ISW: Масква тэстуе рэакцыю NATO, выкарыстоўваючы Беларусь як плацдарм для правакацый

Масква фактычна паглынула Беларусь і прымяняе яе для небяспечных правакацый супраць NATO, пішуць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Яны лічаць, што залёт аэрастатаў у Польшчу — не проста кантрабанда, а «нулявая фаза» падрыхтоўкі да вайны. А Украіна дамагаецца поспехаў пад Пакроўскам. Ідуць 1439-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 338 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 1 лютага.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 80 штурмаў расіян паблізу Ніканораўкі, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 45 атак у раёнах Гуляйполя, Мірнага, Салодкага і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 39 атак паблізу Плешчыеўкі, Шчарбінаўкі, Русінага Яру, Клебан-Быка і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 25 разоў спрабаваў прарваць абарону УСУ ў раёнах Ваўчанску, Старыцы, Прыліпак і іншых.

На Ліманскім кірунку армія РФ правяла 24 атакі ў раёнах Дробышава, Сярэдняга, Навасёлаўкі, Зарэчнага і іншых.

На Славянскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 15 спроб арміі РФ прасунуцца ў раёнах Ямпалю, Дронаўкі і ў бок Рай-Аляксандраўкі, Платонаўкі, Разнікоўкі.

На Купянскім кірунку адбылося 12 атак у бок Петрапаўлаўкі, Пясчанага, Курылаўкі, Наваасінавага, Наваплатонаўкі, Глушкаўкі.

На Аляксандраўскім кірунку зафіксавана 11 атак у раёне Вербавага і ў бок Аляксандраграда, Данілаўкі, Вішнёвага, Новага Запарожжа.

* * *

На Пакроўскім кірунку толькі за адзін дзень украінскія байцы разграмілі 4 узводы расіян падчас штурму, паведамляе брыгада Нацгвардыі Украіны «Спартан».

Паводле паведамлення ад 31 студзеня, расіяне кінулі ў атаку каля 90 штурмавікоў. «Пад прыкрыццём туману праціўнік спрабаваў прасунуцца на аўтамабілях, мотатэхніцы і квадрацыклах», — гаворыцца ў паведамленні.

Падраздзяленні УСУ ліквідавалі 80 штурмавікоў праціўніка, паранілі двух і ўзялі ў палон яшчэ двух. Знішчана 10 квадрацыклаў, 4 матацыклы і 6 аўтамабіляў. Атаку сумесна адбівалі байцы брыгад «Спартан», «Птахі Мадзяра» і сумежныя падраздзяленні.

* * *

Украінскія войскі нядаўна прасунуліся на поўначы Харкаўскай вобласці і на тактычным кірунку Канстанцінаўка — Дружкоўка. Расійскія войскі прасунуліся на Пакроўскім і Гуляйпольскім кірунках, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Геалакацыйныя відэа ад 30 студзеня пацвярджаюць прасоўванне Сіл абароны Украіны ў паўночнай частцы населенага пункта Несцерна на паўночны ўсход ад Харкава.

Таксама ўкраінскія вайскоўцы пашыраюць зону паражэння па тэрыторыі Белгарадскай вобласці, прымяняючы валаконна-аптычныя дроны ў адказ на абстрэлы з расійскіх тэрмабарычных сістэм ТОС-1А з раёна Шэбекіна.

Расійскія войскі ажыццявілі місіі па інфільтрацыі на Купянскім кірунку: у цэнтры Петрапаўлаўкі (на ўсход ад Купянска) і ў паўночнай частцы Купянска-Вузлавога. Паводле ацэнкі ISW, гэтыя дзеянні не прывялі да змены кантролю над тэрыторыяй або лініі фронту.

У тактычным раёне Канстанцінаўка — Дружкоўка зафіксавана прасоўванне абодвух бакоў. Геалакацыйныя відэа ад 31 студзеня сведчаць пра поспех Сіл абароны Украіны на поўнач ад Яблонаўкі, кадры ад 28 студзеня паказваюць на нязначнае прасоўванне расіян на паўднёвым усходзе Канстанцінаўкі.

Расіяне ажыццяўлялі пранікненне паблізу Данецкай чыгункі, але гэта не змяніла сітуацыю на перадавой.

Згодна з геалакацыйнымі матэрыяламі ад 30–31 студзеня, расіяне, верагодна, захапілі вёску Балаган на ўсход ад Пакроўска і прасунуліся ў цэнтры Мірнаграда. Аналітыкі таксама пацвердзілі прасоўванне расійскіх войскаў на Гуляйпольскім кірунку: на захад ад Дабраполля; на захад ад Прылук; паблізу Зялёнага і Святапятроўкі.

ISW адзначае, што частка гэтых дзеянняў была місіямі па пранікненні і не прывяла да змены кантролю над мясцовасцю.

* * *

У ноч на 1 лютага Расія атакавала Украіну 90 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 76 БпЛА.

1 лютага расійскія акупанты абстралялі цэнтр Херсона, у выніку чаго паранена 59-гадовая жанчына.

У Дняпры ўночы на 1 лютага з-за трапляння варожага БпЛА загінулі жанчына і мужчына, узнік пажар, разбураны прыватны дом, яшчэ два — пашкоджаны.

* * *

624840993_1250405237272552_8754599701350636801_n.jfif

* * *

Спецпрадстаўнік Трампа Стыў Уіткаф у сацсетцы Х напісаў, што сустрэча з пасланнікам Пуціна Кірылам Дзмітрыевым 31 студзеня была прадуктыўнай і канструктыўнай. «У Фларыдзе спецыяльны пасланнік Расіі Кірыл Дзмітрыеў правёў прадуктыўныя і канструктыўныя сустрэчы ў межах намаганняў ЗША па пасрэдніцтве ва ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту мірным шляхам», — напісаў ён.

«Мы натхнёныя гэтай сустрэчай, якая сведчыць пра тое, што Расія працуе над забеспячэннем міру ва Украіне, і ўдзячныя (Дональду Трампу) за яго вырашальную ролю ў пошуку трывалага і доўгатэрміновага міру», — рэзюмаваў ён.

* * *

Любыя саступкі на Данбасе ў межах мірнага пагаднення не спыняць вайну, а толькі дадуць Расіі час падрыхтавацца да больш маштабнага наступу ўглыб Украіны, піша The New York Times.

Аналітыкі папярэджваюць, што настойлівае патрабаванне Расіі перадаць ёй поўны кантроль над Данецкай вобласцю можа быць не проста спробай «захаваць твар». Эксперты асцерагаюцца, што здача Славянска і Краматорска пазбавіць Кіеў самай магутнай лініі абароны на ўсходзе.

Частка Данецкай вобласці, якая ўсё яшчэ пад кантролем Украіны, з’яўляецца адной з самых умацаваных частак фронту, паколькі абарончыя збудаванні тут узводзіліся з 2014 года, задаўга да поўнамаштабнага ўварвання Расіі.

Як адзначаюць аналітыкі, калі мірны план праваліцца ўжо пасля перадачы земляў — сцэнарый, які многія лічаць цалкам рэальным — Расія акажацца ў ідэальнай стратэгічнай пазіцыі для пачатку новага ўварвання ўглыб аслабленай Украіны.

* * *

Аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) пішуць, што што Расія дэ-факта анексавала Беларусь і прымяняе яе тэрыторыю для рэалізацыі ўласных ваенна-палітычных мэтаў. У прыватнасці, Масква выкарыстоўвае Беларусь для ўварванняў у паветраную прастору краін-членаў NATO.

Эксперты адзначаюць, што ў ноч з 30 на 31 студзеня беларускія аэрастаты другі раз за 72 гадзіны незаконна ўвайшлі ў паветраную прастору Польшчы. Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы паведаміла, што ваенныя радары зафіксавалі аб’екты, якія перасеклі мяжу з боку Беларусі. Паводле папярэдняй ацэнкі, гаворка ішла менавіта пра аэрастаты.

У адказ польскія ўлады часова абмежавалі паветраную прастору над Падляскім ваяводствам, якое мяжуе з Беларуссю.

У ISW лічаць, што такія дзеянні з’яўляюцца часткай так званай «нулявой фазы» — этапу стварэння інфармацыйных і псіхалагічных умоў для магчымай будучай вайны паміж Расіяй і NATO.

Масква тэстуе рэакцыю NATO, выкарыстоўваючы Беларусь як плацдарм для правакацый і гібрыдных аперацый супраць заходніх дзяржаў, падкрэсліваюць у ISW.