Дабраахвотныя атрады ветэранаў МУС: асабістая «армія» Дзьмітра Паўлічэнкі?
Асацыяцыя «Гонар» — грамадскае аб'яднаньне, фармальна непадпарадкаванае камандаваньню ўнутранымі войскамі і ўвогуле якім-небудзь дзяржаўным вайсковым структурам. Але чальцы аб'яднаньня трэніруюцца вядзеньню паўнамаштабных баявых дзеяньняў і тэрарыстычным прыёмам. А праводзяць іх заняткі байцы прыватнае вайсковае кампаніі «Вагнэр». Паглядзім бліжэй на «вотчыну» Дзьмітра Паўлічэнкі.

Грамадскае аб'яднаньне «Беларуская асацыяцыя ветэранаў падраздзяленьняў спецыяльнага прызначэньня войскаў МУС "Гонар"» было зарэгістраванае ў кастрычніку 1997 года. У 2007 годзе старшынём рады гэтага аб'яднаньня стаў палкоўнік запаса Дзьмітры Паўлічэнка, былы камандзір 3-е асобнае брыгады спецпрызначэньня (в/ч 3214), адзін з асноўных падазраваных у выкраданьні і (або) забойствах Юры Захаранкі, Віктара Ганчара. Анатоля Красоўскага і Дзьмітра Завадскага. Пад ягоным кіраўніцтвам на пачатку 2023 года пры асацыяцыі «Гонар» быў сфармаваны дабраахвотны атрад з ветэранаў падраздзяленьняў спецпрызначэньня. Трэнаваньне атрада пачалося з 2023 года, а ў 2025-м ужо стала практычна штотыднёвым.
Пытаньнямі технічнага аснашчэньня дабраахвотнага атрада займаецца камандаваньне ўнутранымі войскамі МУС, трэнуюцца яны на пляцоўках вайсковых частак унутраных войскаў. Заняткі падраздзяленьняў дабраахвотнага атрада рэгулярна наведвае Дзьмітры Паўлічэнка, кантралюючы працэс трэніровак.
Удзел у трэнаваньні чальцоў атрада бяруць «інструктары з баявым досьведам». Аб якіх інструктарах ідзе гаворка, стаецца зразумелым зь пераліку мерапрыемстваў асацыяцыі «Гонар» за 2023 і 2024 гады, разьмешчаным на яе старонцы.
11 жніўня 2023 года адбылася сустрэча кіраўніцтва асацыяцыі «Гонар» з удзельнікамі прыватнае вайсковае кампаніі «Вагнэр». Пасьля чаго, пачынаючы зь верасьня 2023 года, «вагнэраўцы» ў якасьці інструктараў рэгулярна сталі трэнаваць падраздзяленьні дабраахвотнага атрада.
Пры гэтым дісцыпліны трэніровак больш уласьцівыя поўнамаштабным баявым дзеяньням, чым спецаперацыям, якімі займаюцца ўнутраныя войскі. У тым ліку: цэлеўказаньне і карэктыроўка працы артылерыі; устаноўка палос мінна-выбуховых загародаў; захоп інжэнерных абарончых умацаваньняў праціўніка; штурм акопаў.
На відэа трэніровак ад кастрычніка 2024 года бачныя супрацьпяхотная міна ПМН-2 і супрацьтанкавая міна ТМ-62.
Маецца таксама згадка пра тое, што ўдзельнікі дабраахвотнага атрада ў жніўні 2025 года займаліся адпрацоўкай нестандартных метадаў устаноўкі самаробных выбуховых прыладаў – то-бок прадметаў, якія знаходзяцца ў «арсенале» тэрарыстаў, а не сілавікоў або вайскоўцаў.

У другой палове 2024 года на падставе рэгіянальных аддзяленьняў асацыяцыі «Гонар» пачалі ўзьнікаць рэгіянальныя падраздзяленьні дабраахвотнага атрада. Першым зь іх, у кастрычніку 2024-га, у сацсетках асацыяцыі «Гонар» было згаданае гомельскае. Зьвесткі пра іншыя датуюцца ўжо 2025 годам, то бок менавіта ў гэтым годзе фактычна пачала стварацца рэгіянальная структура ваенізаваных дабраахвотных атрадаў, падпарадкаваных Дзьмітру Паўлічэнку. Аб некаторых зь іх варта распавесьці падрабязней.
Берасьцейскае падраздзяленьне ўзначаліў кіраўнік берасьцейскага аддзяленьня асацыяцыі «Гонар» Пятро Маўчан, былы намеснік камандзіра берасьцейскага АМАП. Пра яго вядома, што ён кіраваў затрыманьнямі людзей у Берасьці ў кастрычніку 2018 года падчас пратэстаў супраць будаваньня акумулятарнага завода.
Іншы ўдзельнік берасьцейскага падраздзяленьня, якога ўдалося высьветліць, — Уладзімір Санковіч. Прынамсі станам на кастрычнік 2023 года Санковіч яшчэ быў дзеючым супрацоўнікам унутраных войскаў — часова выконваў абавязкі намесніка кіраўніка берасьцейскага АМАП. Зафіксаваны ягоны ўдзел у затрыманьнях і зьбіцці людзей.
Магілеўскім падраздзяленьнем дабраахвотнага атрада кіруе былы супрацоўнік 3-й асобнай брыгады спецпрызначэньня Дзьмітры Сьвірыд. Магілеўскія «дабраахвотнікі» асабліва падкрэсьліваюць свае сяброўскія адносіны з удзельнікамі ПВК «Вагнэр». Па-першае, 1 траўня 2025 года яны ў сваім тэлеграм-канале адзначылі дзень заснаваньня ПВК, напісаўшы, што вагнэраўцы «перадаюць досьвед нашым байцам». Па-другое, у чэрвені 2025 года прадстаўнікі магілеўскага падраздзяленьня наведалі адзін з падлеткавых лагераў у Менскай вобласьці. Асаблівасьць лагера была ў тым, што арганізаваў яго ваенрук смалявіцкае школы нумар 5 на імя Ільля, вядомы як адзін з «музыкантаў», то бок чальцоў ПВК «Вагнэр».
Кіраўніком ваенна-патрыятычнага выхаваньня ў згаданай школе зьяўляецца Ільля Пухіта, ён жа кіруе ваенна-патрыятычным клубам «Фенікс». Такім чынам, выхаваньнем смалявіцкіх дзяцей займаецца «вагнэравец».
Вывучаючы дзейнасьць яшчэ аднаго падраздзяленьня — Полацкага — удалося высьветліць вельмі цікавую асобу. Гэта Артур Радамскі з Наваполацку — на здымку ён другі зьлева. Дакладна невядома, ці служыў ён калісьці ва ўнутраных войсках (дарэчы, гэта можа значыць, што да ўдзелу ў атрадзе далучаюцца ня толькі былыя сілавікі), але ён зьяўляецца адным зь кіруючага складу прарасейскае парамілітарнае групоўкі «Казачий спас», якую ўзначальвае Пятро Шапко. Радамскі ўказаны як кантактная асоба на старонцы «Казачага спаса» ў сацсетцы «ўкантакце», а таксама называе сябе атаманам полацкага аддзяленьня.

Артур Радамскі з Наваполацку — на здымку другі зьлева
Іншы казак з гэтае групоўкі, Дзяніс Шульговіч, у якасьці байца дабраахвотнага атрада «Гонар» у жніўні 2025 года наведваў дзіцячы лагер «Арляняты» пры сумнавядомым Сьвята-Елізавецінскім манастыры. На здымку з гэтае сустрэчы палотнішча з эмблемай асацыяцыі «Гонар» і палотнішча з эмблемай «Казачага спаса» бачныя побач адно аднаго. То бок, судзячы з усяго, «дабраахвотнікі» з атрада «Гонару» і казакі з «Казачага спаса» ўзаемадзейнічаюць і супрацоўнічаюць.

Атрымліваецца, што пад эгідай дабраахвотнага атрада пры асацыяцыі ветэранаў падраздзяленьняў спецпрызначэньня «Гонар» фармуецца баявая адзінка зь людзей, якія будуць валодаць навыкамі як правядзеньня спецаперацыяў, так і ўдзелу ў баявых дзеяньнях.
Варта нагадаць, што асацыяцыя «Гонар» — грамадскае аб'яднаньне, фармальна непадпарадкаванае камандаваньню ўнутранымі войскамі. І, прынамсі фармальна, чалавекам, які можа даць загад «дабраахвотнікам» атрада, ёсьць старшыня рады асацыяцыі — Дзьмітры Паўлічэнка.