Пасол Еўрасаюза ва Украіне: ніякага «перамір’я» няма

Расія нібыта пагадзілася на тыднёвае «энергетычнае перамір'е», але назіральнікі сведчаць, што ў чарговы раз парушыла свае ж абавязальніцтвы. Таму Украіна не верыць у мірныя перамовы, і дзейнічае з разліку на працяг вайны. Ідуць 1440-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 179 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 2 лютага.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 41 штурм расійцаў у раёнах Радзінскага, Пакроўску, Удачнага, Навападгароднага, Шаўчэнка, Зацішак, Мірнаграду, Котліна, Дачнага, Філіі і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне 32 разы спрабавалі ісці на пазіцыі УСУ у раёне Гуляйполя і ў бок Стараўкраінкі, Варваўкі, Зялёнага, Святапятроўкі і Чыгуначнага.

На Славянскім кірунку абаронцы Украіны адбілі 12 спроб расіян прасунуцца ў раёнах Дронаўкі, Платонаўкі, Свята-Пакроўскага ў бок Закітнага, Рай-Аляксандраўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім і Канстанцінаўскім кірунках зафіксаванга па 11 боесутыкненняў на кожным.

* * *

Аналітычны праект DeepState паведаміў, што расійскія войскі змаглі прасунуцца паблізу двух населеных пунктаў на Запарожскім кірунку: паблізу Дабраполля (Гуляйпольскі раён) і ў Прыморскім (Васільеўскі раён).

Пры гэтым, адзначае DeepState, у студзені расіяне акупавалі толькі 245 кв. км украінскай тэрыторыі — гэта амаль удвая менш, чым у снежні ці лістападзе мінулага года. Працэнт падзення актыўнасці штурмавых дзеянняў — усяго на 4% менш, чым было ў снежні.

33% усіх штурмаў прыпадае на Пакроўскі кірунак. На другое месца падняўся Гуляйпольскі, дзе быў 21% ад усіх атак. Адразу за імі ідуць Канстанцінаўскі (12%), Ліманскі (8%) і Аляксандраўскі (8%) кірункі.

* * *

Расійскія войскі ў ноч на 2 лютага нанеслі масіраваны ўдар па Чаркаскай вобласці, у выніку гэтага зменшага чатыры чалавекі пацярпелі.

У горадзе Цярноўка Паўлаградскага раёна Днепрапятроўскай вобласці ў выніку атакі варожых БпЛА па службовым аўтобусе з шахцёрамі загінулі 12 чалавек, яшчэ 16 пацярпелі, 9 з іх знаходзяцца ў цяжкім стане.

Старшыня Незалежнага прафсаюза гарнякоў Украіны Міхаіл Валынец удакладніў, што расійскія войскі атакавалі вуглездабыўное прадпрыемства, трапіўшы ў аўтобус з работнікамі шахты, які ажыццяўляў пазменны трансфер. Расіяне прымянілі 4 БпЛА тыпу «Шахэд».

* * *

Пасол Еўрасаюза ва Украіне Катарына Матэрнава адзначыла ў Facebook, што расійскі тэрор працягваецца па ўсёй тэрыторыі Украіны, нягледзячы на мірныя перамовы і нібыта згоду РФ на «тыднёвае перамір’е».

Матэрнава распавяла, што на працягу ночы на 1 лютага РФ атакавала Украіну 90 ударнымі беспілотнікамі. У Дняпры БпЛА трапіў у прыватны дом, забіўшы двух чалавек. У Канатопе Сумскай вобласці пад ударамі была чыгуначная інфраструктура.

«Гэта так выглядае "перамір’е"? Выбухі. Загінулыя грамадзянскія. Разбураны энергетычныя аб’екты, транспартная інфраструктура... А сённяшняя атака (маецца на ўвазе ўдар РФ па радзільні ў Запарожжы 1 лютага — рэд.) — яшчэ адзін доказ, што ніякага "перамір’я" няма. Расія не паважае дамоўленасці. Ніякія з іх абяцанняў не выконваліся», — адзначыла яна.

«Дэмакратычны свет не павінен адварочваць вочы», — заявіла пасол.

* * *

624045602_1251124823867260_4974917397006950061_n.jfif

* * *

Расія ўтрая нарасціла вытворчасць балістычных ракет для комплексаў «Іскандэр-М» дзякуючы імпарту з Кітая, піша аналітычны цэнтр CSIS.

Аналітыкі адзначаюць, што ключавым фактарам аднаўлення расійскай ваеннай вытворчасці пасля ўвядзення заходніх санкцый стаў Кітай. У 2024 годзе тавараабарот паміж КНР і РФ дасягнуў амаль 250 млрд долараў, тады як у 2022 годзе ён складаў 190 млрд долараў. Доля Кітая ў знешнім гандлі Расіі вырасла да 33,8% у параўнанні з 11,3% у 2014 годзе.

Асаблівую ролю адыгрываюць тавары двайнога прызначэння: камп’ютарныя чыпы, станкі, радары, сенсары і датчыкі, якія РФ не здольная вырабляць у неабходных аб’ёмах самастойна. Акрамя таго, у 2024 годзе на Кітай прыйшлося 70% расійскага імпарту перхларату амонію — крытычнага кампанента паліва для балістычных ракет.

Зафіксаваны пастаўкі карпусоў беспілотнікаў, літыевых батарэй і оптавалаконных кабеляў, неабходных для вытворчасці дронаў, якія РФ прымяняе ў вайне супраць Украіны.

Паводле даных ГУР Мінабароны Украіны, якія прыводзіць Defense Express, станам на снежань 2025 года Расія вырабляла каля 50 ракет 9М723 штомесяц, а яе запасы ацэньваліся ў 200 адзінак. Для параўнання, з лютага 2022 па студзень 2023 года РФ вырабіла ўсяго 36 такіх ракет.

Такім чынам, кітайскі экспарт наўпрост спрыяў трохразоваму росту тэмпаў вытворчасці ракет для "Іскандэраў", якія Расія выкарыстоўвае для удараў па ўкраінскіх гарадах.

Афіцыйна МЗС Кітая адмаўляе, што Пекін дапамагае Расіі. Але Расія рэзка нарасціла экспарт золата ў Кітай, адначасова скараціўшы аб’ёмы сваіх рэзерваў да самага нізкага ўзроўню за апошнія гады.

* * *

Швецыя рыхтуецца даць Украіне адзін з найбуйнейшых пакетаў ваеннай дапамогі, паведамляе Мінабароны Украіны па выніках размовы міністра абароны Украіны Міхаіла Фёдарава са шведскім калегам Полам Ёнсанам.

«Шведскі бок рыхтуе маштабны пакет дапамогі, у які ўвойдуць сродкі супрацьпаветранай абароны і радары вытворчасці кампаніі Saab, а таксама ўнёскі ва ўкраінскі абаронна-прамысловы комплекс — дадатковыя сістэмы радыёэлектроннай барацьбы і дроны, уключаючы deep strike», — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама бакі «прадметна абмеркавалі» магчымасць пастаўкі самалётаў Gripen і перадачы ракет Meteor, якія з’яўляюцца ключавымі інструментамі процідзеяння самалётам — носьбітам кіраваных авіябомбаў, і магчымасць дадатковых унёскаў у ініцыятыву PURL (якая забяспечвае закупку амерыканскай зброі для Украіны за кошт іншых саюзнікаў), для набыцця сродкаў процідзеяння расійскім балістычным ракетам.

* * *

Улады Украіны не разлічваюць, што цяперашнія перамовы з расіянамі і мірныя намаганні ЗША прынясуць мір, і будуюць эшаланаваныя абарончыя лініі, рыхтуючыся да яшчэ некалькіх гадоў вайны. Пра гэта гаворыцца ў вялікім матэрыяле французскага выдання Le Monde, карэспандэнт якога пабываў на ўсходзе Украіны.

Аўтар публікацыі апісвае, як украінскія інжынерныя падраздзяленні будуюць шырокую лінію фартыфікацыйных умацаванняў і перашкод у Днепрапятроўскай вобласці, якая цягнецца на сотні кіламетраў уздоўж фронту, але на адлегласці 35 кіламетраў ад перадавых расійскіх пазіцый.

Выданне падкрэслівае, што велізарны маштаб праекта адлюстроўвае перакананне ўкраінскага Генштаба, што Масква не мае намеру спыняць сваю агрэсію ў найбліжэйшы час.

Аўтары публікацыі адзначаюць, што расійскае прасоўванне, хоць і адбываецца самымі павольнымі тэмпамі ў гісторыі і каштуе агрэсару велізарных страт, Сілам абароны Украіны ўсё ж не ўдаецца яго спыніць.

Украінская армія сутыкаецца з дэфіцытам пяхоты, якая б закрыла шчыліны ў фронце, а таксама не мае дальнабойных сродкаў СПА, якія б трымалі далей расійскія штурмавікі, што знішчаюць КАБамі ўмацаваныя пазіцыі абаронцаў.

* * *

Напярэдадні чацвёртай гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну эканамічныя цяжкасці РФ становяцца ўсё больш відавочнымі, гаворыцца ва ўнутранай аналітычнай запісцы, падрыхтаванай урадам Германіі, перадае Bild.

У дакуменце, з якім азнаёмілася выданне, адзначаецца, што негатыўныя тэндэнцыі ў расійскай эканоміцы ўзмацняюцца, тады як дзяржава ўсё горш спраўляецца са спробамі іх згладзіць. Пры гэтым не гаворыцца пра прагноз эканамічнага краху, аднак прыведзеныя даныя сведчаць: працягваючы вайну, расійская ўлада ставіць эканоміку краіны ва ўразлівае становішча.

Больш за ўсё, як адзначаецца ў дакуменце, пакутуе ключавая для Расіі галіна — экспарт нафты. З-за падзення сусветных цэн і санкцый даходы ад энергарэсурсаў рэзка скараціліся і ў гэтым годзе могуць скласці толькі каля 22% усіх паступленняў у расійскі бюджэт — супраць ранейшых 40–50%.

Бюджэт РФ фактычна стаў ваенным: каля 40% усіх выдаткаў накіроўваюцца на бяспеку і абарону. Паралельна Расія ўсё больш залежыць ад Кітая, адкуль, паводле ацэнак Берліна, паступае да 87% крытычна важных для ваеннай прамысловасці тавараў.

Рэзервовы фонд РФ скараціўся прыкладна да 42 млрд еўра (амаль удвая ў параўнанні з пачаткам вайны) і можа быць вычарпаны на працягу года.