Дональд Трамп скардзіцца і на Украіну, і на РФ: яны «па чарзе» не гатовыя да міру
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп незадаволены і Расіяй, і Украінай, і адклаў падпісанне «плана працвітання» Украіны, якое павінна было адбыцца ў Давосе. Тым часам Украіна больш спадзяецца на еўрапейскіх саюзнікаў, а РФ знясільваецца фінансава. Ідуць 1428-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 110 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 21 студзеня.
На Пакроўскі кірунак выпала траціна штурмаў — 36. Абаронцы Украіны спынілі атакі расіян ў раёнах Радзінскага, Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі, Дачнага.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 14 атак у раёнах Прадцечына, Іванаполля, Плешчыеўкі, Шчарбінаўкі і ў бок Іллінаўкі, Сцяпанаўкі, Берастка, Новапаўлаўкі, Сафіеўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім і Ліманскім кірунках адбылося па 11 боесутыкненняў на кожным.
На Гуляйпольскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі дзевяць атак расіян у раёне Гуляйполя і ў кірунках Дабраполля і Зялёнага.
* * *
Расійскія войскі ноччу 21 студзеня атакавалі Запарожжа. Пашкоджаны прыватныя дамы і гаспадарчыя пабудовы.
Дроны і ракеты атакавалі расійскія гарады Арол і Белгарад. У Белгарадзе ракетны ўдар быў нанесены па ЦЭС «ГП Энергат». Пасля гэтага там пачаўся моцны пажар.
У Арле прагучала больш за 10 выбухаў у розных раёнах. Атака дронаў выклікала частковае адключэнне электра- і водазабеспячэння.
Дроны атакавалі Афіпскі НПЗ у Краснадарскім краі РФ у ноч на 21 студзеня. На прадпрыемстве адбыўся пажар. Падчас атакі ў пасёлку Афіпскі ў жылую шматпавярхоўку трапіла расійская ракета СПА.
Афіпскі нафтаперапрацоўчы завод задзейнічаны ў забеспячэнні палівам расійскіх вайскоўцаў. Гадавы аб’ём перапрацоўкі нафты на ім складае каля 6,25 мільёна тон. Гэта робіць завод адным з ключавых паліўных вузлоў для арміі РФ.
* * *
* * *
Віцэ-прэм'ер Украіны па пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Тарас Качка заявіў, што ЗША і Украіна на працоўным узроўні дасягнулі пагаднення па палітычным дакуменце «плана працвітання» Украіны.
«На працоўным узроўні мы дасягнулі пагаднення па палітычным дакуменце. Але самы вялікі выклік для нас усіх заключаецца ў тым, што гэты дакумент, які мы падпішам, абавяжа нас да сумеснай працы паміж ЕС, ЗША і намі, і гэта будзе тычыцца сапраўды дзясяткаў прававых інструментаў», — сказаў ён.
Таму ён падкрэсліў, што гэта «хутчэй дакумент для планавання, а не завершаны праект».
«Гэта хутчэй набор задач. У ім ёсць раздзел з працоўнымі кірункамі, каля пяці ці сямі розных кірункаў, якія трэба зрабіць, каб усё гэта рэалізаваць», — падагульніў Качка.
Таксама паведамлялася, што падпісанне амерыканскім прэзідэнтам Дональдам Трампам і прэзідэнтам Уладзімірам Зеленскім у Давосе «плана працвітання» Украіны на 800 млрд долараў было адменена.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паскардзіўся на Украіну і РФ, якія па чарзе аказваюцца не гатовыя да завяршэння вайны. «Калі Расія гатовая, Украіна не. Калі Украіна гатовая, Расія не. А яны губляюць 25 тысяч чалавек штомесяц», — сказаў Трамп падчас прэс-канферэнцыі ў Белым доме.
Трамп раней казаў, што сустрэнецца з Уладзімірам Зеленскім у Давосе, і 20 студзеня Трамп пацвердзіў, што плануе правесці сустрэчу з Зеленскім. У той жа час Белы дом пакуль не прызначыў сустрэчу Трампа з Зеленскім на палях ВЭФ.
* * *
Спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф на палях Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе сустрэўся з пасланнікам кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна Кірылам Дзмітрыевым, сцвярджае ТАСС.
У сустрэчы таксама прымаў удзел зяць амерыканскага прэзідэнта Джарэд Кушнер.
Як сцвярджае ТАСС, перамовы Дзмітрыева з прадстаўнікамі Дональда Трампа працягваліся больш за дзве гадзіны. На сустрэчы гаворка ішла пра «план Трампа» па завяршэнні вайны.
Уіткаф, як перадаюць расійскія СМІ, назваў перамовы з прадстаўніком Пуціна «станоўчымі», а Дзмітрыеў заявіў, што сустрэча прайшла «канструктыўна».
Каментароў ад амерыканскага боку наконт гэтай сустрэчы не было.
* * *
Новапрызначаны міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў у размове з нямецкім калегам Борысам Пісторыусам абмеркаваў магчымасць узмацнення супрацьпаветранай абароны Украіны, паведаміў ён у сваіх сацсетках.
«Узмацненне супрацьпаветранай абароны застаецца нашым прыярытэтам, і роля Германіі ў гэтым кірунку з’яўляецца ключавой», — падкрэсліў Фёдараў, адзначыўшы, што перададзеныя Германіяй IRIS-T і Patriot, а таксама яе ўдзел у куплі амерыканскай зброі для Украіны адыгралі ролю ў адбіцці гэтай атакі.
«Абмеркавалі далейшае развіццё праграмы Patriot Украіны і неабходных праектаў для забеспячэння доўгатэрміновых паставак ракет для нашых сістэм Patriot. Паралельна засяродзіліся на развіцці ракеты IRIS-T як адной з цэнтральных на ўзбраенні Украіны і нарошчванні паставак», — распавёў Міхаіл Фёдараў.
Ён адзначыў, што ўнёсак Германіі цяпер складае больш за 30% усіх абвешчаных аб’ёмаў дапамогі Украіне на 2026 год. «Удзячны Германіі за важную сістэмную дапамогу Украіне і асабіста Борысу Пісторыусу за лідарства і паслядоўныя намаганні для ўзмацнення нашай абароны», — адзначыў ён.
* * *
Расійскі ўрад трэці год запар выкарыстоўвае золата з Фонду нацыянальнага дабрабыту як крыніцу экстраннага фінансавання федэральнага бюджэту, банкаўскага сектара, буйных дзяржпраектаў, а таксама вайны супраць Украіны, піша The Moscow Times.
За перыяд з 2022 па 2025 гады аб’ём золата на балансе ФНБ скараціўся на 71%. Калі ў маі 2022 года на рахунках фонду ў Цэнтрабанку РФ знаходзілася амаль 555 тон золата, то на пачатак студзеня бягучага года гэты паказчык упаў да 160,2 тон.
За 2023 год запасы паменшыліся на 196 тон, што складала каля трэці ранейшага аб’ёму. У 2024 годзе распродаж паскорыўся, фонд страціў яшчэ 171 тону, а па выніках мінулага года з рэзерваў дадаткова сышло 19 тон.
Крэмль практычна бесперапынна распродаваў золата на працягу вайны супраць Украіны. Нават золата, фармальна залічанае ў фонд у сярэдзіне года пасля закупак, у асноўным адразу накіроўвалася на пакрыццё бягучых выдаткаў і не затрымлівалася ў рэзервах.
У бюджэце на 2026 год Мінфін РФ першапачаткова не планаваў траціць сродкі ФНБ, разлічваючы захаваць рэшткі рэзерваў, назапашаных за кошт высокіх нафтавых даходаў мінулых гадоў. Аднак сярэдняя цана расійскай нафты ўпала да 39 долараў за барэль замест 59 долараў, закладзеных у бюджэтныя прагнозы. Паводле ацэнак аналітыкаў, пры захаванні бягучых цэн на нафту і курсу рубля ўраду РФ прыйдзецца вылучыць з ФНБ каля 2,5 трлн рублёў, — пры тым, што агульны аб’ём ліквідных актываў ФНБ на пачатак студзеня 2026 года складаў усяго 4,1 трлн рублёў.