Кіраўнік МЗС Турцыі: Цяперашні этап вайны ва Украіне з'яўляецца адным з самых жорсткіх
«Ніхто нікуды не можа рухацца, прасоўваюцца толькі тыя, хто не лічыць страты», — пракаментаваў сённяшні этап вайны ва Украіне кіраўнік МЗС Турцыі Хакан Фідан і ў чарговы раз адзначыў, што Турцыя гатовая даць пляцоўку па мірных перамовах. У той жа час Украіна і Расія абмяркоўваюць чарговы абмен палоннымі. Ідуць 1362-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 176 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 16 лістапада.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 52 наступальныя дзеянні расіян у раёнах Чырвонага Ліману, Дарожнага, Радзінскага, Новаэканамічнага, Мірнаграду, Пакроўску, Новапаўлаўкі, Котліна, Удачнага і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 20 атак расіян паблізу Ялты, Сасноўкі, Прывольнага, Ворана, Вербава і іншых
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 19 атак каля Плешчыеўкі, Канстанцінаўкі, Русінага Яру і ў бок Сафіеўкі і Берастка.
На Гуляйпольскім і Славянскім кірунках расійцы атакавалі па 12 разоў на кожным.
* * *
Аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) звяртаюць увагу на неабходнасць актывізацыі прымянення Украінай традыцыйных сістэм узбраення, бо расійскія войскі выкарыстоўваюць умовы надвор'я, каб выявіць уразлівыя месцы ў сістэме абароны Украіны беспілотнікамі.
Паводле даных спецыялістаў ISW, апошнім часам расійскія войскі выкарыстоўваюць туманнае надвор'е для атак па ўсім фронце, асабліва ў кірунках Пакроўска, Вялікаміхайлаўкі і Гуляйполя. Як прыклад эксперты прыводзяць механізаваны штурм расіян на Навапаўлаўку 14 лістапада, калі вайскойцы РФ спрабавалі выкарыстаць няздольнасць украінскіх дронаў эфектыўна функцыянаваць у дрэнных умовах надвор'я, такіх як туман і дождж.
«Дагэтуль Украіна ў вайне базавала сваю абарону на дронах па большай частцы з неабходнасці. Абарончы бар'ер Украіны "сцяна дронаў" выкарыстоўвае вялікую колькасць тактычных ударных дронаў і боепрыпасаў тыпу loitering для знішчэння расійскіх рэсурсаў і тэхнікі на лініі фронту. Украінскія сілы прынялі гэты абарончы падыход часткова для таго, каб кампенсаваць недахоп чалавечых рэсурсаў і тэхнікі, адначасова абараняючы больш за 1200 кіламетраў лініі фронту ад расійскага наступлення», — адзначаюць у ISW.
«Заходнія пастаўкі традыцыйных сістэм, такіх як артылерыя, маюць ключавое значэнне для здольнасці Украіны пабудаваць шматслойную сістэму абароны, якая не залежыць ні ад аднаго тыпу зброі. Выкарыстанне Расіяй "уразлівасці надвор'я" яшчэ раз падкрэслівае, што традыцыйныя сістэмы ўзбраення не з'яўляюцца састарэлымі ў сучаснай вайне», — канстатуюць у ISW.
* * *
У ноч на 16 лістапада расійская акупацыйная армія атакавала Сумскую грамаду ўдарнымі беспілотнікамі, пашкоджана больш за 10 дамоў. Пра загінулых ці параненых пакуль няма інфармацыі.
У Харкаве БПЛА тыпу Гербера ўпаў каля шматпавярховага дома. Абышлося без пацярпелых. СМІ таксама апублікавалі кадры магутнага пажару ў Харкаўскай вобласці, — паведамляецца пра траплянне ў аб'ект газавай інфраструктуры.
У ноч на 16 лістапада, беспілотнікі атакавалі Навакуйбышаўскі нафтаперапрацоўчы завод, размешчаны ў Самарскай вобласці Расіі.
У ноч з 15 на 16 лістапада расійскі Валгаград стаў аб'ектам атак дронаў. Верагодна, пад удар трапіў мясцовы нафтаперапрацоўчы завод. Таксама абломкі беспілотніка трапілі ў кватэру жылога дома. Пазней губернатар рэгіёна паведаміў пра трох пацярпелых у выніку падзення абломкаў беспілотніка ў кватэру на 11 паверсе шматпавярхоўкі ў Валгаградзе.
* * *

* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі анансаваў «гістарычнае пагадненне» з Францыяй для ўзмацнення ўкраінскай авіяцыі.
«Гістарычнае пагадненне мы таксама падрыхтавалі з Францыяй. Будзе значнае ўзмацненне нашай авіяцыі, нашай абароны неба, нашых іншых абаронных магчымасцей. Па графіку візіту, гэта будзе ў панядзелак. Добры змест візіту. Гэта тое, што, сапраўды, дапамагае Украіне абараняцца і дасягаць нашых мэт, нашых задач», — сказаў Зяленскі ў ранішнім звароце.
Таксама, па словах Зяленскага, у аўторак адбудзецца яго «выніковы візіт» у Іспанію, які даўно рыхтавалі. «Яшчэ адна моцная краіна, якая далучылася да партнёраў і ініцыятыў, якія нам рэальна дапамагаюць. Галоўныя нашы мэты сёння – гэта СПА, ракеты для СПА. І пасля кожнага расійскага ўдару мы забяспечваем аднаўленне нашых сіл. Гэта няпроста, але мы гэта робім», — адзначыў прэзідэнт Украіны.
* * *
Украіна і Расія рана ці позна дойдуць да перамоваў, якія, на думку міністра замежных спраў Турцыі Хакана Фідана, лепш за ўсё правесці менавіта ў Турцыі. Гэта зручнае месца для абодвух бакоў, адзначыў ён.
Па словах Фідана, вайна ў Еўропе працягваецца амаль чатыры гады і мае значны глабальны ўплыў. У сувязі з гэтым, ваенны канфлікт неабходна завяршыць за сталом перамоваў, іншых рэалістычных шляхоў няма.
Міністр заявіў, што цяперашні этап вайны з'яўляецца адным з самых жорсткіх. «Я думаю, што гэтая вайна зараз перажывае сваю найгоршую кропку. Таму што абодва бакі сканцэнтраваны на знішчэнні транспартнай і энергетычнай інфраструктуры. Цяпер гэта ператварылася ў вайну дронаў. Ніхто нікуды не можа рухацца, прасоўваюцца толькі тыя, хто не лічыць страты», — адзначыў ён.
Фідан падкрэсліў, што расійскія «поспехі» на фронце дасталіся ім цаной значных страт. Расіі варта было б задумацца пра дасягненне міру.
Турэцкі міністр упэўнены, што асноўнай перашкодай да пачатку дыялогу з'яўляецца нежаданне ніводнага з бакоў выглядаць слабым у вачах іншага. Аднак Фідан перакананы, што мірныя перамовы непазбежныя і ў канчатковым выніку ўсё роўна адбудуцца.
«Вайна павінна скончыцца. Мы лічым перамовы непазбежнымі. Асабіста я лічу, што перамовы адновяцца. Вядома, мы не можам удавацца ў падрабязнасці. Гэта можа адбыцца ў Турцыі, гэта можа адбыцца дзесьці яшчэ, але я веру, што гэты мір дакладна наступіць», — рэзюмаваў Фідан.
* * *
Сакратар СНБА Украіны Рустэм Умераў заявіў, што Украіна і РФ зноў пачнуць абмен палоннымі. Цяпер чакаецца, што з палону РФ будуць вызвалены 1200 украінцаў, напісаў Умераў у Telegram.
«Днямі правёў кансультацыі пры пасрэдніцтве партнёраў у Турцыі і Аб'яднаных Арабскіх Эміратах па аднаўленні працэсу абменаў і вызвалення нашых людзей з расійскага палону», — напісаў Умераў.
Ён расказаў, што па выніках гэтых перамоваў бакі пагадзіліся актываваць стамбульскія дамоўленасці. Ужо ў найбліжэйшы час адбудуцца тэхнічныя кансультацыі.
«Гаворка ідзе пра вызваленне 1200 украінцаў. У найбліжэйшы час пройдуць тэхнічныя кансультацыі. Яны павінны замацаваць усе працэдурныя і арганізацыйныя моманты», — дадаў сакратар СНБА.
Умераў адзначыў, што праца адбываецца без паўзаў, «каб украінцы, якія павінны вярнуцца з палону, сустрэлі навагоднія і калядныя святы дома — за сямейным сталом і побач з роднымі».