Анджэя Пачобута зноў на паўгода кінулі ў ПКТ. Хронікі рэпрэсій 7 кастрычніка
Як стала вядома БАЖ, палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута яшчэ 23 жніўня змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) на шэсць месяцаў — да лютага 2026 года. Дакладна не вядома, ці знаходзіцца журналіст у адзіночнай камеры.

У верасні з Анджэям Пачобутам зноў на працяглы час перарывалася ліставанне. Праз што можна падазраваць, што ён быў у штрафным ізалятары, дзе вязням не дазваляюць нават лісты. Журналіст таксама не атрымлівае ні рэчавых, ні харчовых перадач, а ў ПКТ агулам урэзанае харчаванне.
Старшыня Саюза палякаў у Беларусі Анжэліка Борыс пасля апошняй сустрэчы з Пачобутам у наваполацкай калоніі сёлета 23 верасня зазначала, што ён вельмі схудней і важыць 73 кілаграмы, што «крытычна мала». Спадарыня Борыс паведаміла пра агульнае пагаршэнне здароўя палітзняволенага журналіста — высокі артэрыяльны ціск, прыступы арытміі. Таксама ў гутарцы з польскім выданнем Rzeczpospolita яна распавядала пра аперацыю па выдаленні язваў са скуры, якую нядаўна перанёс палітзняволены журналіст.
Крыніца БАЖ удакладніла, што Пачобуту выдалялі фурункулы. Дакладна невядома, ці гнойную аперацыю рабілі ў шпіталі, ці ў медчастцы калоніі. Хутчэй за ўсё — у медчастцы, мяркуе крыніца.
Блізкія Дзяніса Івашына атрымалі ад яго паштоўкі
Пра гэта паведаміла жонка вязня Вольга Івашына. Паводле яе, віншавальная паштоўка з нагоды знаёмства сужэнцаў не датаваная. Другую ж паштоўку да маці Дзяніс падпісаў 1 кастрычніка, што сведчыць пра тое, што ў той дзень яго выпусцілі з ШІЗА ў звычайную камеру.
Стаў вядомы прысуд супрацоўніцы Ernst & Young, якую двойчы за год асудзілі па палітычных справах
Крысціну Сашнікаву першы раз асудзілі ў кастрычніку 2024 года. Тады яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе (арт. 342 КК). Паводле «Спісу экстрэмістаў», тады дзяўчыну асудзілі да пазбаўлення волі.
Цяпер стала вядома, што ў жніўні над Крысцінай адбыўся ўжо другі суд. Гэтым разам яе асудзілі паводле арт. 361‑2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 3 арт. 361 КК (заклік да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды Беларусі), ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы).
Па інфармацыі «Вясны», Крысціне прызначылі чатыры гады пазбаўлення волі. Яна адбывае тэрмін у жаночай калоніі № 24 у Зарэччы.
«Пад запіс на камеру задавалі пытанні, сканіравалі тэлефон, перапіску». Як цяпер праходзяць допыты на мяжы Беларусі
Штодня ў пунктах пропуску на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам сілавікі правяраюць тэлефоны, праводзяць допыты і затрыманні. Журналісты BGmedia вывучылі, што апошнімі днямі пісалі ў прыгранічных тэлеграм-чатах.
У прыгранічных чатах пішуць, што на гутаркі адпраўляюць «рэвалюцыянераў», тых, хто трапіў у базу, тых, хто даўно не быў у Беларусі:
Вядома, што падчас допытаў сілавікі патрабуюць разблакаваць тэлефон. А ў тых, каго выклікалі на «гутарку», потым скрупулёзна правяраюць асабістыя рэчы. І самі допыты займаюць шмат часу.
Часцей за ўсё ў прыгранічных чатах пішуць пра допыты грамадзян Украіны на ўездзе ў Беларусь. Прычым мытнікі правяраюць іх рэчы ўручную, тады як беларусаў — праз стужку і сканер.
«На беларускай пад запіс на камеру задавалі пытанні, сканіравалі тэлефон, перапіску. Было шмат пытанняў, хацелі падрабязна ведаць, што рабіла ва Украіне, у каго жыла, ці мела зносіны са спецслужбамі».