Топ-10 лепшых фільмаў на Оскары-2024. Шчырая крытыка
У ноч на панядзелак у сонечным Лос-Анджэлесе адбудзецца чарговая цырымонія ўзнагароджваньня пераможцаў самай знакамітай і ўплывовай кінапрэміі ў сьвеце. У намінацыі «Лепшы фільм» былі вылучаныя 10 стужак, якія мы ўважліва праглядзелі з задавальненьнем (і без). Паспрабавалі сумленна і шчыра расставіць іх па месцах — ад найгоршага да найлепшага фільма.
Што было ў гэтым годзе, перадаем на ваш суд.
Нумар 10. Барбі (Barbie). 2023
Якой плястмасавай
зьяўляецца лялька барбі ў краме, такім самым плястмасавым атрымаўся і гэты
фільм Грэты Гэрвіг, які атрымаў шалёныя зборы ў сусьветным пракаце – больш за
мільярд даляраў!
Рэклямная кампанія, якая папярэднічала выхаду стужкі, была зробленая на самых вышэйшым узроўні, чаго ніяк нельга сказаць пра фільм, які варта паставіць у крамах на паліцу з назвай «агітацыя». Катастрафічныя дыялёгі і прамовы гераіняў прымушаюць адчуць сябе няёмка. Гэта той выпадак, калі кажуць яны, а сорамна табе.
Фільм паказвае злых, помсьлівых кабетаў, якія мараць пра такую пабудову сьвету, дзе будзе татальны матрыярхат. Дзяўчыны ў сьвеце, якія сёньня тым ці іншым чынам выступаюць за роўныя правы ўсіх жанчынаў з мужчынамі, павінны кісла скрывіцца пасьля прагляду фільма: іх інтэнцыі перакручваюцца ў антымужчынскую агіткампанію. Нічога пра-фэміністычнага ў карціне няма, ёсьць пародыя і слабы сцэнар. Шмат было сказана пра адсылкі ў фільме да таго і да сяго. Але неабходнасьць прачытаць сем тамоў тлумачэньняў, што значыла тая ці іншая пляма на сьцяне пасьля прагляду – тое яшчэ задавальненьне.
Нам не патрэбная вайна жанчынаў супраць мужчынаў.
Нумар 9. Маэстра (Maestro). 2023
Аб чым гэты фільм? Падаецца, Брэдлі Купэр вельмі стараўся данесьці сваё бачаньне знакамітага дырыжора Бэрнстайна, што незаўважна для сябе, згубіў нітку і склеіў фільм з абшкрэбаных кавалкаў. Тое, што магла быць эпічным баёпікам пра асобу, увыніку застанецца няўпэненай стужкай, дзе напрацягу больш чым дзьвух гадзінаў глядач так і не здолее прасякнуцца галоўным героем.
Брэдлі Купэр, які апроч рэжысэрскага фатэля, заняў і галоўную акторскую ролю, не стварыў уражаньня прапрацаванага героя. Нягледзячы да неаспрэчны вялікі акторскі талент Купэра, у сваім фільме яго маэстра не раскрыты ні як музыка, ні як чалавек, які мусіць хаваць сваю арыентацыю напрацягу амаль усяго жыцьця ад іншых, і перадусім дзяцей. Гледачы могуць толькі здагадвацца пра матывацыі, якія кіравалі яго жонкай, бо гэтая стужка магла б стаць цудоўнай драмай пра сямейныя дзіўныя адносіны, але на жаль, і гэтага ў фільме няма.
Аб чым гэты фільм? Гэта нарэзкі матэрыялу, якія паасобку маглі б стаць крыніцай для цэлага шэрагу фільмаў. Зрэшты, павярхоўны агляд доўгага жыцьця і перажываньняў (хаця што мы пра іх можам сказаць пасьля прагляду) галоўнага героя выглядае вельмі і вельмі сыра. А вось грым, за які гэты фільм таксама намінуюць, сапраўды добры.
Нумар 8. Мінулыя жыцьці (Past Lives). 2023
Вось ужо другі год запар сярод абраных кінаакадэміях дзесяці лепшых стужак апынулася гісторыя пра карэйцаў. І калі летась фільм пра пальцы-сасіскі ўвогуле быў прызнаны лепшым, сёлеткі намінант рэжысэркі Сэлін Сон выглядае не так упэўнена ў вачах крытыкаў.
Ні ў якім разе не пачынайце прагляд фільма перад сном – высокая рызыка таго, што вы некалькі разоў засьнеце. Перад гледачамі зьявіцца не самая пераканальная гісторыя дваіх карэйцаў, якія ва ўзросьце 12 гадоў апошні раз пабачыліся ў Сэўле, пасьля чаго дзяўчынка з бацькамі пераехала ў Паўночную Амэрыку, а хлопчык застаўся жыць у Карэі.
Нас спрабуюць пераканаць, што праз 10 гадоў яны амаль выпадкова знайшліся ў сацсетках, каб яшчэ праз 12 гадоў упершыню з дзяцінства ўбачыцца ў Ню-Ёрку. Усе гэтыя дзесяцігодзьдзі карэйскі хлопчык ходзіць з сябрамі ў адну і тую ж кавярню і ўвесь фільм яго паказваюць з выглядам чалавека, які сумуе па летуценнаму дзяцінству, дзе аднойчу патрымаўся за рукі з дзяўчынкай. А ў карэйскай дзяўчынкі (ужо жанчыны) муж і праца.
Гледачам прапануюць прасякнуцца карэйскай культурай пра інь і янь – гэтыя словы гучаць у фільме дзясяткі разоў. Што да мінулых жыцьцяў, вынесеных у назву – меладраматычныя матывы набіраюць хоць бы нейкі сэнс толькі ў другой частцы фільма.
Апроч намінацыі на лепшы фільм, карціна атрымала яшчэ адну – за лепшы сцэнар:
«Ёсьць у карэйскай мове слова «Інь-Янь», якое значыць «провід» або «лёс». Так кажуць пра адносіны паміж людзьмі. Думаю, гэта нешта з Будызму і рэінкарнацыі. Калі двое незнаёмцаў праходзяць міма адзін аднаго на вуліцы і іх вопратка датыкаецца, значыць, нешта іх зьвязвала ў мінулым жыцьці.Калі двое бяруць шлюб, то кажуць, што паміж імі існуе 8000 плястоў «Інь Янь».
Нумар 7. Амэрыканскае чытво (American Fiction). 2023
Дэбютны фільм Корда Джэфэрсана ў якасьці рэжысэра прыцягнуў усеагульную ўвагу. Сьмелая, сатырычная карціна распавядае сучасную гісторыю і наступае на балючыя кропкі грамадзтва. Усе звыклі пра тое, што калі справа даходзіць да праблемаў чорных, адразу ўзьнікаюць асацыяцыі пра рабаваньні, застрэленых белымі паліцыйскімі чорных рэпераў ці наркаманаў, альбо татальную дыскрымінацыю на ўсіх узроўнях.
Але гэтыя стэрыатыпы не падыходзяць да галоўнага героя ў выкананьні Джэфры Райта, які грае пісьменьніка з чорнай скурай, чые творы не знаходзяць водгук у масавага чытача і выдаўцоў з прычыны таго, што яны «недастаткова чорныя». Дзякуй Богу, што стваральнікам фільма па поўнай хапіла самаіроніі, і гледачы маюць дастаткова нагодаў, каб ад душы пасьмяяцца з сытуацыяў, якія галоўны герой адэкватна і цьвяроза ацэньвае.
Мы сустрэнемся з чорнай пісьменьніцай, калегай галоўнага героя, якая «ўзьнікла-з-ніадкуль» і піша пра пакуты яе чорнага народу з бяздарнай безгустоўнасьцю і таннымі прыёмамі. Пры гэтым прафэсійная супольнасьць і крытыкі вырашаюць назваць яе «новым сьвежым подыхам прыгнечаных».
З такімі праявамі немагчыма жыць разумным людзям, да якіх, безумоўна, адносіцца і галоўны герой.
Стужка цудоўна і лёгка глядзіцца. Па сваім духу пераклікаецца зь леташнім намінантам «Трохкутнік смутку».
Нумар 6. Анатомія падзеньня (Anatomie d'une chute). 2023
Добрыя французскія фільмы апошнім часам на вагу золата. Жусьцін Трые здолела зьняць не шэдэўр, але вельмі добры дэтэктыў. Уся ўвага напрацягу стужкі трымаецца на акторцы Сандры Хюлэр, якая грае дастаткова папулярную пісьменьніцу, якая вымушаная жыць з мужам па яго жаданьні ў доме, што знаходзіцца далёка ад цывілізацыі ў французскіх гарах.
Разам зь імі жыве іх маленькі сын, які амаль не бачыць, і адрозьнівае толькі невялікія адценьні сьвятла альбо цемры. Не самае цікавае і багатае на прыгоды жыцьцё сямейнай пары раптоўна перажывае шакавальную падзею, якую не будзем называць.
Далейшая крымінальна-дэтэктыўная гісторыя зацягвае ўсё новымі і новымі аспектамі, якія адкрываюцца з часам. Упрынцыпе неблагі фільм, з нераскрытым на поўніцу патэнцыялам. Адносіны са шкілетамі ў шафе чакаюць гледачоў. Гэтая стужка летась перамагла ў Канах і атрымала Залатую пальмавую галіну.
Нумар 5. Небаракі (Poor Things). 2023
Ёргас Ланцімас адносіцца да таго кшталту рэжысэраў, якіх складана пераблытаць зь іншымі. Стыль, які ўжо стаў цалкам пазнавальным, раз за разам выкарыстоўваецца таленавітым грэкам на поўную. Гэта той самы рэжысэр, які зьняў нядаўнія гучныя фільмы «Лобстэр» і «Забойства сакральнага аленя». Яго працы параўноўваюць з папярэднікам у жанры «Божухна, што ён сабе дазваляе здымаць» – Ларсам фон Трыерам.
Гэтую інфармацыю неабходна ўлічваць перад тым, як пачынаць прагляд новай стужкі Ланцімаса з фантастычнай Эмай Стоўн у галоўнай ролі. Фільм атрымаўся таксама досыць фантастычным, няхай і ў іншым разуменьні, чым апісаньне таленту акторкі ў галоўнай ролі. Віктарыянская Англія ў альтэрнатыўным разуменьні аўтара раману Аласдэра Грэя і самога рэжысэра Ёргаса Ланцімаса створыць уражаньне, як сёньня любяць казаць, татальнай улады мужчынаў над жанчынамі.
Перад намі стужка, якую нельга паказваць дзецям, бо кожныя некалькі хвілінаў гледачы назіраюць за працэсам, як менавіта гэтыя дзеці ствараюцца. Перад намі мастацкая алегорыя на тэму таго, як не істотна зь якіх інтэнцый,мужчына стварае сабе «новае стварэньне», каб дамінаваць і проста валодаць ім. У нашым выпадку стары хірург са зьнявечаным целам і жыцьцём выпадкова знаходзіць цела маладой жанчыны, якая скінулася з маста. Ён даведваецца, што яна цяжарная,а дзіцё ўсё яшчэ жывое ва ўлоньні. І таму ён праводзіць апэрацыю па перасадцы мозгу дзіця ў галаву яе маці і ажыўляе яе.
Каб не раскрываць падрабязкаў гэтага дзіўнага і рытмічнага фільма, можна дадаць, што гераіня Эмы Стоўн, па задуме стваральнікаў, павінна знайсьці сябе, свой шлях у грамадзтве, дзе, як адзначалі вышэй, пануе мужчынская воля. Які пакручасты шлях абрала гераіня – рыхтуйцеся ўбачыць на свае вочы.
Нумар 4. Зона зацікаўленасьці (The Zone of Interest). 2023
Калі вам станавілася цікава, як жывуць беларускія пракуроры, судзьдзі, амапаўцы і іншыя асобы, датычныя да злачыннага перасьледу тысячаў нашых суграмадзянаў, як гэтыя людзі бавяць свой час дома, як пьюць каньяк, калі ў засьценках паміраюць палітвязьні – паглядзіце гэты фільм Джонатана Глэйзэра.
Стужка, вядома, не пра сёньняшнюю Беларусь, гісторыя адбываецца на тэрыторыі нашай суседкі – Польшчы ў часы Другой сусьветнай вайны. Але тут вы не ўбачыце ніводнага забітага, ні нават кропелькі крыві. Рэжысэр з жахлівай дакладнасьцю паказвае дом камэнданта канцэнтрацыйнага лягера Асьвенцым (Аўшвіц) обэрштурмбанфюрэра Рудольфа Хёса. Так склалася, што дом з невялікай тэрыторыяй вакол яго ад канцлягера падзяляе ўсяго толькі сьцяна.
Гледачы не будуць кінутыя, як ахвяры нацыстаў, у печ страшэннага існаваньня ў лягеры, стваральнікі фільма прапануюць нешта зусім адваротнае. Мы ўбачым, як Рудольф Хёс старанна мыецца, ходзіць зь вялікай сям’ёю на пікнік ля ракі, з цёплымі пачуцьцямі адносіцца да сваіх дзяцей, якія гуляюць між сабою ў маленькіх нацыстаў.
Мы ўбачым яго жонку, якая нібы ў жарт кажа польскай службітцы аб тым, што яе муж можа пераўтварыць польку ў попел, калі тая будзе не старанна служыць у доме. Сама жонка з галавою пагружаная ўва ўбраньне дома.
Жорсткі ў сваім рэалізме фільм пра жыцьцё чалавека, які ходзіць на працу, а потым вяртаецца ў цёплы, прыгожы, утульны дом, дзе зьбірае гасьцей, адпачывае. Бо заўтра зноў ісьці на працу.
Нумар 3. Опэнгэймэр (Oppenheimer). 2023
Трохгадзінная драма Крыстафэра Нолана хутчэй за ўсё атрымае перамогу ў намінацыі «Фільм года». Сапраўдных канкурэнтаў у гэтым сэзоне, па-шчырасьці, зусім ня шмат, гэта, вядома, не зьмяншае вартасьць гэтай стужкі, але падкрэсльвае агульны не самы моцны ўзровень.
Біяграфія стваральніка атамнай бомбы не магла выклікаць падвышаную цікавасьць у наш час, калі тэрарысты з Крамля шантажуюць сьвет выкарыстаньнем той самай бомбы. У час стварэньня гэтай зброі, а менавіта напрыканцы Другой сусьветнай вайны, заходнія дэмакратыі ясна разумелі небясьпеку і варожую сутнасьць «сытуацыйнага хаўрусьніка» ў барацьбе з немцамі, які сядзеў у тым жа Крамлі. Таму цалкам дарэчнае зьяўленьне стужкі Нолана менавіта ў гэты час.
Кіліян Мёрфі ў ролі знакамітага навукоўца, акрамя якаснай акторскай працы, стаў вядомым як герой незьлічонай колькасьці мэмаў. Няпростая, не самая цікавая і захапляльная і доўгая гісторыя пайшла ў народы, што варта адзначыць як магічную здольнасьць Крыстафэра Нолана ствараць захапляльнае кіно.
Ці шмат людзей, якія здольныя вытрымаць прагляд стужкі другі раз? І ці цікава будзе глядзець гэты баёпік наноў – вырашаць вам.
Нумар 2. Пакінутыя (The Holdovers). 2023
Ідэальны фільм Аляксандра Пэйна, які дакладна застанецца ў шэрагу карцінаў, да якіх можна вяртацца праз гады і нават дзесяцігодзьдзі. Калі б не праца, якая на наш погляд, была найлепшай у 2023 годзе, «Пакінутыя» з легкасьцю ў такім выпадку кіравалі кінапарадам.
Існуюць стужкі, у якіх нават мэбля, падаецца, заўжды на сваім месцы. Такім параўнаньнем можна апісаць выбар актораў на галоўныя і іншыя ролі ў карціне Пэйна. Пол Джамаці, дэбютант Дамінік Сэса, максімальна дарэчная Давайн Джой Рэндальф і ўсе іншыя – ствараюць выключны ансамбль.
Стужка зьвяртаецца да адносна нядаўняга гістарычнага перыяду – часу позьняй вайны ў В’етнаме, на фоне якой гледачы трапляюць у кампус элітарнай навучальнай установы напярэдадні Раства. Кожны жыве хуткімі вакацыямі, калі можна будзе кінуць занудныя заняткі і бавіць час з сям’ёю. І тут, пад уплывам розных акалічнасьцяў, мы трапляем у сітуацыю, калі разьвітацца са свамі плянамі вымушаныя некалькі навучэнцаў, нудны і раздраджальны выкладчык антычнай гісторыі, а таксама супрацоўніца кухні, якая засталася адна пасьля сьмерці сына на в’етнамскай вайне.
Пакінутыя іншымі, яны вымушаныя застацца ў кампусе на два доўгія тыдні. Кожны са сваёй ранай у сэрцы.
Гэта натхняльная і моцная карціна, дзе дыялёгі гучаць настолькі натуральна, а героі выглядаюць жывымі, а не кардоннымі, як у шматлікіх іншых сёлетніх намінантах на лепшы фільм, што не жадаецца, каб ён сканчваўся.
Кіно павінна быць такім якасным, як новая праца Аляксандра Пэйна.
Нумар 1. Забойцы кветкавага месяца (Killers of the Flower Moon). 2023
Найлепшы фільм года на нашую думку. Марцін Скарсэзэ здымае так, што з першых кадраў разумееш, што цябе чакае шыкоўная гісторыя. Адзінае чаго нельга сказаць адразу – да якой ступені крутым будзе фільм. Майстэрства Скарсэзэ, а яму зараз 81 год, можна параўнаць зь іншым выбітным рэжысэрам сучаснасьці, 93-гадовым Клінтам Іствудам.
Стужка пераносіць гледачоў у 1920-я гады, у час, калі індзейцаў ужо не адстрэльвалі, але трымалі ў рэзэрвацыях. Асобным плямёнам шанцавала асабліва, калі на іх тэрыторыі знаходзілася радовішча нафты, як, напрыклад асэйджы. Менавіта іх драматычную і крывавую гісторыю распавядае Марцін Скарсэзэ праз герояў белых людзей, што ўключыліся ў складанае перапляценьне матывацый і ўчынкаў дзеля таго, каб завалодаць чорным золатам.
Страшэнны і дальнабачны герой Робэрта Дэ Ніра разам з недалёкім пляменьнікам у выкананьні Леанарда Дзі Капрыё напрацягу ўсяго фільма будуць прычынаю загадкавых для некаторых, але цалкам зразумелых для іншых, серыяй забойстваў індзейцаў. Як вядома, пасьля сьмерці чалавека нехта іншы ўспадкоўвае яго маёмасьць. І для героя Дэ Ніра нехта іншы доўно зразумелы – і для дасягненьня задуманага неабходна ісьці да канца.
Фільм Марціна Скарсэзэ манумэнтальны. Гэта прыклад таго, як зрабіць кіно, якое будзе прысутнічаць у «залатой калекцыі» сусьветнага кінамастацтва.
Што да параўнаньня з леташнімі намінантамі на прэмію Оскар за лепшы фільм, можна зрабіць цікавую выснову аб пэўнай прадказальнасьці ў выбары дзесяці карцінаў.
Паглядзіце самі:
У нас ёсьць фільм пра карэйцаў – «Усё паўсюль і адразу» ў 2022 годзе, і «Мінулыя жыцьці» ў гэтым, ёсьць гісторыя пра «прыгнёт кабетаў» і змаганьне за адваротнае – «Жанчыны размаўляюць» летась і «Барбі» сёлета. Маем драматычны фільм пра дырыжора – як «Тар» на мінулай цырымоніі і «Маэстра» на новай. Стужка пра Першую сусьветную — «На заходнім фронце бяз зьменаў» у 2022 годзе, і стужка пра Другую сусьветную – «Зона зацікаўленасьці» – у гэтым. Глядзелі сатырычны, не паліткарэктны фільм «Трохкутнік смутку» ў мінулым годзе, а ў 2023 годзе – «Амэрыканскае чытво».
Не забывайце, што арыентавацца ў любым выпадку трэба не на выбар якіх-кольвек акадэмікаў, але на ўласны густ. Не на агітацыйныя карціны, але на сапраўднае мастацтва.
Прыемнага прагляду!
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.