Кіраўнік філаматаў Юзаф Яжоўскі, або Еж

Шэсць студэнтаў Віленскага ўніверсітэта 1 кастрычніка 1817 года заснавалі Таварыства філаматаў. За шэсць гадоў існавання колькасць згуртавання не перавысіла 19 чалавек, але яго праца на дзесяцігоддзі прадвызначыла ідэйнае развіццё зямель былой Рэчы Паспалітай.

philomathesphilarethes.jpg

І калі імёны Адама Міцкевіча і Томаша Зана добра вядомыя, дык іншым заснавальнікам пашчасціла менш. Сярод іх Ануфрый Петрашкевіч, Эразм Палюшынскі, Бруна Сухецкі і «адзіны не-ліцвін у сям’і філаматаў» — украінец Юзэф Яжоўскі па мянушцы Еж, які стаў на чале таварыства і надаў яму педагагічны накірунак.


«Маўклівы» старэйшы брат

Ён нарадзіўся 7 сакавіка 1793 года ў ваколіцах Умані Кіеўскай губерні. Пасля заканчэння базыльянскай школы ў 1815 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт, дзе ў 1816 годзе здаў экзамен на кандыдата філасофіі. Яжоўскі быў рацыяналістам і прыхільнікам вучэння Імануіла Канта, марыў закласці пачатак філасофскаму падмурку былой Рэчы Паспалітай.

Менавіта да яго пасля пачатку чарговага навучальнага года 15 верасня 1817 года па дапамогу звярнуліся Адам Міцкевіч і Тамаш Зан, і перадалі для выпраўлення распрацаваны статут таемнага студэнцкага згуртавання. Еж перарабіў першапачатковы варыянт, у якім таварыства павінна было зрабіцца адным са шматлікіх на той час жартаўлівых студэнцкіх аб’яднанняў, накшталт шубраўцаў. Ён абраў за прыклад таварыства, якое дзейнічала ў Віленскім універсітэце ў 1806–1808 гадах на чале з капеланам гарадской гімназіі Францішкам Гадлеўскім і насіла назву філаматаў.

Менавіта гэтую назву вырашылі сабе абраць і сябры новаўтворанага згуртавання. Старшынёй яго быў абраны Ежы, які, нягледзячы на мянушку «маўклівы», лічыўся адным з самых адораных і арганізаваных студэнтаў Віленскага ўніверсітэта.

У паслянапалеонаўскі час у Еўропе, якая развівалася ў рэчышчы рашэнняў Венскага кангрэса, шырока разгарнуўся рух па стварэнні таемных студэнцкіх таварыстваў. Але, у адрозненні ад пераважнай іх большасці, філаматы ставілі на мэце ўласнае самаўдасканаленне і пазбяганне палітыкі і рэлігіі. Сімвалам аб’яднання стала сава, якая сядзіць на лютні.

Ужо 4 лістапада падчас першага прыёму новых сяброў, Яжоўскі прамовіў, што саюз, які яны ствараюць, «не на імгненне, не для хвіліннай забавы», а на ўсё жыццё, і што яго «святыя абавязкі не кожнаму даступныя». Да ліку шасцярых заснавальнікаў, па рэкамендацыі Міцкевіча, далучыліся Зыгмунт Навіцкі і сын рэктара ўніверсітэта — Францішак Малеўскі, а 25 лістапада, па пратэкцыі Петрашкевіча, — Юзаф Кавалеўскі.

Па прапанове Яжоўскага дзясятым філаматам стаў Ян Чачот. 2 чэрвеня 1818 года Петрашкевіч прапанаваў яшчэ Тэадора Лазінскага, а 6 чэрвеня да іх далучыўся Дыянісій Хлявінскі. У 1819 годзе філаматамі сталі Дамінік Ходзька, Казімір Пясецкі, Ігнат Дамейка, Ян Сабалеўскі і Міхал Рукевіч. Апошнімі далучыліся Вінцэнт Будрэвіч (у 1820-м) і Станіслаў Казакевіч (у 1822 годзе).


«Не словамі, а справамі»


Яжоўскі, старэйшы за астатніх філаматаў, быў для іх сапраўдным прыкладам. Яго дэвіз

— «Non dictis sed factis» («Не словамі, а справамі»). Ён быў сапраўдным псіхолагам і лекарам душаў, які заўсёды быў гатовы прыйсці на дапамогу. Напрыклад, падтрымліваў паэта Адама Міцкевіча падчас цяжкасцяў таго ў рамане з замужняй ковенскай шляхцянкай Каралінай Кавальскай, і не дазволіў таму нарабіць недарэчных памылак.

Ігнат Дамейка пазней успамінаў: «Халодны і сур’ёзны, бледны, найчасцей задумлівы Юзаф Яжоўскі мала размаўляў і рэдка калі апускаўся да жартаў, спрэчак і дыскусій, а калі браў слова ў справе, якая датычыла лёсу краю, дык заўсёды казаў спакойна, бездакорна, з найсуроўшай логікай і пераканаўча».

Еж не даваў братам палёгку, прымушаў іх да творчых росшукаў. Ён быў душою парадку і згоды, а пры невычэрпнай сіле мыслення адзначаўся выключнай дабрынёй. Яжоўскі так шмат раздаў сябе сваім братам, што, на жаль, сёння мала хто памятае пра яго.


Філамацкія вечары


Падчас штотыднёвых сустрэч філаматы займаліся не толькі навуковымі спрэчкамі. Яны, перш за ўсё, весела бавілі час: спявалі ўласныя песні, прычым не толькі на польскай, але і на беларускай мове. Адной з самых папулярных была «Што мы вашэсці скажам…», напісаная Янам Чачотам.


jan_cacot._jan_czaczot__1847_.jpg


Адбываліся абмеркаванні створаных паэтычных твораў і праведзеных навуковых даследаванняў. Пасля гэтага заслухоўваліся загадзя падрыхтаваныя на іх рэцэнзіі, ладзілася абмеркаванне, якое пераходзіла ў дыскусію. Затым адбывалася галасаванне, па выніках якога выносіўся прысуд у адносінах да навуковай працы або паэтычнага твора. Напрыклад, Яжоўскі ў розны час выступаў з такімі тэмамі, як «Пра дзве разнавіднасці ўлады», «Праванская паэзія», «Пра Сафокла», «Пра класіцызм».

7 сакавіка 1819 года шырока адзначаўся дзень нараджэння Яжоўскага. Ян Чачот даслаў у Вільню з гэтай нагоды серыю беларускамоўных вершаў, якія атрымалі агульную назву «Яжовыя імяніны». Сам Чачот, які называў Ежы «вашэць украінец», у гэты час вымушаны быў выконваць абавязкі пісарчука ў Мінску, таму з зайздрасцю адзначаў: у той час, як сябры «апаражняюць бутэлькі», ён «посціць, як святы» і «маршчыніць чало» на працы. Дасланыя вершы на ўрачыстасці зачытаў Тамаш Зан, а сцэнку, апісаную Чачотам, разыгралі ўсе браты філаматы, віншуючы імянінніка:


«Няхай цябе панны любяць

І часта просяць зазулькі,

Калі з табой ся зашлюбяць

І ад’едуць ад матулькі».


Дапамога братам, хвароба і вандроўкі


У 1820 годзе Яжоўскі дапамагаў Тамашу Зану ў яго працы па арганізацыі Таварыства Прамяністых, напісаўшы яго статут — «Пятнаццаць правіл паводзін для моладзі, якая належыць Таварыству сяброў карыснай забавы». Затым Еж цяжка захварэў, што на пэўны час перашкодзіла яго вандроўцы на радзіму Яна Чачота.

Але па выздараўленні восенню ён выправіўся ў падарожжа па Навагрудчыне, аб чым 26 кастрычніка паведаміў Ян Чачот філамату Ануфрыю Петрашкевічу:

«Дарагі наш Еж, выздаравеўшы так, што мог смела ехаць, ужо другі тыдзень, як выехаў у Шчорсы і пасля трохдзённай трасяніны (бо і дарога, і фурманка кепскія) спыніўся ў яснавяльможнага. Прыняты ім прыхільна і з абяцаннем, што яго адпоіць шчорсаўскім півам, бавіцца там добра, штораз пазбаўляючыся ніякаватасці, якую заўсёды адчуваеш у чужым, тым болей яснавяльможным доме, і спіць добра, з чаго я зрабіў вывад, што ўжо здаровы».


Тамаш Зан

Тамаш Зан


У 1820–1821 годзе Яжоўскі выношваў ідэю энцыклапедыі класічных аўтараў, на шляху да якой падрыхтаваў у Вільні каментаванае выданне Гарацыя (1821–1823, дапоўненае ў 1824). А ў 1822 годзе разам з Янам Чачотам займаўся выданнем твораў Адама Міцкевіча.

У час вандровак Еж са здзіўленнем заўважаў згасанне адукацыі на землях колішняй Рэчы Паспалітай, нават у асяродку вядомых манахаў-бенедытынцаў. Яго непакой выклікала тое, на якім узроўні знаходзілася выкладанне лацінскай, грэчаскай і яўрэйскай моваў, і што праца каталіцкіх святароў далёкая ад духоўнага рэчышча. Чачот апісваў заклапочанасць сябры ў сакавіку 1823 года: «Еж скардзіцца, што ў часе выбараў абата дазнаўся многа чаго непрыгляднага. «Бо на выбарах, — кажа ён, — было многа выпіўкі, музыкі і іншых забаў. Папы цяпер п’юць і весяляцца, а абедаюць позна». «Я, аднак, кажа далей, заўсёды самотны і сур’ёзны. Найпрыемнейшыя гутаркі для мяне — гэта з маім малым камердынерам, які мне апісвае характары п’яных ксяндзоў і іншыя манастырскія асаблівасці».


Жыццё пасля арышту


У хуткім часе пасля гэтай вандроўкі па Літве Яжоўскі быў арыштаваны па справе філаматаў, і ў ліку дзесяці найбольш выбітных дзеячаў таварыства перададзены пад апеку Міністэрства духоўных спраў і народнай асветы. Яго павінны былі накіраваць углыб Расіі для працы на карысць Імперыі ў адпаведнасці з яго адукацыяй. Таму разам з Малеўскім і Міцкевічам Яжоўскі выправіўся спачатку ў Пецярбург, адкуль накіроўваецца на выкладчыцкую працу ў Рышэльеўскі ліцэй Адэсы.

Але ўжо вясной 1825 года ён быў пераведзены ў Маскву, дзе зноў пэўны час жыў разам з Міцкевічам і Малеўскім, выкладаў у гімназіі і грэцкую мову ў Маскоўскім універсітэце. Аднак пасля выключэння апошняй з праграмы ўніверсітэта ў 1827 годзе, спрабаваў знайсці працу ў іншых універсітэтах. У гэты ж час (1828) выйшла яго выданне «Адысеі» Гамера на лацінскай мове.

Затым амаль дзесяць гадоў ён у пошуках кавалка хлеба перабіваўся з працы на працу. А пасля амністыі ў 1841 годзе вярнуўся ў родную Кіеўскую губерню, дзе да самай смерці 16 жніўня 1855 года працуе хатнім настаўнікам. Так скончылася жыццё Юзафа Яжоўскага — таленавітага кіраўніка віленскай моладзі, якая прайшла шлях духоўнага развіцця ад філаматаў да філарэтаў.