СМІ: Дональд Трамп разглядае магчымасць выхаду з мірных перамоў па Украіне
Абмежаваўшы Telegram, Расія зноў стрэліла сабе ў нагу і дадаткова пазбавіла сувязі сваё войска. Дональд Трамп думае пра выхад з мірных перамоваў наконт вайны, якую ён абяцаў скончыць за адзін дзень. Украіна гатовая змагацца і далей. Ідуць 1451-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 142 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 13 лютага.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 37 штурмаў расіян паблізу Удачнага, Радзінскага, Шаўчэнка, Котліна, Пакроўску, Маладзецкага, Навапаўлаўкі, Біліцкага, Дачнага і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбыліся 24 атакі ў раёнах Гуляйполя і ў бок Злагоды, Дабраполля, Залізнычнага, Зялёнага, Рыбнага.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 13 разоў атакавалі каля Ахрыміўкі, Графскага, Прыліпак, Ваўчанскіх Хутароў, Ваўчанску і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 12 атак паблізу Канстанцінаўкі, Пляшчэеўкі, Шчарбінаўкі, Ільінаўкі, Русінага Яру і Сафіеўкі.
* * *
Аналітычны праект DeepState паведаміў, што расійскія акупацыйныя войскі прасунуліся каля Часавага Яра Данецкай вобласці.
* * *
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) паказвае, што пачаў атрымліваць паведамленні пра абмежаваныя і лакальныя ўкраінскія контратакі паблізу адміністрацыйнай мяжы Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцей 9 лютага. Расійскія ваенныя блогеры першапачаткова выяўлялі гэтыя контратакі як больш шырокае ўкраінскае «контрнаступленне», але ўкраінскія ваенныя крыніцы і некаторыя расійскія ваенныя блогеры пасля адзначылі, што ўкраінскія контратакі абмежаваныя па маштабе і ахопе. Расійскія ваенныя блогеры працягваюць сцвярджаць, што ўкраінскія сілы праводзяць контратакі на поўнач і паўночны захад ад Гуляйполя, але адзначаюць, што сітуацыя на месцах незразумелая праз пагаршэнне расійскай сувязі на лініі фронту.
Украінскія контратакі ў гэтым раёне, верагодна, з’яўляюцца адказам на спрыяльныя ўмовы на полі бою. Высокапастаўлены прадстаўнік NATO заявіў, што прынамсі частка поспехаў Украіны на ўсходнім Запарожскім кірунку абумоўлена намаганнямі SpaceX па прадухіленні выкарыстання расійскімі войскамі тэрміналаў Starlink.
Расійскі ваенны блогер, звязаны з Крамлём, заявіў, што існуюць «новыя ўскладняючыя фактары» ў пытаннях расійскай сувязі. Верагодна, ён намякае на абмежаванні Расіі на выкарыстанне Telegram з 9 лютага, які расійскія войскі таксама выкарыстоўвалі для сувязі.
Расійскія ваенныя блогеры папярэджвалі, што рашэнне Крамля заблакіраваць Telegram адначасова з абмежаваннямі SpaceX на выкарыстанне расійскага Starlink сур’ёзна паўплывае на расійскую сувязь у кароткатэрміновай перспектыве.
* * *
Украінскія войскі нядаўна прасунуліся ў раёне Баравой і Гуляйполя. Расійскія войскі нядаўна прасунуліся ў паўночнай частцы Харкаўскай вобласці і ў раёне Славянска, канстатуе Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Апублікаваныя 11 лютага відэазапісы з геалакацыяй паказваюць, што расійскія войскі нядаўна нязначна прасунуліся на поўнач ад Зыбіна (паўночны ўсход ад горада Харкава).
Відэазапісы з геалакацыяй ад 12 лютага паказваюць, што ўкраінскія войскі нядаўна нязначна прасунуліся ў паўднёвай Багуслаўцы (на поўнач ад Баравой), і ў кірунку Гуляйполя.
Апублікаваныя 11 лютага відэазапісы з геалакацыяй паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся ў цэнтральную частку Нікіфараўкі (на паўднёвы ўсход ад Славянска).
* * *
Увечары 12 лютага Расія атакавала Адэсу. У выніку атакі зафіксаваны пашкоджанні грамадзянскай інфраструктуры, жылых дамоў і камерцыйных аб’ектаў, у некалькіх раёнах узніклі пажары. Вядома пра 4 пацярпелых, у Адэскім раёне пачаліся значныя перабоі з электрычнасцю, цепла- і водазабеспячэннем.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разглядае магчымасць выхаду з перамоў па ўрэгуляванні канфлікту паміж Украінай і Расіяй, піша The Atlantic.
Як адзначае выданне, рашэнне можа быць прынята ў найбліжэйшыя тыдні, калі ўвага Трампа пераключыцца на перадвыбарчую кампанію ў Кангрэс.
Украінскі бок адчувае скарачэнне часовага акна для дыпламатычных ініцыятыў. У той жа час, паводле інфармацыі крыніцы, Трамп можа палічыць перамовы палітычна нявыгаднымі і перакласці адказнасць за іх зрыў на абодва бакі канфлікту.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што Кіеў дэманстраваў гатоўнасць да кампрамісу. «Украінцы настойліва спрабавалі прадэманстраваць сваю гатоўнасць да кампрамісу. Тактыка, якую мы абралі, заключаецца ў тым, каб амерыканцы не думалі, што мы хочам працягваць вайну», — заявіў ён.
Зяленскі дадаў, што Украіна падтрымлівае любыя ініцыятывы ЗША, якія могуць паскорыць працэс урэгулявання, але ў той жа час захоўвае кантроль над сваёй пазіцыяй і нацыянальнымі інтарэсамі.
* * *
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё можа сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зеленскім на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Пра гэта заявіў сам чыноўнік журналістам перад вылетам у Мюнхен увечары 12 лютага.
Дзяржсакратар, гаворачы пра патэнцыйную сустрэчу з украінскім прэзідэнтам, падкрэсліў неабходнасць завяршэння вайны ва Украіне.
«Я думаю, ён (Зяленскі) там будзе, і будзе магчымасць з ім сустрэцца. Наколькі я разумею, гэта ёсць у маім графіку, упэўнены, што мы сустрэнемся», — сказаў Рубіё.
Ён пракаментаваў цяперашнія расійскія абстрэлы Украіны, назваўшы іх «жахлівымі». «Гэта вайна. Менавіта таму мы хочам, каб вайна скончылася. Людзі пакутуюць. Пакуты — неверагодныя. Менавіта таму войны — гэта дрэнна, і менавіта таму мы ўжо больш за год старанна працуем, каб пакласці канец гэтай вайне», — запэўніў Рубіа.
* * *
Украіна гатовая змагацца з Расіяй далей, калі магчымасці падпісаць добрую здзелку аб заканчэнні вайны не будзе, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю The Atlantic.
Зяленскі ў інтэрв’ю падкрэсліў, што хутчэй наогул адмовіцца ад здзелкі, чым прымусіць свой народ прыняць дрэнную. Таксама прэзідэнт запэўніў, што пасля чатырох гадоў поўнамаштабнай вайны гатовы працягваць барацьбу.
«Украіна не прайграе», — сказаў кіраўнік украінскай дзяржавы, каментуючы сітуацыю на полі бою.
На перамовах Украіна настойвае на тым, каб у межах мірнай здзелкі бакі «засталіся там, дзе стаяць». Расія патрабуе, каб уся Данецкая вобласць перайшла пад яе кантроль, а ўкраінскія войскі цалкам выйшлі з рэгіёна. ЗША прапануюць ідэю ўсталявання на Данбасе свабоднай эканамічнай зоны. Паводле слоў Зеленскага, такую ідэю адхіляе як Украіна, так і Расія.
* * *
Украіна ў найбліжэйшы час атрымае 35 ракет-перахопнікаў да сістэм Patriot: трыццаць ад дзяржаў-членаў Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны і яшчэ пяць — дадаткова ад Германіі. Пра гэта заявіў міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус пасля пасяджэння «Рамштайн» у штаб-кватэры NATO 12 лютага.
«Што тычыцца СПА, я вырашыў спантанна прапанаваць у канцы нашай сесіі, што Германія перадасць Украіне пяць дадатковых ракет-перахапляльнікаў PAC-3, калі іншыя краіны-партнёры сукупна перададуць 30 адзінак PAC-3. Мы ўсе ведаем, што гаворка ідзе пра выратаванне жыццяў», — заявіў Пісторыус.
«Гэта пытанне дзён, а не тыдняў ці месяцаў. Таму магу сказаць вам, што мы на правільным шляху», — дадаў ён.