Зяленскі: Украіна не прайграе, Расія не перамагае
Раней, дзякуючы Украіне, рассыпаўся міф пра расійскае войска як пра «другую армію свету». А цяпер можа рассыпацца міф як пра моцную эканоміку, якая здольная вытрымаць працяглую вайну. Падаецца, Пуцін, пачаўшы «СВА», значна перабольшыў свае сілы. Ідуць 1452-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 218 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 14 лютага.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 56 штурмаў расіян ў раёнах Радзінскага, Роўнага, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Іванаўкі, Філіі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 35 атак у раёнах Гуляйполя, Загорнага, Даражнянкі і ў бок Залізнычнага, Стараўкраінкі.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 18 атак паблізу Клебан-Быка, Пляшчэеўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі і ў іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне правялі 17 атак у раёнах Грэкаўкі, Карпаўкі, Сярэдняга, Дзерылава, Зарэчнага, Дробышава і ў бок Стаўкоў.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ 15 разоў спрабавала прарваць абарону УСУ ў раёнах Прыліпак, Старыцы, Ваўчанскіх Хутароў, Ваўчанску, Ліману і іншых.
На Славянскім кірунку УСУ спынілі 11 спроб расіян прасунуцца каля Платонаўкі, Закітнага і ў бок Рай-Аляксандраўкі, Азёрнага.
* * *
Расія губляе за адзін кіламетр акупаванай украінскай тэрыторыі амаль дзве сотні ваенных загінулымі і цяжка параненымі, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю часопісу The Atlantic.
Ён падкрэсліў, што Украіна не прайграе, і адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа гэта зразумела.
«У пэўным сэнсе гэта магло іх здзівіць, таму што расійская прапаганда таксама працуе непасрэдна на іх. Нядаўна мы падлічылі, што адзін кіламетр акупаванай украінскай зямлі каштуе ім 170 ахвяр», — сказаў Зеленскі.
Ён удакладніў, што гаворка ідзе пра загінулых і цяжка параненых ваенных РФ, якія ўжо не вяртаюцца на поле бою. Зяленскі падкрэсліў, што Украіна мае адпаведныя доказы.
«Сказаць, што за апошнія шэсць месяцаў яны недзе перамагаюць? Не», — рэзюмаваў Зяленскі.
* * *
У Вышгарадскім раёне Кіеўскай вобласці ў выніку расійскай атакі пацярпелі два чалавекі. Мужчына атрымаў множныя аскепкавыя раненні, жанчына — закрыты пералом. Абодвух пацярпелых шпіталізавалі ў мясцовую бальніцу.
У Адэсе з-за расійскай атакі адбыўся пажар у аднапавярховым жылым доме, загінула жанчына.
* * *

* * *
Пасланцы прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер у наступны аўторак правядуць адразу два раўнды перамоў — па Украіне і Іране, паведамляе Reuters. Пасля сустрэчы па Іране Уіткаф і Кушнер прымуць удзел у трохбаковых перамовах з прадстаўнікамі Расіі і Украіны.
Наступны раўнд перамоў Украіны, ЗША і РФ адбудзецца 17-18 лютага ў швейцарскай Жэневе. Гэтым разам расійскую дэлегацыю ўзначаліць памочнік расійскага кіраўніка Уладзімір Мядзінскі. Пазней сакратар СНБА Рустэм Умераў пацвердзіў гэту інфармацыю.
* * *
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Еўропа павінна ўдзельнічаць у мірных перамовах, паколькі яна «плаціць за вайну». Пра гэта ён сказаў на палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, паведамляе Bloomberg.
«Гэта становіцца крыху дзіўным. Мы плаціць за вайну і нават не заўсёды маем поўную інфармацыю», — адзначыў Сікорскі ў інтэрв'ю Bloomberg TV.
Ён адзначыў, што Еўропа выдаткавала больш за 200 мільярдаў еўра і паабяцала яшчэ 90 мільярдаў еўра, чаго павінна хапіць на абарону Украіны яшчэ на два гады. Ён заявіў, што ЗША фактычна зарабляюць на гэтай вайне, таму што Украіна купляе зброю амерыканскай вытворчасці, у той час як Еўропа выдаткоўвае рэальныя грошы.
«Гэта дае нам права голасу адносна дамоўленасцей і вынікаў», — падкрэсліў Сікорскі.
У той жа час ён абверг сцвярджэнні Пуціна аб тым, што перамога яго сіл ва Украіне непазбежная. Паводле слоў Сікорскага, Масква вычэрпвае рэсурсы і прадала частку залатога запасу, каб падтрымліваць сваю ваенную эканоміку.
Раней паведамлялася, што Польшча рыхтуе 48-ы пакет ваеннай дапамогі для Украіны коштам каля 50 млн еўра. Ён у асноўным будзе ўтрымліваць бранятэхніку для патрэб УСУ.
* * *
Міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус у інтэрв'ю NTV заявіў, што ў Расіі вычэрпваюцца рэсурсы, і яна не зможа падтрымліваць вайну супраць Украіны яшчэ працяглы час.
«Было б вельмі дзіўным, каб Расія змагла падтрымліваць гэта яшчэ вельмі, вельмі доўга», — сказаў Пісторыус.
Ён таксама адзначыў, што неабходна выключыць фінансаванне ваеннай машыны Крамля. Для гэтага трэба спыніць прыток грошай у РФ ад энерганосьбітаў.
«Мы павінны як мага хутчэй, канчаткова і поўнасцю спыніць прыток грошай ад продажу газу і нафты, таму што гэта крыніца фінансавання гэтай жахлівай вайны, грашовыя сродкі, якія патрэбныя Расіі», — адзначыў міністр абароны ФРГ.
* * *
Пасол ЗША пры NATO Мэцью Уітакер заявіў, што Пекін мог бы пакласці канец вайне адным званком. Кітай аказвае вырашальную падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне, сказаў ён Bloomberg.
«Кітай можа патэлефанаваць Уладзіміру Пуціну і заўтра пакласці канец гэтай вайне, а таксама спыніць продаж тэхналогій двайнога прызначэння», — заявіў Уітакер, і дадаў, што Пекін мог бы спыніць закупку расійскай нафты і газу.
«Вы ведаеце, гэта вайна поўнасцю магчымая дзякуючы Кітаю», — дадаў ён.
Як піша Bloomberg, з пачатку вайны Кітай і Расія наладзілі яшчэ больш цесныя партнёрскія адносіны, і Расія спадзяецца на Кітай у пытаннях паставак крытычна важных дэталяў і кампанентаў для дронаў і іншага ваеннага абсталявання. Кітай таксама стаў найбуйнейшым пакупніком расійскай сырой нафты, нягледзячы на ўзмацненне міжнароднага ціску на крытычна важную для Масквы гандаль нафтай.
У студзені ў кітайскіх партах было выгружана 1,65 мільёна барэляў расійскай нафты ў суткі. Гэта самы вялікі паказчык з сакавіка 2024 года і другі па велічыні месячны паказчык з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Масквы ва Украіну ў 2022 годзе.