«Экстрэмісцкімі» прызналі сотні старонак у інтэрнеце. Хронікі рэпрэсій 30 верасня
Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» — у яго дадалі больш за 30 старонак. Сярод іншага, там з'явіўся сайт «Беларускага Нацыянальнага Пашпарту», Instagram-старонка кавярні «Карчма ў Вільні», сацсеткі ініцыятывы «Фемгруппа Беларусь» і крамы сувеніраў у Вільні «KROPKA», сайт і старонкі праекту «kamunikat.оrg».

Акрамя гэтага, у «экстрэмісцкі спіс» дадалі тры нумары часопіса «Беларусь і свет», кнігу Цімаці Снайдэра «Пра свабоду», а таксама «Код адсутнасці» і «Трэба ўявіць сізіфа шчаслівым» Валянціна Акудовіча.
У Беларусі абнавілі спіс забароненых да распаўсюду кніг
Міністэрства інфармацыі дадала яшчэ 32 кнігі ў спіс забароненых да распаўсюду ў Беларусі друкаваных выданняў. Сярод іншых, у спіс дадалі творы Сашы Філіпенкі «Слон» і «Чырвоны крыж».
Агулам у спісе 173 пазіцыі.
Да сваякоў журналіста Андрэя Мялешкі прыходзілі сілавікі
«Сёння я даведаўся, па якіх артыкулах прыходзілі "па маю душу" дадому да маёй маці. І яны шчэ прасілі сястру і маці, каб я пакаяўся і напісаў пакаяніе ў камісію па вяртанні і вярнуўся… Не даждёцеся курвы!», — напісаў Андрэй Мялешка ў Facebook.
У каментары Андрэй патлумачыў, што вядзецца пра розныя часткі артыкула 361 КК. Верагодна, маецца на ўвазе арт. 361-4 «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
У віцебскай ПК №3 «Віцьба» рэзкі рост прастудных захворванняў — не давалі надзець целагрэйкі
У Беларусі рэзка пахаладала, аднак па правілах папраўчых устаноў пераход на зімовы варыянт адзення павінен адбывацца толькі ў кастрычніку. У віцебскай ПК-3 у сувязі з пахаладаннем выдалі асуджаным целагрэйкі загадзя, але забаранілі іх апранаць. У выніку ад пераахаладжэння практычна ўся калонія ходзіць з прастудай, частку вязняў нават перавялі ў бальніцы.
Сітуацыя настолькі вострая, што асуджаныя папрасілі распаўсюдзіць інфармацыю за межы папраўчай установы. Паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, у некаторых атрадах дазволілі апранаць целагрэйкі толькі з панядзелка, 29 верасня.
Такая ж сітуацыя можа быць і ў іншых ПК. Напрыклад, у бабруйскай ПК-2 апранаць целагрэйкі дазволілі, але пакуль забаронена апранаць зімовыя шапкі. Афіцыйна гэта можна будзе зрабіць толькі з 1 кастрычніка.
Паводле чатырох палітычных артыкулаў асудзілі маладзёна з Мазыра
Як паведамляе «Гомельская Вясна», 23 верасня ў Гомельскім абласным судзе асудзілі 25-гадовага жыхара Мазыра Мікіту Грушэўскага. Яго абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні), ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Беларусі). Яго асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Пра Мікіту Грушэўскага вядома, што ён у 2022 годзе скончыў Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. Сухога. Працаваў вахтавым чынам у Расіі.
Нунцыю і біскупу не дазволілі сустрэцца са зняволенымі святарамі
Апостальскі Нунцый у Беларусі і біскуп Віцебскі спрабавалі наведаць зняволенага ў калоніі святара айца Анджэя Юхневіча, які служыў у Віцебскай дыяцэзіі. Верагодна, Нунцый таксама меў намер сустрэцца з другім асуджаным беларускім святаром, ксяндзом Генрыхам Акалатовічам, які знаходзіцца ў той жа калоніі, дзе і айцец Анджэй, піша Katolik.life.
Як даведаліся вернікі з крыніц, якія заслугоўваюць даверу, дыпламат Ватыкана арцыбіскуп Іньяцыа Чэфалья і біскуп Алег Буткевіч прыязджалі ў калонію ў Бабруйску, але там ім адмовілі ў спатканні са зняволенымі святарамі.