Расейскі ўплыў праз прымежжа: як беларускія «казакі» перайшлі пад чужое камандаваньне

У кастрычніку 2011 года ў адным з расейскіх казачых фармаваньняў у Бранскай вобласьці — Старадубскім казачым палку — адбыліся выбары новага атамана. Гэтая нібы нязначная падзея паўплывала на так званае беларускае «казацтва» і распаўсюд расейскага ўплыву значна больш, чым падаецца. Прынамсі, гомельскія «казакі» цяпер ужо як бы і не беларускія.

Расейскія казакі на фоне Нясьвіжскага замку. 2015 год

Расейскія казакі на фоне Нясьвіжскага замку. 2015 год

На згаданыя выбары новага атамана ў Старадубскім палку ў 2011 годзе прыбылі, у тым ліку, казакі з Гомеля. Абраны атаман Аляксандр Ляжнёў паабяцаў прыкладваць высілкі да «братэрскага сяброўства казачых арганізацыяў славянскіх дзяржаваў». Праз тры месяцы, у студзені 2012 года, Аляксандр Ляжнёў паўтарыў гэтую тэзу, заявіўшы, што «казакі вырашылі аб'яднацца з беларусамі і ўкраінцамі», і дадаў, што «Гомельскі полк афіцыйна ўвайшоў у склад Старадубскага казачага палка».

Такім чынам, 2011 год можна лічыць годам пачатку «аперацыі» па ўцягваньні прымежных казачых групаў Беларусі і Ўкраіны ў таксама прымежныя расейскія казачыя структуры. 

Згаданы Ляжнёў займаў пасаду атамана гэтае групоўкі аж да лютага 2023 года. То-бок, практычна ўвесь працэс прыцягваньня беларускіх казакоў да расейскіх адбываўся ў перыяд ягонага атаманства, і не выключана, што менавіта такая задача перад ім была пастаўленая.

У пацьвярджэньне гэтага ў верасьні 2015 года на старонцы расейскае дзяржаўнае ўстановы — Дэпартамента ўнутранае палітыкі Бранскае вобласьці ў навіне, якая тычылася Старадубскага казачага палка, было падкрэсьлена, што «адной зь ягоных найважнейшых задачаў ёсьць аднаўленьне цесных сувязяў з суседзямі-славянамі — Украінай і Беларусьсю».

З боку гомельскіх казакоў публічная заява аб уваходжаньні ў склад Старадубскага казачага палку зьявілася пазьней, чым з расейскага — у кастрычніку 2014 года. Паводле словаў атамана Гомельскае пасольскае сотні і былога атамана Гомельскае акругі РГА «Беларускае казацтва» Сяргея Сянатрава, «далейшае знаходжаньне казакоў Гомельскае акругі ў складзе РГА "Беларускае казатцва" перашкаджае паўнавартаснаму разьвіцьцю абласное структуры».

Апроч казакоў з Гомеля, да Старадубскага палку ў 2014 годзе далучыліся два дзясяткі казакоў зь Менску. Іх зыход з РГА «Беларускае казацтва» ў лютым 2014 года публічна быў увязаны з «прапагандай сіянісцкае нецярпімасьці сярод казакоў». Магчыма, зыход гомельскіх казакоў адбыўся ў тым ліку таксама з гэтае нагоды. Бо на старонцы ў сацсетцы «ОК» аднаго зь іх, Андрэя Воднева, маюцца ня толькі карыкатуры на габрэяў, але і малюнак з выявай адсяканьня карыкатурнаму габрэю галавы сякерай.

Казакі-баявікі. Справа — Андрэй Воднеў. 2022 год

Казакі-баявікі. Справа — Андрэй Воднеў. 2022 год

У жніўні 2014 года казакі Старадубскага палка, у тым ліку тыя, што прыбылі з Гомеля і Менску, сьвяткавалі гадавіну прысягі жыхароў Старадубшчыны на вернасьць маскоўскаму цару. Прысутнічаў там таксама атаман Гомельскае сотні Сяргей Сянатраў.

Пра самога Сяргея Сянатрава вядома няшмат. Сярод казакоў Гомельскае сотні ёсьць чалавек на імя Аляксандр Сянатраў, які, судзячы зь ягонага імені па бацьку, можа быць братам Сяргея. У сваёй аўтабіяграфіі на адной з інтэрнет-старонак Аляксандр Сянатраў піша, што ён нарадзіўся ў сям'і вайскоўца ў Прыморскім крае Расеі. Зь некаторага часу Сяргей Сянатраў — часты госьць мерапрыемстваў «Русскага дома ў Гомелі».

Гомельскія казакі ў горадзе Старадуб Бранскае вобласьці Расеі падчас сьвяткаваньня гадавіны прысягі жыхароў Старадубшчыны на вернасьць маскоўскаму цару. 2014 год

Гомельскія казакі ў горадзе Старадуб Бранскае вобласьці Расеі падчас сьвяткаваньня гадавіны прысягі жыхароў Старадубшчыны на вернасьць маскоўскаму цару. 2014 год

У 2019-м годзе ў навінах ужо дакладна былі названыя групы казакоў з Беларусі, што ўвайшлі ў Старадубскі казачы полк — гэта Гомельская сотня (або «Гомельская казачая акруга») і Менская паўсотня. Аднойчы згадваўся таксама «Мазырскі пластунскі курань», але аніводнага чалавека, які б указваў сваю належнасьць да казачае групы з такой назвай, не знайшлося. 

З прыкладаў дзейнасьці гэтых казачых групаў унутры Беларусі можна прывесьці наступнае. У кастрычніку 2019 года чальцы Гомельскае казачае акругі Старадубскага палка былі сярод арганізатараў спаборніцтваў з назвай «Школа выжываньня "Будзь гатовы!"» для вучняў гомельскіх установаў прафесійнае адукацыі. Аб удзеле сваіх вучняў у гэтых спаборніцтвах пісалі Гомельскі аўтамеханічны каледж і Гомельскі педагагічны каледж.

Што тычыцца Ўкраіны, то прынамсі ў 2015-м і 2019-м гадах на зборышчах старадубскіх казакоў прысутнічалі казакі з гораду Ніжын Чарнігаўскае вобласьці, якія ўваходзілі ў так званы «Саюз казакоў Украіны войска Запароскае». Гэтая арганізацыя была забароненая ў 2023 годзе паводле рашэньня ўкраінскага суда за тэрарыстычную дзейнасьць і кантакты з агрэсарам. Згодна з матар'яламі справы, ўдзельнікі «Саюзу казакоў», чакаючы прыходу расейскіх войскаў, рыхтаваліся стварыць «народную паліцыю» або «казацкую дружыну». Кіраўнік «Саюзу казакоў Украіны войска Запароскае» Аляксандр Панчанка падчас збору ўдзельнікаў гэтае арганізацыі ў лютым 2013 года распавядаў, што ўзімку таго года імі былі арганізаваныя двудзённыя шматпрофільныя спаборніцтвы байцоў казачых спецдружынаў.

Ужо маецца даволі шмат доказаў таго, што расейскае ўварваньне ва Ўкраіну напрыканцы лютага 2014 года рыхтавалася значна загадзя, і існаваньне «казачых спецдружынаў» пад кіраўніцтвам прарасейскага атамана ўкладваецца ў гэтую схему. Зразумела, што для Беларусі схема задзейнічаньня такіх казакоў у расейскіх інтарэсах іншая, чым для Ўкраіны, але няма сумневаў, што яна была і ёсьць. 

Нягледзячы на публічнае спыненьне адносінаў гомельскае і менскае казачых груповак з РГА «Беларускае казацтва», іх дзейнасьць працягвае курыраваць старшыня Сінадальнага аддзела БПЦ (МП) па ўзаемадзеяньні з казацтвам протаіерэй Ігар Карасьцялёў. Ён прысутнічаў на казачых зборах Менскае паўсотні ў кастрычніку 2022 года і Гомельскае сотні ў сьнежні 2022 года, бласлаўляў удзельнікаў і абмяркоўваў зь імі «бягучую сітуацыю». 

Кантакты казакоў з Беларусі з расейскімі не абмяжоўваюцца паездкамі гомельскіх і менскіх удзельнікаў казачых груповак у Бранскую вобласьць. Казакі са Старадубскага палка таксама наведваюць Беларусь, напэўна «абменьваюцца досьведам». Ёсьць сьведчаньні аб такой паездцы ўлетку 2015 года — жыхар горада Клінцы Вадзім Шыбанаў разьмясьціў на сваёй старонцы здымак, дзе ён разам зь іншымі расейскімі казакамі, прынамсі тры з каторых таксама з Клінцоў, пазіруе ў казачай форме на фоне Нясвіжскага замка. Дарэчы, згаданы Шыбанаў працуе інструктарам у клінцоўскім ваенна-спартыўным клубе «Патрыёт».

Гомельскія казакі, ў тым ліку Сяргей Сянатраў, з расейскім сьцягам падчас сьвяткаваньня 9 траўня ў Гомелі. 2025 год

Гомельскія казакі, ў тым ліку Сяргей Сянатраў, з расейскім сьцягам падчас сьвяткаваньня 9 траўня ў Гомелі. 2025 год

Пасьля пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну шэраг чальцоў Старадубскага казачага палка браў і працягвае браць удзел у вайне — гэтым бранскія казачыя арганізацыі нічым не адрозьніваюцца ад іншых казачых арганізацыяў Расеі. Паводле словаў старадубскага атамана, колькасьць ваюючых — прынамсі 30 чалавек, а тры ўжо ліквідаваныя украінскай арміяй.

Паколькі казакі Гомельскае сотні і Менскае паўсотні прызнаюць сваю падпарадкаванасьць кіраўніцтву Старадубскага казачага палка, існуе імавернасьць, што некаторыя зь іх таксама ўжо ваююць на баку Расеі.

Эмблема Старадубскага казачага палка, якую носяць як шаўрон у тым ліку чальцы зь Беларусі

Эмблема Старадубскага казачага палка, якую носяць як шаўрон у тым ліку чальцы зь Беларусі