Эксперты: Тэмп прасоўвання Расіі ва Украіне саступае нават млявым тэмпам Першай сусветнай
Цэнтр стратэгічных і міжнародных даследаванняў у Вашынгтоне лічыць непрапарцыйнымі страты Расіі ў вайне ва Украіне і тэмпы яе прасоўвання: армія РФ за дзень праходзіць 15-70 метраў. І калі вайна ва Украіне скончыцца — Беларусь можа стаць «суцяшальным прызам» для Расіі. Масква працуе над захаваннем свайго ўплыву без Лукашэнкі. Ідуць 1435-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 105 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 28 студзеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 32 штурмы расіян у раёнах Пакроўску, Радзінскага, Котліна, Удачнага, Маладзецкага і ў бок Філіі, Біліцкага, Грышына.
На Гуляйпольскім кірунку армія РФ 22 разы атакавала каля Салодкага, Гуляйполя, Даражнянкі і ў бок Дабраполля і Зялёнага.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 11 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Клебан-Быка, Шчарбінаўкі, Сафіеўкі і ў бок Сцяпанаўкі, Новапаўлаўкі.
* * *
На Пакроўскім кірунку расійскія войскі працягваюць спробы прасоўвання праз украінскія абарончыя рубяжы, прымяняючы тактыку «прасочвання», паведаміў начальнік штаба 4-га батальёна аператыўнага прызначэння «Сіла свабоды» брыгады «Рубеж» Мікалай «Адэса» Грыцэнка ў эфіры тэлемарафону.
Паводле яго слоў, расіяне рэгулярна спрабуюць накіроўваць невялікія штурмавыя групы, мэтай якіх з’яўляюцца не прамыя баявыя сутыкненні, а схаванае пранікненне і назапашванне ва ўкраінскіх тылах. У далейшым гэтыя групы спрабуюць атакаваць пазіцыі агнявой падтрымкі і падраздзяленні беспілотных сістэм.
«Пастаянна вораг спрабуе прасунуцца праз нашы баявыя парадкі, праходзіць праз нашы рубяжы і рухацца ў глыбіню. Тактыку прасочвання ён не мяняе», — адзначыў Грыцэнка.
У тое ж час ён заўважыў, што нягледзячы на захаванне інтэнсіўнага ціску з боку арміі РФ, падчас штурмавых дзеянняў расійскія войскі сталі прыцягваць менш тэхнікі.
* * *
У выніку атакі РФ у Белагародскай грамадзе Кіеўскай вобласці пашкоджанні атрымаў шматпавярховы жылы дом. Загінулі два чалавекі, яшчэ чатыры чалавекі звярнуліся па медычную дапамогу.
У ноч на 28 студзеня Адэская вобласць і сама Адэса падвергліся атацы ўдарных беспілотнікаў. У Кіеўскім раёне Адэсы беспілотнік трапіў на тэрыторыю праваслаўнага манастыра. Таксама зафіксаваны ўдар па прыватным жылым доме. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма.
Расіяне ўдарылі балістыкай па аб’екце інфраструктуры Крывога Рога, у выніку чаго параненыя два чалавекі.
Поблізу вёскі Языкава Барвенкаўскай тэрытарыяльнай грамады Ізюмскага раёна расійскія войскі атакавалі пасажырскі цягнік паведамленнем «Чоп – Харкаў – Барвенкава». Два трапленні зафіксаваны каля цягніка, яшчэ адно — у вагон. Адбыўся пажар, пяць чалавек загінулі.
* * *
* * *
Страты Украіны ў вайне могуць складаць прыкладна 600 тысяч вайскоўцаў забітымі і параненымі, тады як страты Расіі дасягаюць каля 1,2 мільёна. Агульныя страты абодвух бакоў, уключаючы тых, хто знік без вестак, складаюць каля 1,8 мільёна чалавек і могуць дасягнуць 2 мільёнаў да вясны 2026 года, піша Цэнтр стратэгічных і міжнародных даследаванняў у Вашынгтоне (CSIS).
Як паведамляюць эксперты, дакладныя даныя назваць складана праз празмерную і наўмысную закрытасць інфармацыі абодвух бакоў канфлікту. Згодна з даследаваннем, толькі ў 2025 годзе колькасць расійскіх ваенных ахвяр складала 415 тысяч, што роўна каля 35 тысячам у месяц. У той жа час з пачатку вайны загінулі ад 100 да 140 тысяч украінскіх вайскоўцаў. Таксама ацэньваецца, што сярод паўночнакарэйскіх наймітаў з 15 тысяч адпраўленых КНДР, некалькі соцень маглі загінуць.
Адзначаецца, што інфармацыя заснавана на ацэнках урадаў ЗША і Вялікабрытаніі і дэманструе «млявы прагрэс» расійскіх войскаў на фронце: за суткі армія РФ прасоўваецца ад 15 да 70 метраў. Са студзеня 2024 года Расія акупавала 1,5% тэрыторыі Украіны. У ключавых бітвах гэты тэмп значна саступае нават павольным наступам часоў Першай сусветнай вайны.
CSIS прыводзіць прыклады:
- Часаў Яр — 15 метраў у дзень (10 км за 23 месяцы).
- Купянск — 23 метры ў дзень (9,5 км за 14 месяцаў).
- Пакроўск — 70 метраў у дзень (50 км за 23 месяцы).
* * *
20-пунктавае мірнае пагадненне аб урэгуляванні расійска-украінскай вайны Украіна падпіша са Злучанымі Штатамі, тады як асобны дакумент ЗША павінны заключыць з Расіяй. Пра такі варыянт заключэння міру распавёў кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга ў інтэрв’ю «Еўрапейскай праўдзе».
«Калі казаць пра гэтую 20-пунктавую рамку, то гэта цяпер дакумент двухбаковы, які будуць падпісваць ЗША і Украіна. Ну і з Расіяй — павінны падпісаць ЗША», — сказаў міністр.
Ён адзначыў, што перамовы яшчэ працягваюцца, і канчатковая канфігурацыя дакументаў можа змяняцца.
Адзін з пунктаў мірнага плана тычыцца еўрапейскай інтэграцыі Украіны. Каментуючы гэта, Сібіга падкрэсліў: нават пры адсутнасці подпісу ЕС пад дакументам, ніякіх палажэнняў без узгаднення з еўрапейскімі партнёрамі быць не можа.
Паводле слоў міністра, еўрапейскія партнёры прысутнічаюць у мірным працэсе, у прыватнасці ў абмеркаванні гарантый бяспекі для Украіны. Сібіга падкрэсліў, што ўпершыню гаворка ідзе менавіта пра юрыдычна абавязковыя гарантыі, а не палітычныя дэкларацыі.
У той жа час ідэя ўступлення Украіны ў ЕС у 2027 годзе застаецца дыскусійнай.
* * *
Расія ўзмацняе ўплыў на ўнутрыпалітычныя працэсы ў Беларусі, спрабуючы знізіць рызыкі любых нечаканых змен рэжыму, піша ў сваёй справаздачы латвійскае Бюро па абароне Канстытуцыі (SAB). Там паведамляюць, што Масква ўсё больш жорстка рэагуе нават на абмежаваныя спробы Беларусі праводзіць больш самастойную палітыку, у прыватнасці аднаўляць эканамічныя сувязі з Еўропай, што аўтаматычна памяншае расійскі ўплыў.
Масква імкнецца захаваць поўны кантроль над стратэгічнымі рашэннямі Мінска, каб выключыць адхіленні ад прарасійскай лініі.
Па ацэнках SAB, любая змена ўлады ў Беларусі без узгаднення з Крамлём успрымаецца як патэнцыйная пагроза. Таму Расія спрабуе выбудаваць такую сістэму, пры якой будучы лідар краіны будзе заставацца структурна залежным ад прарасійскага курсу.
Нягледзячы на адсутнасць прамога кантролю над рашэннямі Лукашэнкі, абодва бакі імкнуцца не дапусціць паўтору масавых пратэстаў 2020 года, а Масква будзе блакаваць любыя крокі Мінска да збліжэння з ЕС, калі яны будуць супярэчыць яе інтарэсам.
Эканамічнае ўзаемадзеянне паміж двума рэжымамі ўсё больш набывае ваенны характар, адзначаюць эксперты. Паводле іх даных, каля 500 беларускіх прадпрыемстваў інтэграваныя ў ваенна-прамысловы комплекс РФ, у прыватнасці ў праект па стварэнні завода беспілотнікаў магутнасцю да 100 тысяч адзінак у год. Акрамя таго, Беларусь штогод пастаўляе Расіі каля 480 тысяч артылерыйскіх і ракетных боепрыпасаў.
У SAB адзначаюць, што вайна супраць Украіны паказала: грамадзянская эканоміка Беларусі фактычна працуе на ваенныя патрэбы Масквы, дазваляючы Мінску пазбягаць прамога ўдзелу ў баявых дзеяннях, але атрымліваць эканамічныя дывідэнды, і ў будучыні гэтая роля будзе толькі расці.
* * *
Скарачэнне закупак расійскай нафты Індыяй прывяло да імклівага павелічэння колькасці танкераў, якія прастойваюць каля яе ўзбярэжжа і паблізу Амана ў апошнія тыдні, піша Bloomberg.
Нягледзячы на тое, што колькасць суднаў каля Амана паступова змяншаецца, большасць з тых, якія адплылі, цяпер стаяць на якары бліжэй да індыйскага ўзбярэжжа, а іншыя накіроўваюцца ў Кітай. Толькі аднаму судну ўдалося разгрузіцца.
Агульны аб’ём расійскай нафты, які зараз захоўваецца на танкерах, дасягнуў каля 140 мільёнаў барэляў.
Bloomberg паведамляе, што ў мінулым месяцы пастаўкі расійскай нафты ў порты Індыі рэзка ўпалі да каля 1,2 млн барэляў у дзень — гэта самы нізкі паказчык за апошнія тры гады. У студзені гэты паказчык стаў яшчэ ніжэй — за 25 дзён месяца імпарт складаў у сярэднім 1,12 млн барэляў у дзень. Гэта падзенне супадае з забаронай Еўрасаюза на імпарт нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай нафты — яна набыла моц 21 студзеня.
На фоне санкцый індыйскія нафтаперапрацоўчыя заводы змяняюць стратэгію нафтавых закупак. Яны хочуць адмовіцца ад расійскай сыравіны і павялічыць закупкі з краін Блізкага Усходу і з ЗША.