Топ-10 лепшых фільмаў на Оскары-2026. Шчырая крытыка
У ноч на панядзелак у сонечным Лос-Анджэлесе адбудзецца чарговая цырымонія ўзнагорджваньня пераможцаў самай знакамітай і ўплывовай кінапрэміі ў сьвеце. У намінацыі «Лепшы фільм» былі вылучаныя 10 стужак, якія мы ўважліва праглядзелі з задавальненьнем (і без). Паспрабавалі сумленна і шчыра раставіць іх па месцах – ад найгоршага да найлепшага фільма.

Кадр з аднаго з фільмаў на Оскары — 2026
Што было ў гэтым годзе, перадаем на ваш суд.
Агляд «Оскара-2023» глядзіце тут.
Агляд «Оскара-2024» глядзіце тут.
Агляд «Оскара-2025» глядзіце тут.
Нумар 10. Сэнтымэнтальная каштоўнасьць (Affeksjonsverdi). 2025

Пачнем агляд з найгоршага прадстаўніка ў намінацыі «Лепшы фільм» года. Ёакім Трыер, далёкі сваяк знакаміта-скандальнага рэжысэра Ларса фон Трыера, паставіў стужку, якую, у сваю чаргу, скандальнай не назавеш. Адразу ў дужках варта пазначыць, што цудоўны Стэлан Скарсгард у галоўнай ролі выглядае ўпэўнена, і, як заўжды, трымае фільм на сваіх мужных скандынаўскіх плячох.
Але што наконт уласна самой стужкі? На мой погляд, яе шырокі паказ варта было абмяжаваць сябрамі і знаёмымі здымачнай групы, ці выставіць на конкурс малавядомага кінафэсту ў Осла ці Капэнгагене. У стужцы Трыер спрабуе паказаць няпростыя сямейныя адносіны, і навобмацак дакрануцца да дэталяў, якія могуць стаць аб'яднальным матэрыялам паміж бацькам і яго дзецьмі, паміж памяцьцю і рэчаіснасьцю.
Але паміж кадрамі, дзе ўжо даўно сьпісаны ў архіў, калісьці знакаміты кінадзеяч, прагне зрабіць апошняе намаганьне, каб зблізіцца з дочкамі, мы раптоўна становімся сьведкамі няёмкай рэтраспэктывы з часоў Другой сусьветнай. У ёй немцы забіраюць на вачах дзіця маленькага брата, і той зьнікае ў тумане невядомасьці. Галоўны герой фільма прыгадвае складаныя моманты жыцьця сваёй матулі, пераносіць іх на сёньняшні час, і намагаецца выправіць сваю адсутнасьць у сталеньні дзяцей.
Але паверыць у тое, што адбываецца на экране, даволі складана. Зьяўленьне і зьнікненьне гераіні Эль Фанінг, якая, відаць, павінна была замяніць няўдахе-бацьку яго дочак, прайшло як чарговы неабавязковы элемент гэтага кіно.
Нумар 9. Франкэнштэйн (Frankenstein). 2025

Рэжысэр Гільермэ дэль Тора мае безьліч прыхільнікаў ва ўсім сьвеце, і стварае прыгожы малюнак. Якасныя, прафэсійныя кадры, за якімі, на жаль, часта губляецца які-небудзь сэнс. Шматкроць экранізаваная гісторыя пра істоту, створаную з частак целаў іншых памерлых людзей, патрабавала пэўнай мужнасьці, каб зноў паказаць яе на шырокіх экранах.
Дэль Тора прыдумаў (ці, хутчэй, паўтарыў) кінематаграфічны ход, калі гісторыя паказваецца з пункту гледжаньня розных дзеячых асобаў. Задума цікавая, але яна не змагла схаваць банальнасьць сюжэту. У стужцы хапае экшэну і адарваных частак цела, забітых і параненых, ёсьць нават непраўдападобная гісторыя каханьня, накшталт «Прыгажуні і Пачвары», ёсьць і нібы трагічная лінія прафэсара Франкэнштэйна ў выкананьні Оскара Айзэка. Але ўсё разам выглядае як падрыхтоўка да сапраўднага мастацтва, як дэкарацыі да чагосьці, што так і не было створана.
Паставіць дома на фоне, калі рыхтуешся прымаць гасьцей – будзе ня кепска, але ўбачыць гэты твор сярод дзесяці абраных за год на «Оскары» - выглядае вельмі нават сумнеўным. Стужка хутчэй за ўсё спадабаецца тым, хто любіць рэжысэра. Але я рэкамэндую паглядзець іншую экранізацыю пра пачвару, зьнятую ў 1994 годзе Кенэтам Брана, з Робэртам Дэ Ніра ў галоўнай ролі. Адчуйце розьніцу, як кажуць.
Нумар 8. Бугонія (Bugonia). 2025

Галоўны парушальнік стандартаў і стваральнік экспрэсіўнага сучаснага кіно грэк Ёргас Ланцімос зьняў гэтым разам самы слабы свой фільм за апошнія гады. Зрэшты, будзе цікава паглядзець наступную працу рэжысэра, каб пераканацца ў тым, ці быў гэты фільм комам, ці маем справу з тэндэнцыяй.
«Бугонія», у якой чарговы раз зьяўляецца муза Ланцімоса Эма Стоўн у галоўнай ролі, стварае ўражаньне самапаўтору і пэўнага крызісу ў прыёмах аўтара. Акторская гульня не выклікае ніякіх пытаньняў, асабліва ўдала выглядае Джэсі Племанс у ролі звычайнага амэрыканца, які паверыў у адну з тэорыяў змовы, і спрабуе выкрыць іншаплянэтных істотаў, якія захапілі кіроўныя пазыцыі на Зямлі.
Ахвярай становіцца гераіня Эмы Стоўн, якая ўзначальвае магутную кампанію. Яе захопліваюць і трымаюць зьвязанай у сутарэньнях з тым, каб яна перадала «таемным чынам і таемным шыфрам» пасланьне іншаплянэтнаму імпэратару. Усё робіцца, на думку яе выкрадальнікаў, з мэтай абароны Зямлі і чалавецтва ад татальнага зьнішчэньня.
Гледачы бачаць і апантанага сваімі дзіўнымі ідэямі героя, яго памагатага з вельмі абмежаванымі інтэлектуальнымі здольнасьцямі, а таксама «прывід капіталізму» і «забойцы экалёгіі» ў выглядзе Эмы Стоўн. Ёргас Ланцімос спрабуе высьмяяць нашую рэчаіснасьць, але падчас прагляду ўсё ж не пакідае думка, што ўсё гэта мы ўжо бачылі і ў яго, і ў іншых аўтараў.
Нумар 7. Таемны агент (O Agente Secreto). 2025

Другі запар бразыльскі фільм у галоўнай намінацыі на «Оскар». Калі леташняя стужка «Я ўсё яшчэ тут» была фільмам, якога патрабуе Беларусь ужо сёньня. Тая гісторыя, заснаваная на рэальных падзеях, пра краіну, назва якой пачынаецца на «Б». У гэтай краіне пануе крывавая дыктатура, людзей арыштоўваць сотнямі, некаторыя зьнікаюць назаўжды.
Новы фільм, нібы працягвае храналёгію папярэдняга, але без уцямнага пазыцыянаваньня. Рэжысэр Клебэр Мэндоса Філью паказаў зьбітага з панталыку мужчыну, у выкананьні Вагнэра Моўры, які доўгі экранны час знаходзіцца ў пошуках чагосьці і кагосьці, і падчас гэтага становіцца сьведкам шэрагу падзеяў.
Але чарговыя карупцыйныя паліцэйскія падаюцца адзін-у-адзін падобнымі да сваіх калегаў у, бадай што, любой краіне. Стужка, відаць, добра кладзецца на гістарычную памяць бразыльцаў, калі раз за разам апэратар выхоплівае тыя цііншыя партрэты на сьценах дзяржаўных установах, але для большасьці гледачоў яны застаюцца невядомымі.
Найлепшую ролю выканала акторка ў вельмі паважным узросьце, якая кожнай фразай прымушала сачыць за яе гераіняй.
Доўгая перадгісторыя прадказальна сканчваецца трагічна ў фінале, але ў выніку можна адчуць сябе падманутым ад звышчаканьняў.
Нумар 6. Грэшнікі (Sinners). 2025

Неймаверным чынам гэтая стужка паставіла сусьветны рэкорд усіх часоў і народаў па колькасьці намінацыяў на «Оскары». Агулам 16 статуэтак можа атрымаць камедыйны хорар фільм пра вампіраў. Усё б і нічога, калі б куды значна цікавейшы «Ад Захаду да Росквіту» тры дзясяткі гадоў таму меў хаця б каліва ад гэтага россыпу патэнцыйных узнагародаў.
У стужцы, якая адсылае ў далёкія змрочныя часы 1930-х гадоў у Амэрыцы, чорная супольнасьць вырашае адчыніць «толькі для сваіх» джаз-клюб з танцамі, віскі і ўсім тым, што ўваходзіць у камплект. Рэжысэр Раян Куглер стварыў герояў фільма людзьмі з такімі рысамі характару, што існаваньне іншых, асобаў з каштоўнасьцямі, з верай у сьветлае, звычайных, не сапсаваных людзей нібы выключана.
Занадта «ў лоб» прысутныя маналёгі пра зьдзекі над чорным насельніцтвам выглядаюць штучна ўклеенымі. Падаецца, існуе безьліч мастацкіх прыёмаў, калі мова пра грамадзкія праблемы можа весьціся больш тонка. Рэжысэр жа ўключыў рэжым «молатам па курыных яйках». На жаль.
Фільм мог бы добра ўвайсьці ў залатую калекцыю баевікоў у 90-х, але той факт, што стужка мае шанцы на оскараўскі трыюмф, выклікае шчырае зьдзіўленьне.
Нумар 5. Марці Найвялікшы (Marty Supreme). 2025

Праца Джозэфа Сэфдзі пра гульца ў настольны тэніс, у выкананьні Цімаці Шаламэ, задумвалася як палымяны памфлет па «амэрыканскай мары». На колькі пасьпяхова гэта атрымалася? Вялікае пытаньне. Увесь экранны час галоўны герой ідзе на чарговыя і чарговыя маральна спрэчныя ўчынкі, і ўсё дзеля таго, каб атрымаць магчымасьць зьдзейсьніць нешта вялікае, як яму падаецца, а менавіта перамагчы на сусьветных спаборніцтвах па настольным тэнісе.
Ён не спыняецца ні перад крадзяжом у сваёй, нібы каханай, жанчыны і чужой жонкі, ён адмаўляецца ад бацькоўства ў адносінах з іншай чужой жонкай, ён падстаўляе сяброў і эгаістычна ідзе наперад.
Як быццам бы ашаламляльным мусіў выглядаць эпізод, у якім буйны магнат бье пасам па мяккім месцы галоўнага героя, які прыйшоў прыніжаны прасіць яго фінанасавай дапамогі. Але насамрэч гэта выклікае адчуваньне сораму за тое, што стваральнікі фільма паказваюць гледачам. Цімаці Шаламэ, што праўда, у працэсе падрыхтоўкі да здымкаў, вельмі няблага навучыўся гуляць у тэніс, але сама стужка ў выніку ад гэтага мала што здабыла. Нават эпізоды з уласна спартовымі спаборніцтвамі не выклікаюць асаблівага перажываньня, бо складана заўзець за героя, які сваімі ўчынкамі выяўляе сваю чорную натуру.
Нумар 4. F1 (F1). 2025

Адносна высока ў нашым рэйтынгу стаіць блакбастэр ад Джозэфа Касінскі. Пры іншых абставінах, падобная стужка не павінна была б трапляць у топ-10 на «Оскары», але справа ў тым, што стваральнікі нібы і не прэтэндуюць на памяць нашчадкаў у якасьці шэдаўра кіно. І ў гэтым іх вялікі плюс, у адрозьненьні ад некаторых вышэйзгаданых фільмаў.
Спартовы экшн пра найлепшую аўтамабільную серыю ў сьвеце, гонкі «Формулы-1» з Брэдам Пітам кладуцца ў адзін шэраг з намінантам 2023-га года «Топ Ган: Мавэрык», дзе галоўную ролі выконваў Том Круз. Гэта таксама фільм-атракцыён, дзе шматлікія несупадзеньні з сапраўднымі гонкамі Ф1 пакідаеш для спрэчак заўзятарам на спартовых форумах.
Такія стужкі і ня мусяць быць рэалістычнымі копіямі, гэта чыстай вады забава, і вельмі якасная, трэба адзначыць. Прысутнасьць у кадры дзейных гоншчыкаў формулы дадае адчуваньня прысутнасьці на аўтадроме і вакол яго, пакуль галоўны герой-ветэран пераўзмагае складанасьці і імчыць да перамогі ў гран-пры. Для аматараў прыемнай навінай будзе інфармацыя пра падрыхтоўку да здымкаў другой часткі фільма.
Нумар 3. Бітва за бітвай (One Battle After Another). 2025

Цяжкавік сусьветнага кіно Пол Томас Андэрсан зьняў надзвычай дынамічны, моцны і цяжкі фільм. Бліскучае акторскае майстэрства паказалі Леанарда Дзі Капрыё, Шон Пэн, Бэнісіа дэль Тора і Тыяна Тэйлар.
Бясконцая пагоня, у якой той хто перасьледуе, хутка можа стацца тым, каго перасьледуюць. Рэжысэр трапіў у нэрв сёньняшняга, ды і гістарычнага супрацьстаяньня левых і правых, і дзякаваць Богу, не скаціўся ў відавочную падтрымку некага. Ён не саромеецца паказваць тэрарыстычныя карані марксістаў, і разам з тым не забывае тыкнуць пальцам у нібы існую змову правых белых мужчынаў Амэрыкі.
Цікава, што кансэрватыўны флянг трымае ў кадры Шон Пэн, выдатны актор, які вядомы, акрамя іншага тым, што некалі па-сяброўску сустракаўся з чырвонымі іконамі сучаснасьці Фідэлем Кастра і Ўга Чавэсам. На здымках ён яскрава, жорстка, бы таран, ідзе ў змаганьне зь іх пасьлядоўнікамі.
Дзякуючы рэжысэру, мы не сталі сьведкамі агіткі, але паглядзелі актуальнае выказваньне, якое праз прызму палітычных перакананьняў пераходзіць на ўзровень бацькоўства і сямейнай праблематыкі.
Асобнай узгадкі вартая, відаць што, ужо культавая сцэна пагоні па бясконцых схілах і пагорках, калі на некалькі імгненьняў машына становіцца нябачнай, і потым раптоўна ўзьнікае на даляглядзе.
Нумар 2. Цягніковыя мары (Train Dreams). 2025

О, калі б такіх фільмаў было шмат! Гэта неверагодная асалода для вачэй, вушэй і сэрца. Я атрымаў неверагоднае задавальненьне ад стужкі Клінта (рука цягнецца працягнуць Іствуда, але) Бэнтлі.
Спакойны, рытмічны, прыгожы фільм, які, разам з тым, трымае ўвагу ад пачатку да самага канца. Гэта пагружэньне ў пачатак мінулага стагодзьдзя, у побыт лесаруба, які становіцца сьведкам зьменаў у сваім жыцьці і ў грамадзтве ў цэлым.
Вельмі магнэтычны фільм, які нібы запрашае занурыцца за сабою ў самыя гушчары старажытных лясоў, узяць інструмэнт і замахнуцца на тое, што стаяла тут напрацягу стагодзьдзяў. Гэта, безумоўна, найлепшая роля ў кар'еры Джоэла Эджэртона, і шкада, што акадэмікі вырашылі яе абмінуць увагай.
Праз усе махі сякеры, праз усе гадзіны ў цягніках, у душы героя застаецца адна-адзіная мара – прыйсьці дадому, дзе яго чакае каханая.
Нумар 1. Гамнэт (Hamnet). 2025

Найлепшым фільмам з прапанавай кінаакадэмікамі дзясяткі, я назаву гістарычную драму цудоўнай Хлоі Джао. Рэжысэрка паступова становіцца адной з самых цікавых аўтарак нашых дзён. Варта ўзгадаць, як пяць гадоў таму яна атрымала два «Оскары» за найлепшы фільм і рэжысуру за «Зямлю качэўнікаў».
Сёлета ёсьць усе шансы гэты посьпех паўтарыць, але няхай у Лос-Анджэлесе вырашаюць самі. Што да стужкі, дык яна чароўным чынам паказвае эпоху, якую часта прыгадваюць па такіх стужках, як «Закаханы Шэкспір» ці «Элізабэта». Тыя былі спрэс напоўненыя вельмі прыгожымі строямі і дэкарацыямі, тады як праца Хлоі Джао нібы пазьбягае звышпазалоты, і распавядае гісторыю Шэкспіра праз па-за часовыя ўмоўнасьці.
Строі герояў, максімальна набліжаныя да гістарычных, але калі крыху прыжмурыць вочы, лёгка можна ўявіць іх у нашай рэчаіснасьці.
«Гамнэт» – гэта шчымлівая гісторыя сямейных дачыненьняў. Кожны з герояў атрымаў магчымасьць раскрыць свой характар на поўную, гледачы па-сапраўднаму жывуць побач зь імі, сталеюць разам з дзецьмі, перажываюць разам з жонкай, нутрана зьнішчаюць сябе і перанараджаюцца разам з Шэкспірам.
Шыкоўная праца.
Прыемнага прагляду!