краматорска і Славянска. Перадача гэтых пазіцый Крамлю можа дазволіць расійскай арміі нарошчваць сілы і планаваць новае ўварванне.
Калі ўкраінскі бок пагадзіцца на саступкі, гэта дасць Расіі магчымасць падрыхтавацца да наступнай фазы вайны.
Іншы варыянт — захаванне кантролю Украіны над тэрыторыямі — запатрабуе ціску на Крэмль, у тым ліку праз пастаўкі ўзбраенняў і эканамічныя санкцыі, каб абмежаваць амбіцыі Масквы і прадухіліць паўторнае наступленне, лічаць эксперты The Telegraph.