Украіна лічыць, што да лета можна спыніць баявыя дзеянні, калі да гэтага змусяць Расію

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна і Расія ўжо да лета могуць усталяваць рэжым спынення агню. Але для гэтага неабходна, каб ЗША націснулі на РФ. З-за вялікіх страт на фронце РФ перадае ў войска Расгвардыю, а ЗША ціснуць на Пуціна праз непрыемнасці яго саюзнікам. Ідуць 1450-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

501134487_1054963346816743_2837395749994254992_n.jpg

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 124 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 12 лютага.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 22 штурмы расіян у раёнах Радзінскага, Пакроўску, Грышына, Котліна, Маладзецкага, Філія і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 15 атак расіян у раёнах Гуляйполя, Дабраполля, Даражнянкі і ў бок Залізнычнага, Цвітковага.

На Славянскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 12 атак расіян у бок Закітнага, Рай-Аляксандраўкі, Платонаўкі і ў раёне Дронаўкі.

На Ліманскім кірунку расійцы правялі 10 атак у раёнах Дробышава, Цвердахлебава і ў бок Лімана, Ставак.

На Паўднёва-Слабажанскім і Канстанцінаўскім кірунках зафіксавана па дзевяць боесутыкненняў на кожным.

* * *

У Расіі зменена сістэма кіравання сілавым блокам: падпісаны ўказ, які перадае Расгвардыю ў падпарадкаванне Генеральнаму штабу, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Рашэнне прадугледжвае, што Генштаб будзе арганізоўваць камандаванне і прымяненне падраздзяленняў Расгвардыі як у мірны, так і ў ваенны час, удзельнічаць у распрацоўцы планаў іх развіцця і забяспечваць баявую і мабілізацыйную гатоўнасць. Таксама Генеральны штаб атрымлівае паўнамоцтвы ў сферы падрыхтоўкі, разведкі, баявога забеспячэння і стварэння сістэм кіравання для Расгвардыі.

Раней паведамлялася, што Савет бяспекі РФ разглядае варыянт ліквідацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з наступным уключэннем часткі яго супрацоўнікаў у структуру Расгвардыі. Паводле крыніц, у склад могуць быць пераведзены да 50 тысяч супрацоўнікаў ратавальнага корпуса, а таксама сапёры і іншыя спецыялісты.

Аналітыкі адзначаюць, што падпарадкаванне Расгвардыі Генштабу працягвае курс на цэнтралізацыю ўсіх узброеных фарміраванняў пад кіраўніцтвам Міністэрства абароны. Таксама адзначаецца, што Пуцін сутыкнуўся з тым, што імклівы рост страт расійскай арміі ў вайне супраць Украіны ўсё сур'ёзней падрывае рэалізацыю наступальных задум Крамля.

* * *

У студзені страты расійскіх войскаў ва Украіне перавысілі магчымасці Крамля па папаўненні асабовага складу на 9 тысяч чалавек, піша Bloomberg са спасылкай на заходнія крыніцы. У снежні колькасць загінулых расіян вырасла да 35 тысяч чалавек, што прыкладна ўдвая перавышае сярэднямесячны паказчык 2025 года, разлічаны NATO.

Раней міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў акрэсліў стратэгію, якая прадугледжвае павелічэнне расійскіх страт да 50 тысяч чалавек у месяц. У Кіеве лічаць, што такі ўзровень страт зробіць немагчымым папаўненне войскаў без аб'яўлення Пуціным новай хвалі адкрытай мабілізацыі.

Заходнія крыніцы адзначаюць, што ў снежні расійскія страты былі прыкладна рроўнымі колькасці навабранцаў, якіх Маскве ўдавалася прыцягваць штомесяц. Аднак дэфіцыт, зафіксаваны ў студзені, паказвае на тое, што ўкраінская стратэгія знясілення дае вынікі.

* * *

Увечары 11 лютага Расія нанесла ўдар па краме ў горадзе Барвенкава Харкаўскай вобласці. Вядома пра сем траўміраваных грамадзян.

У выніку начной атакі на Дняпро ў ноч на 12 лютага пашкоджаны прыватныя дамы і аўтамабілі. Раненні атрымалі чатыры чалавекі, сярод іх двое дзяцей — немаўля, якому не споўнілася і месяца, і 4-гадовая дзяўчынка.

У ноч на 12 лютага расійская армія нанесла ўдары па Кіеве балістычнымі ракетамі і БпЛА. Наступствы ўдакладняюцца, папярэдне пацярпелі два чалавекі.

Таксама Расія здзейсніла масіраваную атаку дронамі на Адэсу і раён. Пашкоджана жылая інфраструктура, у двух раёнах горада знікла святло. Папярэдне ёсць адзін пацярпелы.

У ноч на чацвер, 12 лютага, расійскі завод абаронна-прамысловага комплексу «Прагрэс», размешчаны ў Мічурынску Тамбоўскай вобласці, стаў мэтай для ўдару дронамі. Яго прадукцыя выкарыстоўваецца ў самалётах, верталётах і ракетных комплексах.

Паведамляюць, што, адбіваючы атаку, расійская СПА трапіла ў мясцовае вучылішча Мічурынска.

Таксама Бранская вобласць Расіі падверглася масіраванай атацы беспілотнікамі. Пішуць, што ў Бранску траплянне адбылося ў падстанцыю або ЦЭЦ, што выклікала праблемы з электразабеспячэннем.

У ноч на 12 лютага быў нанесены ўдар па арсенале галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення расійскай арміі ў Валгаградскай вобласці. У выніку адбыўся маштабны пажар і дэтанацыя, што вымусіла ўлады арганізаваць эвакуацыю мясцовых жыхароў. Пажар доўжыцца да гэтага часу.

Згодна з расійскімі крыніцамі, мэтай атакі стаў арсенал захоўвання і мадэрнізацыі ракетна-артылерыйскага ўзбраення паблізу пасёлка Катлубань.

* * *

631300594_1259722299674179_8374797137606042485_n.jfif

* * *

Адміністрацыя ЗША актывізуе меры ціску на саюзнікаў Расіі, такіх як Іран і Венесуэла, каб абмежаваць магчымасці Крамля весці вайну супраць Украіны, піша Fox News.

ЗША прымяняюць стратэгію ўплыву не толькі наўпрост на Маскву, але і праз краіны-партнёры Крамля. Іран, Венесуэла і іншыя саюзнікі забяспечваюць Расію рэсурсамі і абыходзяць міжнародныя санкцыі, падтрымліваючы ваенныя намаганні Масквы. Эксперты адзначаюць, што ўдары па лагістычных ланцугах гэтых краін ужо аслабляюць здольнасць Расіі працягваць агрэсію.

Былы саветнік спецпасланніка ЗША ва Украіне Морган Мерфі заявіў, што Вашынгтон «прыбраў Венесуэлу з шахматнай дошкі», і цяпер засяроджаны на абмежаванні ўплыву Ірана, які пастаўляе Маскве ўдарныя беспілотнікі і іншую ваенную падтрымку.

Генерал ВПС ЗША ў адстаўцы Брус Карлсан падкрэсліў, што атакі на пасрэднікаў з'яўляюцца ключавым элементам стратэгіі. Паводле яго слоў, Венесуэла, Іран і так званы «ценявы флот» забяспечваюць Расію рэсурсамі для вайны, а ўдары па гэтых каналах зніжаюць эканамічныя магчымасці Крамля і ўскладняюць ход баявых дзеянняў.

* * *

Расійская Федэрацыя змагла працягваць поўнамаштабную вайну супраць Украіны ў многім дзякуючы маштабнай падтрымцы з боку Кітая, піша Clash Report.

Былы кіраўнік брытанскай разведкі MI6 Рычард Мур заявіў, што менавіта Пекін забяспечыў Маскве найбольш істотную падтрымку ў ходзе вайны. Паводле яго слоў, унёсак Кітая значна перавышае дапамогу з боку Ірана або Паўночнай Карэі, хоць менавіта гэтыя краіны часцей згадваюцца ў медыя з-за паставак узбраення і асабовага складу.

«Я абсалютна ўпэўнены, што Пуцін бы ўжо прайграў, калі б не падтрымка Кітая, якую ён атрымаў. Так што ў загалоўкі газет часта трапляе тое, што паўночнакарэйцы далі яму прыкладна 12 тысяч ваеннаслужачых для бітвы пад Курскам, або пра тое, што іранцы далі яму тэхналогію беспілотнікаў», — заявіў Рычард Мур.

Эксперт адзначыў, што пры ўсёй увазе да паставак з Ірана і ўдзелу паўночнакарэйскіх ваенных, менавіта падтрымка Кітая застаецца сістэмаўтваральным элементам, які дазваляе Маскве працягваць агрэсію супраць Украіны.

* * *

Украіна і Расія ўжо да лета могуць усталяваць рэжым спынення агню. Але для гэтага неабходна, каб ЗША націснулі на РФ, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, адказваючы на пытанні журналістаў.

«Ці рэальна завяршыць баявыя дзеянні да лета — залежыць не толькі ад Украіны, залежыць ад Амерыкі, якая павінна ціснуць на РФ. Калі будзе жаданне не толькі з украінскага боку, але і з боку агрэсара, то ў нас атрымаецца скончыць баявыя дзеянні да лета», — лічыць Зяленскі.

Ён дадаў, што спыненню агню павінны папярэднічаць такія этапы, як:

  • падпісанне дакумента аб гарантыях бяспекі для Украіны з ЗША;
  • падпісанне «плана працвітання» Украіны, ад якога залежыць пасляваеннае аднаўленне краіны. для гэтага неабходны ўдзел як амерыканцаў, так і еўрапейцаў;
  • узгадненне 20-пунктнага мірнага плана, асабліва пытанне далейшага лёсу Данецкай вобласці; 
  • вынас мірнага плана на рэферэндум.

«Я думаю, што ўсё гэта можна паспець да лета», — адзначыў прэзідэнт Украіны.