Максім Вінярскі: Пакуль у краіне дыктатура, ніводзін чалавек, які жыве ў ёй, не знаходзіцца на волі
«Немагчыма адабраць у чалавека Радзіму, калі ён сам не гатовы яе аддаць», перакананы Максім Вінярскі, якога разам з іншымі палітвязнямі 11 верасня «вызвалілі» і вывезлі з Беларусі. «Новы Час» пагутарыў з актывістам пра яго затрыманне, турэмнае жыццё і пра тое, што ёсць цяпер галоўнай задачай для ўсіх нас.

Максім Вінярскі
Максім Вінярскі — каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», у студзені 2021 года быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Супраць яго распачалі крымінальную справу па арт. 293 КК («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). У траўні 2021-га Магілёўскі абласны суд асудзіў Вінярскага на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 11 верасня 2025 года яго разам з іншымі палітвязнямі вызвалілі і вывезлі да літоўскай мяжы.
Затрыманне
Маіх калег і сяброў з «Еўрапейскай Беларусі» затрымалі 25 верасня 2020 года. У гэты час я быў на сустрэчы з выключаным тэлефонам, і мяне не змаглі вылічыць.
Калі зразумеў, што мае сябры зніклі з сувязі, я адразу здагадаўся, што адбылося, і з гэтага моманту перайшоў на нелегальнае становішча.
Я ўсведамляў, што рана ці позна мяне арыштуюць, але не хацеў ні з’язджаць з краіны, ні палягчаць працу спецслужбам.
У вышуку я быў амаль чатыры месяцы. У студзені 2021 года ім удалося вызначыць дакладнае месца майго знаходжання.
Я пачуў, як ламалі дзверы ў тамбур, зразумеў, што зараз будуць выбіваць і ўваходныя дзверы ў кватэру, і паведаміў сябру пра тое, што адбываецца. Пасля затрымання мяне даставілі ў так званы ГУБАЗіК, дзе са мной нейкі час спрабавалі праводзіць допыт.
Інфармацыя пра тое, што мяне затрымалі, хутка трапіла ў СМІ, і гэта сапсавала «гульню» аператыўнікаў — яны ўжо не маглі дазволіць сабе паводзіць сябе так, як хацелі.
Прыйшоў нейкі чалавек у масцы і сказаў: «Хлопцы, пра яго ўжо ведаюць, што ён затрыманы, гэта ўсюды напісана, таму згортваем допыт, вязем у Следчы камітэт, дзе будзе прад’яўленае абвінавачанне». Так яно і было: мяне даставілі ў СК, і ў прысутнасці дзяжурнага адваката мне прад’явілі абвінавачанне паводле артыкула 293 і прапанавалі даць паказанні.
Не прызнаў віны і адмовіўся даваць паказанні
Судовы працэс над намі — Афнагелем, Войнічам, Северынцам, Юхневічам, Казловым і Шчаснай — быў закрытым. Але калі ім было што хаваць, то мне хаваць не было чаго. Чаму закрываюць суды?
Па-першае, так прасцей не рабіць сваю працу — проста схалтурыць. Калі абвінавачанне ведае, што акрамя суддзі, адвакатаў, звязаных падпіскай аб неразгалошванні, і падсудных, якіх адправяць у месцы пазбаўлення волі, ніхто не даведаецца, што адбывалася ў судзе, то ім значна прасцей: нічога даказваць не трэба. Суддзя махнула малаточкам, пстрыкнула вачыма — і ўжо гатовы абвінаваўчы прысуд.
Ну, а па-другое, суд — гэта свайго роду палітычная трыбуна, якая дазволіла б выказацца і зафіксаваць пазіцыю не толькі дыктатуры і яе паслугачоў, але і тых, хто з ёй змагаецца, хто не згодны маўчаць і пакорліва граць навязаную яму рабскую ролю.
Яны баяцца людзей, якія свабодна думаюць, і не хочуць, каб іх пачулі. Цемра заўсёды баіцца святла праўды.
Агучванне рэзалюцыйнай часткі прысуду было адкрытым. На яго дапусцілі журналістаў і некалькіх нашых сваякоў. Адзінае, што мы маглі зрабіць, — гэта паспрабаваць падтрымаць тых, хто працягваў супраціўляцца, падтрымаць тых, хто заставаўся на волі. І мы гэта зрабілі.
А што да самога прысуду і прызначаных па нашай справе тэрмінаў, то яны самі па сабе нічога не азначаюць, асабліва з улікам таго, як мала сённяшняя ўлада звяртае ўвагу на законы, правілы і фармальнасці. І пяць, і сем гадоў адным росчыркам пяра могуць ператварыцца ў дзесяць, дванаццаць ці пятнаццаць. А могуць і абнуліцца, калі так будзе выгадна.
Гэтыя тэрміны — толькі пацвярджэнне таго, што мы рабілі менавіта тое, што трэба было рабіць. Пакуль у нашай краіне дыктатура, ніводзін чалавек, які жыве ў ёй, не знаходзіцца ў поўным сэнсе гэтага слова на волі.
І чалавек, які сядзіць у калоніі, і чалавек, які жыве пад пагрозай трапіць у калонію, — яны альбо аднолькава ўнутры свабодныя і гатовыя выказваць сваю пазіцыю, бараніць тое, што ім дарагое, змагацца з тым, што яны лічаць непрымальным, альбо аднолькава не гатовыя гэта рабіць і самі сябе абмяжоўваюць, гнуць, цэнзуруюць.
Турэмнае жыццё
Што да таго, як праходзяць дні ў калоніі: дзень за днём, турэмнае жыццё — гэта руціна, руціна і яшчэ раз руціна. Але заўсёды варта памятаць, што мы не жывём паасобку.
Калонія — гэта найперш людзі, якія знаходзяцца на вачах адзін у аднаго 24/7. Кожны твой крок, кожнае дзеянне, кожны ўчынак, праява сілы ці слабасці будзе заўважана.
У пэўным сэнсе кожны з’яўляецца прыкладам для сваіх суседзяў і не толькі. Інфармацыйны голад і ізаляцыя прымушаюць яшчэ ўважлівей сачыць за тым, што адбываецца вакол цябе. Калі прыклад пазітыўны — яго будуць пераймаць, і ён будзе ўплываць на ўсіх, каго аднясуць да гэтай жа катэгорыі. Тое самае і з негатыўным прыкладам. Праяўляць слабасць, баязлівасць, подласць — гэта можа кінуць цень не толькі на цябе самога, але і на іншых людзей побач з табой.
І на волі, і ў зняволенні сапраўдны чалавек застаецца чалавекам, гатовым прыйсці на дапамогу таму, хто ў ёй мае патрэбу, стаць на шляху беззаконня і дамагацца трыумфу справядлівасці.
Адміністрацыя калоніі ўвогуле не схільная па сапраўднаму выконваць нават уласныя правілы. У калоніях не вісіць поўная версія ПВР — правілаў унутранага распарадку ўстановы. Больш за тое, атрымаць гэтыя правілы на рукі для вывучэння асуджаны ў прынцыпе не можа. Я нават ведаў людзей, якім родныя дасылалі іх поштай, але ім усё роўна не выдавалі. У адным выпадку, пра які я дакладна ведаю, асуджанаму сказалі:
«Калі трэба будзе — прыйдзеш да начальніка атрада, калі ён будзе на службе, скажаш, што табе патрэбна, і ён пры сабе дасць паглядзець у кабінеце».
І гэта яскрава паказвае, што яны не гатовыя выконваць нават тыя правілы, якія нібыта для іх жа і напісаны, хаця, здавалася б, усё там павінна быць толькі на іх карысць.
За ўвесь тэрмін у мяне не было ніводнага доўгага спаткання. Было некалькі кароткіх — па чатыры гадзіны праз пластыкавую перагародку, калі ты ўсё роўна гаворыш фактычна праз тэлефон. Адзіная розніца ў тым, што праз празрысты пластык ты бачыш сваіх родных насупраць.
Глядзіце таксама

Пісаць палітвязням трэба і вельмі важна
З ліставаннем усё вельмі складана. Для многіх вязняў перапіску проста перакрываюць.
У маім выпадку мне маглі пісаць толькі мама і сястра, уся мая перапіска была звядзеная да двух людзей. Больш за тое, нават ад іх і да іх далёка не ўсё прапускалася. На жаль, гэта цяпер абсалютная норма.
Пісаць палітвязням трэба і вельмі важна. Я сам сутыкаўся з сітуацыяй, калі супрацоўнік (не буду называць яго імя і пасаду), пачуўшы скаргу чалавека з «экстрэмісцкім» профулікам, што яму не пішуць, адказаў:
«Ну так, не пішуць. Кацельня ўжо не ўмяшчае тое, што яны вам не пішуць».
Таму падтрымка вельмі важная. Важна працягваць пісаць лісты, бо менавіта на гэта, на лісты, на рэакцыю ў СМІ, звяртаецца вялікая ўвага. Калі чалавекам цікавяцца, калі пра яго гавораць, калі пра яго пішуць у інтэрнэце, то адміністрацыі складаней з ім нешта зрабіць. І наадварот: калі пра чалавека ўсе забыліся, усе адвярнуліся — з ім можна рабіць усё, што заўгодна.
Найцяжэй прыходзіцца тым, хто асуджаны паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў, мае адпаведны прафулік, але не праходзіць па спісах палітвязняў.
Магчыма таму, што іхныя родныя баяцца кантактаваць з журналістамі і праваабаронцамі. А часам людзі і самі не да канца ўсведамляюць, што яны палітвязні. Я сустракаў людзей, якіх асудзілі за данаты, і дзіўна, але яны не заўсёды разумелі, што яны таксама асуджаныя менавіта як палітычныя.
Я цалкам перакананы: чым больш пра чалавека гавораць, чым больш пра яго пішуць, чым больш цікавяцца яго лёсам, тым большая яго абароненасць. Так, бываюць выключэнні, але выключэнні толькі пацвярджаюць правіла.
ШІЗА за «крысціны»
Што да штрафнога ізалятара: так, было — каля 150 сутак у ШІЗА і 8 месяцаў у ПКТ. Што ў ШІЗА, што ў ПКТ — заўсёды трапляеш толькі таму, што так трэба адміністрацыі. Іншай прычыны няма. Табе могуць напісаць рапарт за ўсё што заўгодна.
За любое парушэнне можаш атрымаць пакаранне як ШІЗА, так і пазбаўленне чагосьці — напрыклад, перадачы, пасылкі, права на доўгае або кароткае спатканне. Але за тое ж самае парушэнне можаш атрымаць проста «прафілактычную размову» ці пазачарговае дзяжурства па ўборцы тэрыторыі. Усё на меркаванне адміністрацыі.
Неяк у размове з аператыўнікам атрада я ўжыў слова «крысціны» Кажучы пра пакаранне. Размова скончылася без заўваг, але потым мне паведамілі, што на мяне складзены рапарт за выкарыстанне жарганізму. Найбольш смешнае ў тым, што ўсе — і асуджаныя, якія дапамагаюць адміністрацыі, і самі супрацоўнікі калоніі — самі ж называюць гэты працэс «крысціны».
Гэта выглядала так: да мяне прыходзіць дзяжурны, кажа — збірайся, ідзем на «крысціны». Я бяру пакет з асабістымі рэчамі, мы ідзём у клуб, дзе адбываецца пакаранне. Нас спыняе дзяжурны афіцэр і пытае: «Вы куды?» — «На крысціны». Даходзім да прыступак клуба, выходзіць іншы афіцэр і кажа: «А вы што, яшчэ не былі на «крысцінах?» І ўсё гэта адбываецца ў той самы момант, калі я іду атрымліваць пакаранне за тое, што ўжыў слова «крысціны».
Глядзіце таксама

Пра напад Расіі на Украіну даведаліся з тэлевізара ў пакоі выхаваўчай працы
Па-мойму, гэта быў канал «Расія 24». Вайна насамрэч пачалася яшчэ ў 2014 годзе. Тады ўжо ўваходзілі вайсковыя часткі, ужывалася цяжкая зброя, на акупаваных тэрыторыях праводзіліся этнічныя чысткі, фактычна ўводзіўся акупацыйны рэжым. Гэта ўсё мы бачылі шмат гадоў.
Але крывадушнасць агрэсара — бязмежная. Ён сарамліва называе гэта «спецыяльнай аперацыяй», нібыта гэтым можна каго-небудзь падмануць. І, дарэчы, кіраўніцтва калоніі таксама настойвала, што гэта не вайна, а «спецаперацыя».
Але як бы гэта ні называлі, большасць нармальных людзей цяпер разумее: усё, што можа прынесці Расія сваім суседзям, — гэта смерць, вайна і тэрарызм.
І небяспеку гэтага ўсведамляюць і вязні, і супрацоўнікі ДВП. Кіраўніцтва калоніі жорстка душыць любыя выказванні, у тым ліку і пра гэта. Я ведаю палітвязняў, якіх садзілі ў ШІЗА ці нават пераводзілі на турэмны рэжым толькі за тое, што яны адкрыта казалі: гэта не «спецаперацыя», а вайна. Гэта напад Расіі на Украіну, а не наадварот.
Каб не «заражаў іншых экстрэмізмам»
У ПКТ мяне перавялі, каб я менш кантактаваў і ўзаемадзейнічаў з іншымі людзьмі. Каб не «заражаў іх экстрэмізмам», не паказваў, што можна гаварыць і пісаць праўду. Каб не дэманстраваў сваю палітычную пазіцыю. Адна з магчымых прычын — тое, што я пісаў вершы, і іх змест не спадабаўся адміністрацыі.
…От дома к дому катится террор,
Ни рангов, ни заслуг не разбирая,
Без передыху валит «лес» топор,
На «щепок» град бестрепетно взирая.
От мужа отрекается жена,
А дети «за отцов не отвечают»...
К нам темные вернулись времена,
Где не живут, а только выживают.
Писатель, драматург и режиссёр
Здесь сроки получают за искусство.
Короткий с «несогласным» разговор,
Когда строку ему диктует «чувство».
Из каждого здесь делают «пример».
Из тех кто гнётся, тех — кто не сдается,
С ехидцею смеётся изувер:
Гляди, «вторым» — поболе достается…
И правда, у вторых цела душа,
Их личность на осколки не разбита,
Они прошли свой путь по лезвию ножа,
И верность принципам — им лучшая защита…
ПКТ, па сутнасці, адрозніваецца ад штрафнога ізалятара толькі тым, што там ёсць пасцельныя прыналежнасці (якія выдаюцца на ноч), кнігі і тэарэтычная магчымасць адпраўляць і атрымліваць лісты. У астатнім гэта такі ж карцэр: зачыненае акно, ніякага натуральнага святла, свежага паветра ці прасторы.
Да вызвалення заставалася менш за месяц
11 верасня да мяне ў камеру прыйшоў дзяжурны памочнік начальніка калоніі з кантралёрамі. Сказаў: «Збірайце ўсе асабістыя рэчы».
Я спытаў, што адбываецца, але ён адказаў, што нічога патлумачыць не можа. Мяне завялі ў кабінет, дзе звычайна адбываецца афармленне пакарання, і там я ўбачыў намесніка начальніка калоніі па аператыўна-рэжымнай працы. Ён прапанаваў падпісаць вопіс маіх рэчаў са склада, складзены не мною. Ён жа і сказаў: «Вы выбываеце з нашай установы».
Мяне вывелі з ПКТ, давялі да шлюза, перадалі людзям у цывільным і ў масках. Іх было трое. Мае рэчы паклалі ў багажнік легкавой машыны.
На рукі надзелі кайданкі за спінай, забралі акуляры, надзелі на галаву мех і пасадзілі на задняе сядзенне.
Я не бачыў, куды мяне вязуць. Ехалі доўга, і я падумаў, што хутчэй за ўсё ў Мінск. Калі заехалі ў горад, зразумеў па заторах. Пакуль стаялі, я праз мех распазнаў плошчу Перамогі. Хутка машына спынілася — і я зразумеў, што гэта КДБ. Бо калі б гэта быў следчы ізалятар, то нас бы павезлі ці ў «Валадарку», ці ў Калядзічы. А раз мы ў цэнтры, каля плошчы Перамогі — значыць, гэта «Амерыканка».
Улетку мінулага года, калі ў калонію прыязджалі даведацца, ці будзе хто-небудзь пісаць прашэнне аб памілаванні, мяне таксама выклікалі на размову.
Да памілавання мы нават не дайшлі: мы жорстка паразмаўлялі з тым чалавекам, і ён сказаў: «Вінярскі, вас пасадзяць… Вас выпусцяць, але пасадзяць другі раз». І цяпер я падумаў, што будзе новае крымінальнае абвінавачанне, што яны вырашылі не чакаць майго вызвалення (да яго заставалася менш за месяц).
Мяне завялі ў так званую «зборку» — камеру, дзе трымаюць перад размеркаваннем. Там вярнулі акуляры, знялі кайданкі і мех.
У гэтай маленькай камеры я ўбачыў Андрэя Войніча і яшчэ некалькі чалавек.
Праз некаторы час мяне перавялі ў звычайную камеру. Калі зайшоў туды, убачыў там Мікалая Статкевіча, Яўгена Афнагеля, Генадзя Фядыніча, Уладзіміра Мацкевіча. І зразумеў, што нешта тут не сыходзіцца: для адной справы гэта было занадта «разнастайна».
Тады я падумаў, што, магчыма, гэта гульня — каб мы ў нечым прызналіся ці каяліся. Але я не вельмі разумеў, навошта гэта ім: я ніколі не каяўся, віну не прызнаваў і не збіраўся рабіць гэтага ў будучыні, незалежна ад абставін.
Нам нічога не казалі, але ніхто і не забараняў размаўляць. Я быў вельмі рады ўбачыць сяброў, паважаных людзей, пагаварыць з імі.
Так, у нас нават узнікала думка, што нас могуць вывезці да нейкай мяжы.
На наступны дзень раніцай нас па аднаму вывелі і пасадзілі ў мікрааўтобус. Сказалі, што едзем на сустрэчу. Праз некалькі гадзін перасадзілі ў турыстычны аўтобус, які прыехаў да літоўскай мяжы. Беларуская мяжа прайшла хутка, да нас ніхто не заходзіў. Людзі ў масках, якія суправаджалі нас, выйшлі яшчэ на нашым баку.
Як толькі яны выйшлі, Мікалай Статкевіч падышоў да кіроўцы і ветліва папрасіў адкрыць дзверы, бо ён не збіраецца пакідаць Радзіму і з’язджаць.
Вадзіцель адмовіўся і хацеў ехаць далей. Давялося праз аварыйнае адкрыццё разблакаваць дзверы.Пасля гэтага Мікалай Віктаравіч выйшаў і пайшоў назад, у бок беларускага КПП. Я пайшоў следам. Я ніколі не збіраўся з’язджаць з краіны, не планаваў эміграваць. Мы спрабавалі паразмаўляць з беларускімі памежнікамі, але ніхто не мог растлумачыць, што адбываецца і на падставе якіх законаў.
У гэты час прыйшоў памочнік амерыканскага пасла Кевін, мы мелі з ім кантакт. Быў і чалавек у цывільным, які кіраваў гэтай «спецаперацыяй» па выдварэнні. Ён не прадстаўляўся, але меў дастаткова ўлады, каб аддаваць загады нават памежнікам.
Статкевіч заявіў, што ён адказны за краіну і прымае рашэнне заставацца, незалежна ад чужых дзеянняў. У мяне ж была магчымасць праз тэлефон Кевіна выйсці на сувязь з роднымі. І я атрымаў ад іх катэгарычную параду перайсці мяжу. Я паслухаў. А Мікалай Віктаравіч застаўся.
І тое, што цяпер адбываецца з ім, — справа кожнага свядомага беларуса.
Задача кожнага свядомага чалавека цяпер — дамагацца таго, каб больш такога не было. Каб спыніліся рэпрэсіі. Каб былі вызвалены ўсе людзі, асуджаныя па палітычных матывах. Каб людзей не пераследавалі за іх грамадзянскую пазіцыю. Каб людзей не выкідвалі з краіны, калі яны не хочуць з’язджаць. Каб у краіне нармалізавалася палітычнае жыццё.
Вызваленне ўсіх палітвязняў — прызнаных і непрызнаных — галоўная задача. Бо яны дакладна ведаюць, колькі тысяч людзей пасадзілі ў турмы толькі за тое, што яны не патрэбныя ўладзе.
Тое, што адбылося з намі, нельга называць «вызваленнем» — гэта высылка, выгнанне. Свабода прадугледжвае права самому выбіраць, дзе жыць і што рабіць. З Беларусі штодня прыходзяць навіны пра новыя арышты, суды, прысуды. Гэта не свабода — гэта рэпрэсіі, гэта захоп закладнікаў.

Фота з фэйсбука Максіма Вінярскага
Апошнія дзевяць месяцаў я знаходзіўся ў ізаляцыі, у адзіночцы. Таму ў мяне яшчэ ідзе перыяд адаптацыі. Але я бачу, што ёсць людзі, гатовыя змагацца за свабоду Беларусі. Я бачу, што ёсць людзі, якія гатовыя змагацца «за нашу і вашу свабоду» да канца. Гэта дае надзею.
Я перакананы: немагчыма адабраць у чалавека Радзіму, калі ён сам не гатовы яе аддаць.