Сузаснавальніка Wargaming завочна асудзілі да 13 гадоў. Хронікі рэпрэсій 6 кастрычніка

Сузаснавальніка і былога топ-менеджара кампаніі Wargaming Мікалая Кацалапава завочна асудзілі да 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама прызначылі штраф у памеры 50 тысяч базавых велічыняў (2 мільёны 100 тысяч рублёў).

1_1097_1.png

Справу Мікалая з 26 жніўня да 8 верасня разглядаў Мінскі гарадскі суд. Яму былі інкрымінаваныя ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 арт. 290-1 КК (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці).

Раней прапагандысты паведамлялі, што Кацалапаў нібыта зрабіў «дзясяткі пераводаў у крыптавалюце» на «сотні тысяч даляраў» у розныя «экстрэмісцкія» ініцыятывы. У студзені 2023 яго ўнеслі ў спіс «тэрарыстаў».

Папаўненне «спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У яго трапілі старонка ў Facebook «Дыяспара беларусаў у Польшчы па беларуску», старонкі ў «Аднакласніках» «Янаў», «ПИНСК РУЛИТ!», YouTube-канал «Витебщина как есть», а таксама TikTok-старонка «viciebsk.livе».

Актывісту Андрэю Буку замянілі неадседжаныя «суткі» на штраф

На сваёй старонцы ў Facebook актывіст з Шаркаўшчыны распавёў, што атрымаў позву ў раённы суд, звярнула ўвагу «Віцебская Вясна». Там было пазначана, што яго выклікаюць «па заяве Шаркаўшчынскага РАУС дзеля вырашэння пытання, звязанага з выкананнем пастановы аб адміністрацыйным пакаранні».

Калі 3 кастрычніка Андрэй прыйшоў у суд, высветлілася, што гаворка вядзецца пра зусім даўнія падзеі. 28 кастрычніка 2024 году яму прызначылі 5 сутак арышту за «несанкцыянаванае пікетаванне», але адбываць іх актывіста не забралі. З таго часу яго судзілі яшчэ раз сёлета: 3 лютага яго пакаралі штрафам памерам 50 базавых велічынь — зноў за «несанкцыянаванае пікетаванне».

«Замена неадбытых сутак на 20 базавых», — напісаў актывіст Facebook пасля суда.

У Гомельскай вобласці затрымліваюць людзей за анлайн-апытанне 5-гадовай даўніны

Як мінімум у адным з буйных райцэнтраў Гомельшчыны сілавікі праводзяць затрыманні работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама правяраюць іх акаўнты ў Telegram на прадмет удзелу ў анлайн-апытанні, якое было апублікавана 15 жніўня 2020 года. Пра гэта «Флагштоку» паведаміў мясцовы жыхар.

Апытанне тычылася прэзідэнцкіх выбараў — карыстальнікам з Беларусі прапаноўвалі адзначыць кандыдатаў, за якіх яны прагаласавалі на ўчастках. У апытанні прынялі ўдзел больш за 2,4 млн чалавек, 51% з якіх паведаміў, што галасаваў за Святлану Ціханоўскую. Лукашэнку свае галасы аддалі ўсяго 4% удзельнікаў апытання.

Пост з анлайн-апытаннем набраў больш за 10 млн праглядаў і быў апублікаваны на канале «Telegram Беларусь». Мяркуецца, што гэта афіцыйны канал мэсэнджэра. Прапанова прыняць удзел у апытанні прыходзіла тады ўсім карыстальнікам Telegram з беларускімі сім-картамі.

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — «Sandӓr»

Адпаведнае рашэнне было прынятае МУС 6 кастрычніка. Гаворка пра Telegram-канал «Sandӓr» і Telegram-чат «Эзотерическая общественность 2.0».

Паводле ведамства, дачыненне да фармавання маюць Усевалад Мачэкін і Уладзіслаў Бутвянкоў.

Пенсіі палітвязняў цяпер забірае калонія — праваабаронцы звярнуліся ў ААН

У Беларусі з 1 кастрычніка запрацавалі змены ў законе «Аб пенсійным забеспячэнні». Адна са зменаў тычыцца выплаты пенсій тым, хто знаходзіцца ў зняволенні, у тым ліку палітвязням. Цяпер пенсію пералічваюць не на асабісты рахунак вязня, а непасрэдна на рахунак папраўчай установы.

У сувязі з гэтым юрыстка «Вясны» Вікторыя Рудзянкова даслала зварот спецдакладчыку ААН па пажылых людзях і па Беларусі, а таксама патлумачыла, чаму такія змены можна трактаваць як жорсткае абыходжанне.

«У беларускіх калоніях, дзе адміністрацыі сістэмна і беспакарана злоўжываюць сваімі паўнамоцтвамі, гэты закон яўна прапісаны менавіта для злачынных мэтаў. Заканадаўства агулам і ў прыватнасці ў дадзеным выпадку перабудоўваецца пад рэпрэсіўны механізм, а ў людзей застаецца ўсе меней зафіксаваных у беларускіх законах гарантый ажыццяўлення іх правоў чалавека».

У СІЗА ў Гомелі ўтрымліваецца экс-палітвязень і ягоная жонка

«Гомельская Вясна» паведамляе, што ў СІЗА № 3 утрымліваюцца былы палітзняволены Станіслаў Мачалаў, а таксама ягоная жонка Святлана Якубовіч. Пара пабралася шлюбам, калі палітвязень быў зняволены папярэдні раз. Затрымалі Святлану і Станіслава яшчэ напрыканцы кастрычніка 2024 года.

Летась 19 снежня праваабарончая супольнасць вызнала яе палітычнай зняволенай. Згодна з наяўнай тады ў праваабаронцаў інфармацыі, ёй выстаўлялі абвінавачванні паводле артыкула 357 КК у «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам». Але ў чым іх дакладна абвінавачваюць — невядома.

У канцы верасня стала вядома, што роднага брата Станіслава Мачалава Ігара асудзілі па «справе Гаюна». Пакаранне, вынесенае Ігару, зараз высвятляецца, але вядома, што яно не звязанае з пазбаўленнем волі.

Вядомую ютуб-блогерку затрымалі на мяжы за ўдзел у пратэстах — за кратамі яе пратрымалі больш за тры месяцы

5 кастрычніка ў 29-гадовай Караліны Канановіч з Мінска, вядомай як відэаблогерка Караліна К., пасля чатырохмесячнай цішыні на канале з'явілася відэа, дзе дзяўчына распавяла, што гэты час яна правяла за кратамі. Больш за 2 гады блогерка жыве ў Амстэрдаме, але часам прыязджала да сваякоў у Мінск. Чарговая паездка ў Беларусь напачатку чэрвеня скончылася затрыманнем.

У 2020 годзе дзяўчына, асвятляя на канале сваё жыццё, паказвала, як восенню хадзіла на пратэст і збягала ад сілавікоў (гэта відэа ўжо даўно не дасяжнае на канале). Верагодна, гэта і стала прычынай пераследу.

Паводле «народнага» артыкула 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) Караліне прызначылі два гады і два месяцы «хатняй хіміі». Прысуд набывае моц 6 кастрычніка, але дзяўчына з'ехала з Беларусі.

 У гомельскім СІЗА-3 адміністрацыя адмаўляецца ўключыць ацяпленне

У камерах халодна, частка людзей — без цёплых рэчаў. Некаторыя вымушана адмаўляюцца ад шпацыраў, бо мерзнуць. Ад пераахалоджвання расце колькасць вязняў з прастудай.

Хаця на Гомельшчыне ацяпляльны сезон пачаўся яшчэ 26 верасня, у СІЗА-3 адказваюць: «Да 15 кастрычніка цяпла не будзе».

«Гомельская Вясна» звяртае ўвагу, што ў СІЗА знаходзяцца людзі, чыя віна яшчэ не даказаная — яны чакаюць суду.