УСУ: Расійскія вайскоўцы ў Купянску займаюцца «пацёмкінскім захопам»

Узброеныя сілы Украіны працягваюць змаганне за Пакроўскі і Купянск, якія расійскія прапагандысты ўжо абвясцілі «ўзятымі». Тым часам Дональд Трамп задумаўся наконт санкцый да партнёраў Расіі, а Папа Рымскі Леў XIV падтрымаў Украіну. Ідуць 1363-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

581929743_1190583099921433_7339587658686138351_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 216 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 лістапада.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 75 наступальных дзеянняў расіян у раёнах Уладзіміраўкі, Бяліцкага, Новага Шахава, Ніканораўкі, Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Радзінскага, Новаэканамічнага, Пакроўску, Сухога Яру, Котліна, Удачнага, Дачнага, Філіі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 32 атакі ў раёнах Канстанцінаўкі, Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Русінага Яру, Сцяпанаўкі, Палтаўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 23 разы каля Чарнешчыны, Новага Міру, Грэкаўкі, Карпаўкі, Каровінага Яру, Дробышава і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 21 атаку паблізу Зялёнага Гаю, Ялты, Андрэеўкі-Кляўцова, Аляксандраграду, Васкрасенкі, Стэпавага, Сасноўкі, Вербава і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы 14 разоў атакавалі пазіцыі УСУ паблізу Дабраполля, Раўнаполля, Зялёнага Га., Вясёлага, Белагор’я, Цернаватага і іншых.

На Купянскім і Славянскім кірунках зафіксавана па восем боесутыкненняў на кожным. 

* * *

Сілы абароны Украіны ачысцілі ад расіян больш за 25 квадратных кіламетраў каля Пакроўска, паведамляе Генштаб УСУ. Як адзначылі ў ГШУ, расіяне, не выканаўшы ў гэтым годзе ніводнага стратэгічнага задання, спрабуюць праціснуць абарону Украіны, каб даць справаздачу хоць пра нейкія «поспехі».

Сілы абароны Украіны працягваюць абарончую аперацыю, праводзячы пошукава-ўдарныя дзеянні на асобных кірунках фронту. «За мінулыя суткі, у рамках дзеянняў нашых войскаў на Пакроўскім кірунку праведзены пошук і знішчэнне праціўніка на тэрыторыі 26,6 квадратных кіламетраў Пакроўскага раёна Данецкай вобласці», — гаворыцца ў паведамленні.

* * *

Як паведамляе Групоўка аб'яднаных сіл Украіны, расійскія вайскоўцы ў Купянску атрымалі каманду сімуляваць кантроль над горадам, размахваючы расійскімі сцягамі там, дзе прысутнічаюць іх малыя групы.

Расіяне пачалі ўкладваць сцягі ў пакеты забеспячэння для ваенных, якія скідаюцца на горад з дапамогай дронаў. «Зменшага адна такая "аперацыя" ўжо адбылася — чакаем хуткае і некалькі абрэзанае ў канцы відэа ва ўсіх расійскіх медыя», — адзначаюць ваенныя, называючы такую сімуляцыю «пацёмкінскім захопам».

«Ад імя абаронцаў Украіны заяўляем: акупацыя горада — не тое, што можна імітаваць. Нягледзячы на заявы Уладзіміра Пуціна і ГШ РФ аб "акружэнні" горада і ўкраінскіх сіл у ім, большая частка Купянска кантралюецца Сіламі абароны Украіны, а групы расіян у паўночных раёнах адрэзаны ад наземнага забеспячэння. Цяперашняя акцыя — спроба зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні і прыкрыць відавочную хлусню кіраўніка расійскага рэжыму», — гаворыцца ў паведамленні Групоўкі аб'яднаных сіл Украіны.

* * *

У ноч на 17 лістапада расійскія войскі абстралялі Балаклею Харкаўскай вобласці, нанёсшы два ракетныя ўдары па жылой забудове ў цэнтральнай частцы горада. Паводле папярэдніх даных загінулі тры чалавекі, яшчэ 10 чалавек атрымалі раненні, сярод іх трое дзяцей. Паведамленні аб магчымых пацярпелых працягваюць паступаць.

У выніку атакі Ізюмская і Балаклейская грамады ў Харкаўскай вобласці цалкам засталіся без электразабеспячэння.

Расійскія беспілотнікі ў ноч на 17 лістапада атакавалі Ноўгарад-Северскі ў Чарнігаўскай вобласці, у выніку чаго былі пашкоджаны прыватныя дамы і магазін.

У расійскім Арле позна ўвечары 16 лістапада прагрымелі выбухі. Мясцовыя крыніцы паведамляюць пра магчымую атаку на Арлоўскую ЦЭЦ.

* * *

584506605_1193347542978322_6475884718109193483_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра падрыхтоўку новага законапраекта, які прадугледжвае ўвядзенне «вельмі строгіх санкцый» супраць любой краіны, якая працягвае весці бізнес з Расіяй, піша Reuters.

Падчас размовы з журналістамі Трамп пацвердзіў, што рэспубліканцы працуюць над заканадаўчай ініцыятывай па ўзмацненні эканамічнага ціску на Расію праз яе гандлёвых партнёраў. Па словах прэзідэнта, ён асабіста прапанаваў гэту ідэю.

«Як вы ведаеце, я прапанаваў гэта, таму супраць любой краіны, якая вядзе бізнес з Расіяй, будуць ужыты вельмі строгія санкцыі», — сказаў Трамп.

Паводле яго слоў, заканадаўцы разглядаюць магчымасць уключыць у гэты спіс Іран. Ён удакладніў, што рашэнне па Тэгеране можа быць прынята ў працэсе дапрацоўкі законапраекта.

* * *

Папа Рымскі Леў XIV у сацсетцы X (Twitter) заклікаў свет «не прывыкаць да вайны» ва Украіне пасля новых атак Расіі на мірныя гарады.

У прыватнасці пантыфік паведаміў, што ён «глядзіць з сумам» на навіны пра новыя атакі на ўкраінскія гарады, у тым ліку на Кіеў.

«Гэтыя ўдары прыводзяць да гібелі і раненняў людзей, сярод іх ёсць дзеці, і наносяць сур'ёзную шкоду грамадзянскай інфраструктуры, пакідаючы сем'і без даху над галавой з надыходам халадоў. Мы не павінны прывыкаць да вайны і разбурэнняў!», — напісаў ён.

Леў XIV заклікаў каталікоў маліцца за наступленне «справядлівага і трывалага міру» ва Украіне. Ён запэўніў, што захоўвае блізкасць да «людзей, якія перажылі такія суровыя выпрабаванні і жорстка пакутуюць».

* * *

Адмена сустрэчы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна ў Будапешце з'яўляецца стратэгічнай памылкай Расіі, заявіў прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб у інтэрв'ю Associated Press.

Рашэнне аб адмене сустрэчы Трампа і Пуціна было прынята пасля тэлефоннай размовы паміж дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё і міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым. Стуб адзначыў, што падчас гэтай размовы Рубіё, верагодна, усвядоміў, што «расіяне не адступілі ні на ёту», а значыць «няма сэнсу ставіць прэзідэнта Трампа ў сітуацыю, у якой ён не атрымае ні пагаднення, ні чагосьці іншага».

Стуб лічыць, што ЕС наўрад ці адкрые прамы канал камунікацыі з Пуціным у найбліжэйшы час, а таму толькі адзін чалавек цяпер можа весці прамыя і публічныя перамовы з Пуціным, — і гэта Трамп.

«Адмена сустрэчы была яшчэ адным прыкладам стратэгічнай памылкі расіян. У іх была магчымасць, і яны яе ўпусцілі», — падкрэсліў прэзідэнт Фінляндыі.