Зяленскі гатовы на мірнае пагадненне, але Расія мае намер працягваць вайну

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ў часе яго сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Давосе апошні заявіў пра гатоўнасць да падпісання мірнага пагаднення. Але амерыканскія перамоўшчыкі ў Расіі пачулі, што Пуцін будзе працягваць вайну да вырашэння «тэрытарыяльнага пытання». Ідуць 1430-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

596806803_1209175688062174_1785620573852221147_n.jpg

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 222 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 23 студзеня.

Расія актывізавалася на Пакроўскім кірунку — абаронцы Украіны спынілі 92 штурмы ў раёнах Шахава, Іванаўкі, Дарожнага, Радзінскага, Сухецкага, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Арэхавга, Дачнага.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне 37 разоў спрабаваў ісці наперад у раёнах Салодкага, Варвароўкі, Гуляйполя і ў бок Зялёнага і Дабраполля.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 20 атак у раёнах Прадцечына, Пляшчыеўкі, Іванаполля, Яблонаўкі, Русінага Яру і Сафіеўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім і Аляксандраўскім кірунках зафіксавана па 12 боесутыкненняў на кожным.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 10 разоў каля Мірнага, Дробышава, Калодзежаў, Зарэчнага, Ямпалю.

* * *

Галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі наведаў Пакроўскі кірунак, паведаміў ён у Telegram.

«У Пакроўску і Мірнаградзе Сілы абароны Украіны працягваюць стрымліваць праціўніка, які малымі групамі спрабуе пракрасціся ў паўночныя раёны абодвух гарадоў. У выніку актыўных штурмавых дзеянняў сарвана чарговая спроба ворага захапіць гэтыя населеныя пункты. Прыцягнуты аператыўны рэзерв акупантаў панёс адчувальныя страты», — распавёў Сырскі.

Паводле яго слоў, сітуацыя застаецца складанай. УСУ знішчаюць расійскіх захопнікаў пры выкананні баявых задач у вельмі складаных умовах.

* * *

Расійская армія прасунулася каля Фёдараўкі Данецкай вобласці і Сінельнікава Харкаўскай вобласці, паведамілі аналітыкі DeepState.

* * *

У ноч на 23 студзеня Расія атакавала Украіну 101 ударным БпЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), Гербера і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 76 БпЛА. Атака працягваецца, у паветранай прасторы Украіны фіксуюцца некалькі БпЛА, паведамляюць паветраныя сілы УСУ.

У ноч на 23 студзеня беспілотнікі атакавалі расійскую Пензу. У выніку ўдараў дронамі ўзнік пажар на мясцовай нафтабазе. Пра інцыдэнт паведаміў губернатар вобласці, адзначыўшы, што пацярпелых няма.

* * *

616758971_1242827674696975_6997267740787675081_n.jfif

* * *

Крэмль прыняў дэлегацыю амерыканскіх прадстаўнікоў, сярод якіх былі спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф, Джарэд Кушнер, зяць Дональда Трампа, і камісар Федэральнай службы закупак ЗША Джош Грунбаўм. Сустрэча доўжылася больш за тры з паловай гадзіны і стала першай афіцыйнай падзеяй такога ўзроўню паміж бакамі ў 2026 годзе.

У размовах з амерыканцамі ўдзельнічалі Юрый Ушакоў і Кірыл Дзмітрыеў, а сам Ушакоў ахарактарызаваў перамовы як «канструктыўныя і адкрытыя». Дзмітрыеў, каментуючы сустрэчу, падкрэсліў яе важнасць для далейшага дыялогу паміж Расіяй і ЗША і назваў амерыканскіх прадстаўнікоў «міратворцамі», падкрэсліваючы асаблівы характар «дыскусіі».

Памочнік расійскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна Юрый Ушакоў пасля сустрэчы Пуціна з дэлегацыяй ЗША заявіў, што Расія патрабуе вырашэння «тэрытарыяльнага пытання», а пакуль што працягне вайну.

Ушакоў заявіў, што «без вырашэння тэрытарыяльнага пытання разлічваць на доўгатэрміновае ўрэгуляванне не варта» і што Расія «працягне дабівацца мэтаў "сва", пакуль не ўдасца дасягнуць палітыка-дыпламатычнага ўрэгулявання».

Ён таксама пацвердзіў удзел Расіі ў перамовах у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Паводле яго слоў, перамоўная група ўжо сфарміравана і хутка адправіцца ў Абу-Дабі.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зеленскі, і расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін гатовыя дасягнуць дамоўленасцяў, якія б завяршылі вайну. Пра гэта ён паведаміў журналістам на борце Air Force One, вяртаючыся ў Вашынгтон з Давоса.

Трамп распавёў пра «добрую» сустрэчу з Зеленскім у Швейцарыі, але адзначыў, што папярэднія кантакты паміж бакамі пакуль не прывялі да міру. Для рэалізацыі дамоўленасцяў, паводле слоў Трампа, усе бакі павінны ісці на саступкі. Ён выказаў упэўненасць у зацікаўленасці Кіева і Масквы знайсці кампраміс.

Трамп адзначыў, што Зеленскі паведаміў яму пра гатоўнасць да падпісання адпаведнага пагаднення падчас іх размовы ў Давосе. Амерыканскі прэзідэнт падкрэсліў, што ніякіх новых тэм не падымалі — абмяркоўвалі даўно вядомыя параметры.

«Ён сказаў, што хацеў бы заключыць пагадненне. Уласна кажучы, тут асабліва і дадаць няма чаго. Усе параметры вядомыя. Гэта не так, быццам мы абмяркоўваем штосьці новае — гэтыя пытанні абмяркоўваюць ужо 6-7 месяцаў. Ён прыехаў і сказаў, што хоча дамовіцца», — сказаў Трамп.

* * *

Нарвегія нядаўна паставіла Украіне значную колькасць ракет да сістэм супрацьпаветранай абароны NASAMS, паведаміў нарвежскі ўрад.

«Дзякуючы супрацоўніцтву са Злучанымі Штатамі і іншымі краінамі Нарвегія хутка паставіла Украіне ракеты супрацьпаветранай абароны на крытычным этапе, каб сістэма NASAMS магла працягваць абараняць украінскіх грамадзян ад смяротных паветраных удараў», — заявіў міністр абароны Торэ О. Сандвік.

Пазначана, што сістэмы NASAMS былі прадастаўлены Украіне некаторымі краінамі, сярод якіх ЗША, Канада, Літва і Нарвегія. Сістэма аказалася вельмі эфектыўнай супраць расійскіх ракет.

«У межах праграмы Нансена на 2026 год выдаткавана 85 млрд нарвежскіх крон (на грамадзянскую і ваенную падтрымку Украіны). Мы працягнем падтрымліваць Украіну ў барацьбе, з якой яна сутыкаецца», – заявіў прэм’ер-міністр Ёнас Гар Сцёрэ.