Былы начальнік цэха «Гомсельмаша» асуджаны за «здраду дзяржаве» на 11 гадоў. Хронікі рэпрэсій 29 верасня

У чэрвені 2023 года ў Гомельскім абласным судзе прайшоў закрыты працэс супраць былога начальніка цэха завода «Гомсельмаш» Уладзіслава Пудзяка. Суддзя Аляксандр Піскуноў прызнаў мужчыну вінаватым у «здрадзе дзяржаве» і прысудзіў рэальны тэрмін. Але дакладны вынік працэсу стаў вядомы толькі цяпер.

1_1097_1.png

Як стала вядома «Гомельскай Вясне», Пудзяку прызначылі 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У верасні 2023 года Вярхоўны суд на чале з Мікалаем Грынцэвічам адхіліў яго апеляцыю і пакінуў прысуд без зменаў.

Па «справе Гаюна» затрыманы мінімум 78 чалавек

Паводле звестак «Вясны», у Беларусі працягваюцца затрыманні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі «Беларускаму Гаюну». Людзям інкрымінуюць арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Большасць затрыманых — мужчыны.

Праваабаронцам вядома пра шэраг судовых працэсаў па гэтай справе — фігурантам прызначаюць ад «хіміі» да калоніі. Некаторым затрыманым падаўжаюць меру стрымання пад вартай на некалькі месяцаў.

«Вясна» мае інфармацыю пра як мінімум 78 пацверджаных(!) фігурантаў «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш.

У горацкай ПК №9, дзе ўтрымліваюць Алеся Бяляцкага, не прымаюць сезонныя перадачы з агароднінай

Гаворка ідзе аб дадатковых «вітамінных перадачах» з садавіны і гародніны вагой 10 кг, якія прымаюцца разам з рэжымнай перадачай у восеньска-зімовы перыяд пры асабістай перадачы сваякамі (забаронена перасылаць поштай). Права на атрыманне асуджанымі такой перадачы прапісана ў п.113 Правілаў унутранага распарадку папраўчых устаноў.

Дакументам прадугледжана, што атрымліваць дадаткова агародніну і садавіну асуджаныя могуць з 1 верасня па 31 сакавіка. Большасць папраўчых устаноў такія перадачы дазволілі з 1 верасня. Але, як стала вядома @MAYDAYMog, у горацкай калоніі №9, дзе свае тэрміны адбываюць 7 палітвязняў, адміністрацыя пакуль адказала катэгарычнай адмовай.

Палітзняволеная перанесла інсульт у зняволенні 

Вольга Чукарава была затрымана амаль год таму. Жанчыну абвінавацілі па двух артыкулах — арт. 361-1 і арт. 369 КК РБ. У СІЗА з-за стрэсу яна перажыла інсульт і ў выніку амаль страціла зрок, паведамляе dissidentby. Нягледзячы на гэта, суд пакараў яе пазбаўленнем волі на 4 гады. 

Адрас для лістоў:

Вольга Валер'еўна Чукарава 

СІЗА №1 Навадворскі с/с 143/4, в. Пашковічы, Мінскі раён, Мінская вобласць 223016