The Insider: беларускія сілавікі працуюць у цэнтры палітычных забойстваў у Расіі
З пачаткам вайны ва Украіне ў Расіі быў створаны сакрэтны «Цэнтр 795», які адказвае за ваенныя аперацыі ва Украіне, палітычныя забойствы і выкраданні за мяжой. The Insider сцвярджае, што ў ім служаць былыя афіцэры групы «Альфа» КДБ Беларусі. А ў ЗША Трамп сцвярджае, што дапамога Украіны ў барацьбе з іранскімі беспілотнікамі не патрэбна. Пентагон кажа адваротнае. Ідуць 1480-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Генштаб УСУ
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 153 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 14 сакавіка.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 29 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Мікалаеполля, Сафіеўкі, Новапаўлаўкі і Русінага Яру.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 25 штурмаў расіян у раёнах Тарэцкага, Зацішак, Новаага Шахава, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Мураўкі, Грышына.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 20 атак расійцаў у раёнах Гуляйполя, Залізнічнага, Мірнага, Аленаканстанцінаўкі, Варвароўкі, Зялёнага і Гуляйпольскага.
На Славянскім кірунку УСУ спынілі 12 спроб арміі РФ прасунуцца ў раёнах Закітнага, Платонаўкі, Рэзнікаўкі і Ямпаля.
* * *
У ноч на 14 сакавіка Расія нанесла маштабны камбінаваны ўдар па аб'ектах крытычнай інфраструктуры Украіны з прымяненнем ударных БпЛА, ракет наземнага і марскога базавання. Усяго радыётэхнічнымі войскамі Паветраных Сіл зафіксавана 498 сродкаў паветранага нападу:
- 2 супрацькарабельныя ракеты «Цыркон»
- 13 балістычных ракет Іскандэр-М/С-400
- 25 крылатых ракет «Калібр»
- 24 крылатыя ракеты Х-101
- 4 кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59/69
- 430 ударных БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікаў іншых тыпаў
Асноўны кірунак удару – Кіеўшчына.
Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 460 цэляў — 58 ракет і 402 беспілотнікі розных тыпаў:
- 1 супрацькарабельная ракета «Цыркон»;
- 7 балістычных ракет Іскандэр-М/С-400;
- 25 крылатых ракет «Калібр»;
- 24 крылатыя ракеты Х-101;
- 1 кіраваная авіяцыйная ракета Х-59/69;
- 402 БпЛА розных тыпаў.
У выніку масіраванай атакі на Кіеўскую вобласць загінулі чатыры чалавекі, яшчэ як мінімум 15 атрымалі раненні.
У Харкаўскай вобласці армія РФ у ноч на 14 сакавіка трапила беспілотнікам у прыгарадны цягнік. Пасажыры не пацярпелі, машыніст і памочнік машыніста атрымалі асколачныя раненні.
Расійскія войскі ў ноч на 14 сакавіка атакавалі Запарожскі раён. Пацярпелі чатыры чалавекі, сярод якіх двое дзяцей — дзяўчына і хлопчык 16 і 11 гадоў адпаведна.
У ноч на 14 сакавіка ў выніку атакі беспілотнікаў на Краснадарскі край РФ успыхнуў пажар на Афіпскім нафтаперапрацоўчым заводзе і было пашкоджана судна ў порце «Каўказ».
* * *
* * *
ЗША не маюць патрэбы ў дапамозе Украіны ў абароне ад іранскіх дронаў, заявіў амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп, паведамляе Associated Press.
«Не, нам не патрэбна іх (Украіны) дапамога ў абароне ад беспілотнікаў» — заявіў ён. Паводле слоў Трампа, ваенных магчымасцяў ЗША дастаткова, каб самастойна супрацьстаяць паветраным пагрозам, а «вайна з Іранам хутка скончыцца».
Трамп дадаў, што даведаецца, што вайна з Іранам скончылася, «калі адчуе гэта ў глыбіні душы».
Нагадаем, 5-га сакавіка Украіна атрымала запыт ад ЗША на канкрэтную падтрымку ў абароне ад «Шахедаў» у рэгіёне Блізкага Усходу. Праз некалькі дзён Украіна накіравала дроны-перахопнікі і каманду экспертаў для абароны амерыканскіх ваенных баз у Іарданіі. Пазней высветлілася, што на Блізкі Усход адправіліся тры ўкраінскія каманды для абароны ад «Шахедаў» – у Катар, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і Саудаўскую Аравію.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў журналістам у Парыжы словы лідара ЗША Дональда Трампа, які адхіліў прапанову Украіны дапамагчы забяспечыць абарону ад атак іранскіх дронаў.
Паводле яго слоў, украінскі бок разглядае падобныя заявы як «частку палітычнага працэсу». «Рыторыка — гэта рыторыка. Галоўнае, каб мы ведалі, што мы робім», — сказаў Зяленскі.
Украінскі прэзідэнт таксама выказаў удзячнасць ЗША за магчымасць купляць зброю. «Мы ўдзячныя амерыканцам за тое, што ў нас працягваюцца магчымасці купляць праз праграму PURL. І тое, што мы купляем, там і HIMARS, і ракеты да Patriot», — адзначыў Зяленскі.
* * *
Уладзімір Зяленскі назваў перанос мірных перамоў паміж Украінай, ЗША і Расіяй «Санта-Барбарай». «Там цэлая Санта-Барбара з гэтымі перамовамі з-за вайны на Блізкім Усходзе. Амерыканцы сказалі, што яны гатовыя да сустрэчы, але гатовыя толькі ў Амерыцы. Таму што вайна і сітуацыя з бяспекай ім забараняе выязджаць цяпер з тэрыторыі ЗША», — распавёў кіраўнік Украіны.
Паводле слоў Зяленскага, украінскі бок прапанаваў прыляцець на сустрэчу ў Маямі ці Вашынгтон. Але ляцець у ЗША не захацелі расіяне: яны прапанавалі Турцыю ці Швейцарыю, але ў Вашынгтоне — не ўзгаднілі гэты варыянт.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што яго бок гатовы сустракацца з амерыканцамі і расіянамі ў любой краіне: ЗША, Турцыі, Швейцарыі і нават ААЭ. Але месца правядзення, як адзначыў ён, залежыць выключна ад амерыканскай дэлегацыі. «Яны арганізатары гэтай сустрэчы. Чакаем ад іх», — сказаў украінскі лідар.
Варта адзначыць, што 12 студзеня расійская дэлегацыя была ў Фларыдзе і правяла перамовы са спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам.
* * *
У Расіі ў снежні 2022 года быў створаны звышсакрэтны Цэнтр 795 з элітных сіл ФСБ і ГРУ, які адказвае за ваенныя аперацыі ва Украіне, палітычныя забойствы і выкраданні за мяжой. Пра гэта паведаміла расійскае апазіцыйнае выданне The Insider.
Паводле даных расследавання, структура фармавалася як цалкам аўтаномная для дыверсій, палітычных забойстваў і выкраданняў за мяжой, а таксама аперацый, звязаных з вайной супраць Украіны. Цэнтр базуецца на тэрыторыі парка «Патрыёт» у Кубінцы Маскоўскай вобласці і выкарыстоўвае інфраструктуру канцэрна «Калашнікаў», які ўваходзіць у «Растэх».
Усяго ў Цэнтры 795 служыць каля 500 афіцэраў, якія падзелены на тры ўпраўленні: разведвальнае, штурмавое і баявое забеспячэнне. На ўзбраенні падраздзялення, як сцвярджаецца, знаходзяцца цяжкія сістэмы, уключаючы танкі T-90A і РСЗА «Смерч».
Журналістам удалося ўстанавіць кіраўнікоў і спонсараў цэнтра. Яго кіраўніком, паводле даных выдання, з'яўляецца былы афіцэр «Альфы» ФСБ Дзяніс Фясенка. Да гэтага ён займаў пасаду намесніка гендырэктара «Калашнікава» па спецыяльных праектах і займаўся падраздзяленнем Zala Aero, якое вырабляе беспілотнікі.
Штаб Цэнтра 795, як сцвярджаецца, узначальвае афіцэр па прозвішчы Драздоў, а разведвальнае ўпраўленне — Радкевіч. Журналісты ўстанавілі, што абодва раней служылі ў групе «Альфа» КДБ Беларусі.
Адным з ключавых падраздзяленняў цэнтра лічыцца 12-ы аддзел разведупраўлення, які займаецца агентурнай работай за мяжой. Ім кіруе палкоўнік ГРУ Анатолій Кавалёў, раней звязаны з падраздзяленнем ГРУ в/ч 29155, якое заходнія следчыя органы абвінавачвалі ў дыверсіях і атручванні былога афіцэра ваеннай разведкі Сяргея Скрыпаля.
Адным з аператыўных супрацоўнікаў Цэнтра быў афіцэр Дзяніс Алімаў — былы супрацоўнік стаўрапольскага АМАПа і падраздзялення «Альфа» ФСБ. Паводле даных расследавання, ён займаўся арганізацыяй выкраданняў і забойстваў за мяжой. Алімава арыштавалі 24 лютага 2026 года ў аэрапорце Багаты па запыце ЗША.
Паводле даных The Insider, Цэнтр 795 ужо арганізаваў цэлы шэраг замахаў і дыверсій, якія яшчэ расследуюцца і пра якія выданне «абавязкова раскажа пазней».