РФ не вытрымлівае вайны? У Расіі пачынаецца сістэмны банкаўскі крызіс
Набліжаны да расійскай улады аналітычны Цэнтр макраэканамічнага аналізу і кароткатэрміновага прагназавання канстатуе, што згодна з фармальнымі крытэрыямі ў Расіі фіксуецца сістэмны банкаўскі крызіс. Але РФ спускае грошы на атакі па Украіне і працяг вайны. Ідуць 1441-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з haqqin.az
У цэлым цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 167 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 3 лютага.
На Пакроўскім кірунку нашы абаронцы спынілі 48 штурмавых дзеянняў агрэсара паблізу Радзінскага, Мірнаграду, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Светлаша, Філіі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 19 атак расіян — у раёне Гуляйполя, Даражнянкі і ў бок Святапятроўкі, Чыгуначнага, Дабраполля, Зялёнага.
На Славянскім і Канстанцінаўскім кірунках армія РФ ажыццявіла па 12 атак на кожным.
На Паўднёва-Слабажанскім і Ліманскім кірунках зафіксавана па 10 атак на кожным.
* * *
Сілы абароны Украіны напрацягу студзеня нанеслі расійскай арміі адны з самых адчувальных страт за апошнія месяцы.
Паводле інфармацыі Генеральнага штаба УСУ, у асабовым складзе вораг страціў больш за 31 700 вайскоўцаў, што супастаўна з колькасцю амаль трох дывізій. Таксама за студзень Сілы абароны Украіны знішчылі і ўразілі 137 варожых танкаў — гэта эквівалент больш як 4 танкавых батальёнаў. Гэты паказчык стаў самым высокім з траўня 2025 года, калі за месяц было ўражана 138 танкаў РФ.
Істотныя страты расійцы панеслі і ў артылерыі: УСУ «адмінусавалі» 1099 артылерыйскіх сістэм, што адпавядае больш як 60 артылерыйскім дывізіёнам — найвышэйшы паказчык за апошнія пяць месяцаў.
Адзначаецца, што агульная статыстыка страт расійскай арміі ў бронетэхніцы ў студзені 2026 года, як і на працягу 2025 года, ужо не такая маштабная, як у 2023–2024 гадах, калі праціўнік губляў 300–500 бранемашын штомесяц. Прычына — знясіленне запасаў бронетэхнікі і артылерыйскіх сістэм у РФ.
* * *
Уночы 3 лютага на фоне камбінаваных удараў па Украіне расіяне атакавалі Сумы. Як паведаміў мэр Сумаў Арцём Кобзар, зафіксавана трапленне ў шматкватэрныя дамы ў Зарэчным раёне на розных вуліцах і ў цеплавую інфраструктуру. Пацярпелых няма.
Расіяне атакавалі Харкаў дронамі і ракетамі ў ноч на 3 лютага. Атака была накіравана на энергетычныя аб’екты. Абстрэл Харкава працягваўся больш за тры гадзіны, удары прымусілі спусціць ваду з труб, у выніку чаго 820 дамоў засталіся без цяпла. Браварская і Ізюмская грамады Харкаўскай вобласці засталіся без святла. Пацярпелі двое чалавек.
Расія атакавала Кіеў дронамі і ракетамі ўночы 3 лютага. Пашкоджаны некалькі жылых шматпавярховых дамоў, навучальная ўстанова і дзіцячы садок. Папярэдне двое чалавек пацярпелі.
Маніторынгавыя каналы паведамляюць, што ў Кіеве, верагодна, былі атакаваны ЦЭЦ-4 і ЦЭЦ-5, што азначае, што Расія завяршыла «энергетычнае перамір’е», якое так і не пачалося.
Магутныя выбухі адбыліся гэтай ноччу і ў Дняпры. Афіцыйнай інфармацыі пакуль няма, але ў пабліках пісалі, што па горадзе запусцілі як мінімум 15 балістычных ракет.
Паветраная атака працягваецца: раніцай 3 лютага Паветраныя сілы паведамілі пра верагодныя пускі крылатых ракет з расійскіх бамбавікоў Ту-95МС.
* * *
* * *
Савет Бяспекі ААН правядзе 24 лютага пасяджэнне да чацвёртай гадавіны поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну, паведаміў кіраўнік Савету Бяспекі і в.а. сталага прадстаўніка Брытаніі пры ААН Джэймс Карыўкі.
Падчас прэс-брыфінгу, які быў прысвечаны старшынству Вялікабрытаніі, чыноўнік анансаваў, што пытанні Украіны былі адным з прыярытэтаў.
Карыўкі дадаў, што Вялікабрытанія падтрымлівае прэзідэнтаў Украіны і ЗША Уладзіміра Зеленскага і Дональда Трампа ў імкненні дасягнуць справядлівага міру для Украіны. У той жа час ён адзначыў, што РФ працягвае блакаваць мірны працэс.
«Мы падтрымліваем ЗША, нашых еўрапейскіх партнёраў, Украіну ў гэтым. І важна, каб усе, незалежна ад іх адносін з Расіяй, ціснулі на яе, каб яна далучылася да намаганняў па міры. Украіна паказала, што яна з’яўляецца бокам міру, тады як Расія працягвае блакаваць прагрэс і тэрарызаваць Украіну і яе народ», — падкрэсліў старшыня Савета Бяспекі ААН.
Ён адзначыў, што Вялікабрытанія працягне аказваць Украіне эканамічную, фінансавую і ваенную падтрымку, якая неабходна для самаабароны.
«Патрэбны справядлівы мір, які задавольвае ўкраінцаў, і патрэбныя сур’ёзныя гарантыі бяспекі, каб Расія больш не магла нападаць на Украіну ці яе суседзяў», — дадаў ён.
* * *
Амерыканскі лідар Дональд Трамп падчас размовы з журналістамі ў Белым доме паабяцаў добрыя навіны адносна мірнага ўрэгулявання вайны ва Украіне.
«У нас шмат чаго адбываецца... Думаю, у нас вельмі добра ідуць справы ў дачыненні да Украіны і Расіі. Я ўпершыню пра гэта кажу. Ведаеце, я думаю, у нас, магчыма, будуць добрыя навіны», — сказаў кіраўнік Белага дома.
Нагадаем, украінская дэлегацыя накіравалася ў Абу-Дабі на чарговы раўнд перамоў з Расіяй і ЗША па мірным урэгуляванні. Чакаецца, што перамовы адбудуцца 4-5 лютага.
* * *
У Расіі пачаўся сістэмны банкаўскі крызіс, паведаміла выданне The Moscow Times са спасылкай на справаздачу аналітычнага цэнтра ЦМАКП (Цэнтр макраэканамічнага аналізу і кароткатэрміновага прагназавання), які з’яўляецца набліжаным да расійскай улады.
«Банкаўскі крызіс, які раней прадказвала наша сістэма ранняга апавяшчэння, цяпер зафіксаваны згодна з фармальнымі крытэрыямі, а крыху раней… ужо быў зафіксаваны крызіс дрэнных даўгоў», — канстатавалі пракрамлёўскія эканамісты.
Як піша выданне, апераджальны індыкатар фіксуе высокія рызыкі «ўцёкаў укладчыкаў». Пакуль гэты эфект не ўзнікае з прычыны латэнтнага характару крызісу, піша ЦМАКП, але «ў выпадку ўзмацнення крызісных працэсаў яны могуць выйсці на паверхню».
Пад сістэмным банкаўскім крызісам эканамісты разумеюць сітуацыю, пры якой рэалізуецца хаця б адна з умоў:
- доля праблемных актываў банкаўскай сістэмы перавышае 10%;
- кліенты здымаюць з рахункаў і дэпазітаў значную частку сродкаў;
- для прадухілення наступстваў праводзіцца вымушаная рэарганізацыя/нацыяналізацыя значнай часткі (больш за 10%) банкаў або маштабная дакапіталізацыя (у памеры больш за 2% ВУП).
У ЦМАКП сцвярджаюць, што крызіс усё яшчэ «ўмераны па маштабах» — праблемнымі з’яўляюцца крыху больш за 10% сукупных актываў і крэдытнага партфеля банкаў РФ. Тым не менш, эканамісты не адмаўляюць, што па асобных кірунках «глыбіня паражэння» можа быць і большай — па крэдытах малому і сярэдняму бізнесу (МСБ) яна ў сярэднім 19%.
Згодна з данымі Цэнтрабанка РФ на канец кастрычніка, праблемнымі былі афіцыйна прызнаны 11,2% карпаратыўных крэдытаў на 10,4 трлн рублёў і 6,1% рознічных на 2,3 трлн рублёў.