Сяргей Навумчык: Ніякіх “лібералізацый” ды “адлігаў” пры ягоным жыцьці не адбудзецца
Псіхалагічныя прычыны спадзяваньняў некаторых на «перагарнуць старонку» і нават на «адлігу» зразумелыя. На жаль, яны марныя і абсалютна фантомныя, піша Сяргей Навумчык.

Лукашэнка ўвёў рэжым у якасна іншы статус, калі хаця б мінімальная ін’екцыя дэмакратыі непазьбежна прывядзе да страты ўлады. Ён гэта адчувае на ўзроўні інстынкту самазахаваньня, разьвітага ў яго надзвычайна.
Зразумела, трэба выкарыстоўваць усе магчымасьці для вызваленьня палітвязьняў. Але адначасна ўсьведамляць, што ніякіх “лібералізацый” ды “адлігаў” пры ягоным жыцьці не адбудзецца — ён сам пра тое кажа, і тут яму варта верыць. Можа быць толькі часовае запавольваньне інтэнсіўнасьці тэрору, але сам тэрор ніколі ня спыняцца.
Ёсьць яскравы гістарычны прыклад: пад канец 40-х Сталін зьменьшыў тэмп рэпрэсій, нават адмяніў сьмяротнае пакараньне, але арышты не спыняліся, у ГУЛАгу пакутвалі мільёны. Дзіўна было б лічыць тое адлігай: самы “лагодны” сталінскі год быў напоўнены ўсім тым, што жыхару дэмакратычнай дзяржавы справядліва падалося б кашмарам.
Між іншым, успаміны паплечнікаў і архіўныя дакумэнты стведчаць, што Сталін рыхтаваў куды больш маштабныя рэпрэсіі, чым у 37-м — але ў сакавіку 53-га Гасподзь меў іншыя планы.
І ядзерная бомба не ўратавала.