Рада міру замест ААН? Як Board of Peace Трампа мяняе гульню ў міжнароднай палітыцы. Дасье ў карыкатурах
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ініцыяваў стварэнне новай міжнароднай структуры пад назвай Board of Peace, якую некаторыя крытыкі лічаць альтэрнатывай ААН. Ініцыятыва выклікае шырокія дыскусіі ў свеце і на карыкатурах — ад рэальных палітычных амбіцый да сімвала сумневаў у сучасных міжнародных інстытутах.
Першапачаткова структура стваралася для каардынацыі мірных дзеянняў і аднаўлення пасля канфлікту ў сектары Газа. Але многія, у тым ліку карыкатурысты, не паверылі ў перспектыву гэтага праекта. З самага пачатку існавалі тэорыі, што Трамп жадае ператварыць ініцыятыву ў нешта значна больш шырокае, чым проста дапамога пацыфікацыі Газу. Напрыклад, стварыць дарагую курортную зону на месцы Газы.

Так ці інакш, працэс быў запушчаны. У пачатку года з’явіўся спіс тых, каго Трамп бачыць у гэтым органе. Ён выклікаў шмат пытанняў. Нават на Захадзе, як мы бачым на гэтай карыкатуры, здзіўленне выклікала з’яўленне ў спісе запрошаных Аляксандра Лукашэнкі. Зрэшты на гэтым малюнку ён сам у шоку ад таго, што яму цяпер трэба будзе стаць «міратворцам» у Сектары Газы.

Далей — яшчэ весялей. Аказалася, што ў статуце гэтай самай трампаўскай Рады міру наогул не згадваецца Сектар Газа непасрэдна. Гэта разглядаецца многімі як знак таго, што мандат Рады будзе пашыраны і на іншыя рэгіёны канфліктаў. То бок, фактычна Трамп стварае структуру, якую некаторыя крытыкі ўжо называюць альтэрнатывай ААН. На гэта ён сам не раз намякаў, хоць і падкрэслівае, што новая структура будзе працаваць разам з ААН.

Такі сцэнар палохае Брусель і Кіеў. Калі рашэннем канфлікту ва Украіне будуць займацца не традыцыйныя міжнародныя структуры, а падкантрольная Трампу Рада міру, Кіеву, мяркуюць крытыкі, давядзецца пайсці на сур’ёзныя саступкі Пуціну. Тэматычная карыкатура аднаго з брытанскіх выданняў.

Нядзіўна, што многія палітыкі і нацыянальныя лідары спрабуюць дыстанцыявацца ад ініцыятывы. Напрыклад, Францыя заявіла, што не прыме запрашэнне далучыцца. У адказ Дональд Трамп нават пагражаў увесці 200-працэнтныя пошліны на французскае віно і шампанскае. Адмовіўся ад удзелу ў Радзе і прэм’ер Канады, што тут жа праілюстравалі мастакі (гл. карцінку ніжэй). Дарэчы, у некаторых карыкатурах Рада міру атрымлівае іранічную назву «Сусветная рада свіней».

Калектыўны байкот еўрапейскімі палітыкамі можа заблакаваць план Трампа стварыць альтэрнатыву ААН. Але ці прымусіць гэта Трампа адмовіцца ад сваіх напалеонаўскіх амбіцый? Па меркаванні гэтага мастака, у крайнім выпадку Дональд Трамп можа набраць у сваю Раду каго заўгодна, нават самых вядомых зладзеяў. Будзем назіраць.
