Суд Бабруйскага раёна прызнаў «экстрэмісцкім» сайт Рады міністраў Паўночных краін. Хронікі рэпрэсій 3 кастрычніка
У судзе Бабруйска і Бабруйскага раёна 2 кастрычніка прызналі «экстрэмісцкімі» сайт і старонку ў Facebook Рады міністраў Паўночных краін і Усходнееўрапейскага дэмакратычнага цэнтру. Рада міністраў Паўночных краін — гэта міжурадавы форум, створаны пасля Хельсінкскага дагавора. Мэта Рады міністраў Паўночных краін — садзейнічаць супрацоўніцтву паміж Паўночнымі краінамі (Данія, Фінляндыя, Ісландыя, Нарвегія, Швецыя).

Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі старонкі ў сацсетках праектаў «Беларусь у войнах», «Belarus Tomorrow» і «Ucentry.Hrodna. Месца з гісторыяй», Facebook-старонкі «Iwanow Iwan», «Alina Brown», «Ambasciata popolare della Belarus in Italia», «Fundacja Spadczyna Bialorusi», Telegram-каналы «Sandär», «Эзотерическая общественность 2.0», «аморальные высказывания кф», TikTok-старонкі «Белая Рутения», «kbochkov 2020», «triada.history».
Больш за 6 тысячаў беларускіх настаўнікаў пазбавіліся працы праз рэпрэсіі
Пра гэта паведаміў дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч:
«Я разумею, што сёння вельмі цяжка быць настаўнікам ці настаўніцай у Беларусі. Вас нагружаюць бясконцай справаздачнасцю, празмернай нагрузкай і кантролем з боку ўлады. Больш за 6 тысячаў настаўнікаў і настаўніц пазбавіліся працы праз рэпрэсіі, звыш 50 чалавек прайшлі праз пекла катаванняў у калоніях і на «хіміі», некаторыя і цяпер знаходзяцца за кратамі».
Паводле трох палітычных артыкулаў у Гомелі зняволілі жанчыну пенсійнага веку
У Гомельскім абласным судзе асудзілі 62-гадовую жыхарку Гомеля Ірыну Кролікаву. Яе абвясцілі вінаватай ва ўваходжанні ў экстрэмісцкае фармаванне (частка 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса), у абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 КК), паведамляе Гомельская Вясна. Вядома, што жанчыне прысудзілі рэальнае зняволенне ў калоніі і прысуд набыў моц, але дакладны тэрмін праваабаронцы зараз намагаюцца высветліць.
Ірыну Кролікаву затрымлівалі ў студзені паводле артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Падчас арышту была сфабрыкавана крымінальная справа.
У Мінску на таргі зноў выставілі чатырохпакаёвую кватэру, у якой раней была прапісана спартсменка Аляксандра Герасіменя
Раней гэтую нерухомасць ужо выстаўлялі на аўкцыён, але не змаглі прадаць, піша @zerkalo_io.
Нагадаем, у снежні 2022 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў трохразовай медалістцы Алімпійскіх гульняў 12 гадоў калоніі завочна.
Акрамя таго, у Аляксандры Герасімені была канфіскавана маёмасць: больш за 48 тысяч долараў на рахунках, машына Land Rover, мабільныя тэлефоны, кватэра, машына-месца, халадзільнік, акустычная сістэма і гэтак далей.
28 кастрычніка Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыю на завочны прысуд cаўладальніку Wargaming Мікалаю Кацалапаву
Нагадаем, справу Мікалая 26 жніўня разглядаў Мінскі гарадскі суд. Яму былі інкрымінаваныя ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 2 арт. 290-1 КК (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці). Які прысуд вынеслі Кацалапаву — невядома.
Раней прапагандысты паведамлялі, што Кацалапаў нібыта зрабіў «дзясяткі пераводаў у » на «сотні тысяч даляраў» у розныя «экстрэмісцкія» ініцыятывы. У студзені 2023 яго ўнеслі ў спіс «тэрарыстаў».
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 31 прозвішча — цяпер у ім 5848 чалавек
3 кастрычніка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі: грамадзяніна РФ Максіма Гелясіна, а таксама шэсць чалавек, якіх асудзілі паводле «народнага» арт. 342 КК, але вызвалілі ад адказнасці «ў сувязі з выхадам тэрміну прыцягнення».
Артыкул 130 КК мае тэрмін даўніны ў 5 гадоў — напрыклад, калі чалавек напісаў каментар, які сілавікі палічылі «распальваннем варожасці», але з таго моманту прайшло ўжо больш за 5 гадоў, то чалавека павінны вызваліць ад адказнасці.
«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса.