Святлана Ціханоўская: Пакуль Лукашэнка служыць Расіі, не будзе бяспекі ва Украіне
Пасля сустрэчы Уладзіміра Зяленскага і Святланы Ціханоўскай украінскія СМІ пачалі больш увагі надаваць Беларусі. Украіна абрастае новымі саюзнікамі, паспяхова дзейнічае на фронце і рыхтуецца да ўступлення ў Еўрапейскі саюз. Ідуць 1448-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Пуск ракеты «Іскандэр». Фота з rg.ru
Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 168 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 10 лютага.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 38 штурмаў расіян паблізу Сафіеўкі, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі, Дачнага і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылася 21 атака расійцаў у раёнах Гуляйполя і ў бок Прывольнага, Успенаўкі, Злагоды, Дабраполля, Зялёнагаі іншых.
На Славянскім і Канстанцінаўскім кірунках абаронцы Украіны спынілі па 12 атак расіян на кожным.
На Паўднёва-Слабажанскім і Ліманскім кірунках зафіксавана па пяць боесутыкненняў на кожным.
* * *
Поўнач горада Мірнаград Данецкай вобласці знаходзіцца пад кантролем Сіл абароны Украіны. У той жа час расійцы узмацняюць ціск, а ўкраінскія вайскоўцы робяць усё, каб не дапусціць далейшага іх прасоўвання, паведамляе ў Facebook Групоўка войскаў «Усход».
У справаздачы вайскоўцаў пазначана, што ў Мірнаградзе ўкраінскія падраздзяленні кантралююць паўночную частку горада. «Праціўнік узмацняе ціск на паўночную частку горада, у цэнтры Мірнаграда працягваюцца стралковыя баі», — гаворыцца ў паведамленні.
Таксама адзначаецца, што Сілы абароны праводзяць пошукава-ударныя дзеянні, каб не дапусціць далейшага прасоўвання расіян. У прыватнасці, украінскія вайскоўцы знішчаюць тэхніку, якую расіяне спрабуюць выкарыстоўваць для падтрымкі сваіх штурмавых дзеянняў.
* * *
У ноч на 10 лютага Расія атакавала Украіну 125 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 110 БпЛА. Атака працягваецца, у паветранай прасторы Украіны знаходзяцца іншыя БпЛА, паведамляюць Паветраныя войскі Украіны.
Расіяне ў ноч на 10 лютага нанеслі ўдар па энергетыцы Адэскай вобласці — пацярпеў аб'ект крытычнай інфраструктуры. Таксама ў выніку абстрэлу ўражаны адмінбудынак.
Вядома, што аб'ект энергетыкі, у які ўдарылі расіяне, знаходзіцца на поўдні Адэскай вобласці, аднак не паведамляецца, у якім менавіта раёне ці грамадзе. Праз удар часткова абясточаны населеныя пункты ў трох грамадах вобласці. Аб'екты крытычнай інфраструктуры пераведзены на рэзервовае сілкаванне ад генератараў.
Расійскія войскі ноччу 10 лютага дронамі атакавалі Вальнянск Запарожскай вобласці. Раненні атрымалі дзве жанчыны, мужчына і хлопчык, якому яшчэ не споўнілася і двух гадоў.
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце 9 лютага ў чарговы раз заявіў, што дакументы па гарантыях бяспекі для Украіны цалкам гатовыя.
«Дакументы па гарантыях гатовыя. Бяспецы няма альтэрнатывы. Міру няма альтэрнатывы. Аднаўленню нашай дзяржавы няма альтэрнатывы», — сказаў кіраўнік Украіны.
Зяленскі падкрэсліў, што надзейныя гарантыі бяспекі — гэта адзіная рэальная аснова для таго, каб быў мір і каб расіяне не зламалі дамоўленасці тым ці іншым ударам, той ці іншай сваёй гібрыднай аперацыяй.
* * *
Уступленне Украіны ў Еўрапейскі Саюз закладаюць у будучыя пагадненні аб спыненні вайны. У цяперашні час разглядаюцца розныя варыянты членства, паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы.
Адным з варыянтаў з'яўляецца наданне Украіне абароны, якая суправаджае ўступленне ў ЕС, а таксама неадкладны доступ да некаторых правоў членства ў блоку. Паводле слоў крыніц, Еўрасаюз дасць Украіне ясны графік крокаў, якія ёй неабходна зрабіць для прасоўвання ў межах афіцыйнай працэдуры ўступлення.
Крыніцы таксама распавялі журналістам, што абмяркоўваюцца працяг існуючага шляху ўступлення Украіны ў ЕС або ўвядзенне пераходнага перыяду і паступовае членства ў працэсе.
Прадстаўнік Еўрапейскай камісіі ў размове з журналістамі пацвердзіў, што ўступленне Украіны ў ЕС з'яўляецца часткай абмеркавання будучага мірнага пагаднення.
* * *
Японія мае намер далучыцца да праграмы PURL — ініцыятывы NATO, якая дазваляе пастаўляць Украіне боепрыпасы, тэхніку і іншыя сродкі амерыканскай вытворчасці, паведамляе тэлеканал NHK.
Некалькі прадстаўнікоў NATO сказалі тэлеканалу, што Японія, як чакаецца, ужо ў найбліжэйшы час афіцыйна аб'явіць аб сваім намеры ўнесці ўклад у ініцыятыву. Яны ўдакладнілі, што Токіа выдаткуе сродкі выключна на нелетальную зброю, якая, магчыма, будзе ўключаць радыёлакацыйныя сістэмы і бронекамізэлькі.
«Нават нелетальнае абсталяванне мае важнае значэнне для Украіны», — сказаў адзін з прадстаўнікоў NATO, дадаўшы, што ўдзел Японіі ў ініцыятыве PURL з'яўляецца значным крокам наперад.
* * *
Пакуль няма доказаў таго, што ядзерная зброя ўжо знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. У той жа час яна пастаянна выкарыстоўваецца рэжымам беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі як інструмент ціску і запалохвання, заявіла дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю РБК-Украіна.
«Мы не маем доказаў, што гэтая зброя ўжо ёсць у Беларусі, але яна заўсёды ёсць у рэгіёне. Яны правакуюць і хочуць здавацца мацнейшымі. Яны хочуць, каб Еўропа надавала больш увагі ўласнай бяспецы, а не, напрыклад, дапамозе Украіне», — сказала яна.
Паводле яе слоў, падобныя заявы і дзеянні Мінска з'яўляюцца часткай гібрыднай вайны, яку рэжым Лукашэнкі вядзе разам з Расіяй. «Гэта таксама гібрыдная атака і гібрыдная вайна, і Лукашэнка з'яўляецца саўдзельнікам», — дадала Ціханоўская.
«Таму, калі нехта кажа, што Лукашэнка не вінаваты ці што ён не можа быць настолькі дрэнным, паверце мне, усё дрэннае, што Лукашэнка мог зрабіць Украіне, ён ужо зрабіў і будзе працягваць рабіць», — заявіла яна.
Ціханоўская адзначыла, што адсутнасць наўпроставага ўварвання беларускіх войскаў ва Украіну не з'яўляецца заслугай Лукашэнкі — гэта стала магчымым «дзякуючы беларускай грамадскасці, якая катэгарычна асуджае гэтую вайну».
«Пакуль Лукашэнка служыць Расіі, не будзе бяспекі ва Украіне і для нашых заходніх сяброў», — рэзюмавала Ціханоўская.