BelPol: Рэальная колькасць палітвязняў — мінімум 5,5 тысяч. Хронікі рэпрэсій 26 верасня
Арганізацыя былых сілавікоў BelPol ацэньвае рэальную колькасць палітвязняў у мінімум 5,5 тысяч чалавек, вынікае са слоў яе прадстаўніка Мацвея Купрэйчыка на II кангрэсе па палітвязнях у Беларусі #WithoutJustCause 26 верасня ў Варшаве, піша «Позірк». Паводле яго слоў, арганізацыя сярод іншага займаецца «верыфікацыяй палітвязняў, якія выходзяць і знаходзяцца [у месцах пазбаўлення волі]».

На 25 верасня праваабаронцы прызнавалі палітвязнямі 1192 чалавекі, нагадаў спікер.
«Да гэтага было 1,3 тыс. на самай справе, праблема такая, што людзей рэальна, якія знаходзяцца ў месцах зняволення, якія рэпрэсаваныя, па нашых мінімальных падліках, больш за 5,5 тысяч, — заявіў прадстаўнік BelPol. — Што мы будзем рабіць з гэтай розніцай? У нашай арганізацыі да гэтага моманту вельмі вялікае пытанне».
Прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета па сацыяльных пытаннях Вольга Зазулінская таксама прызнала разыходжанне ў колькасці прызнаных палітвязнямі з рэальнай сітуацыяй. Паводле яе слоў, пра гэта гаворка ішла на сустрэчы з часткай нядаўна вызваленых і вывезеных за мяжу беларусаў.
«Па сведчаннях гэтых людзей, у калоніях, дзе, па падліках праваабаронцаў, ёсць 52-54 палітвязняў (я цяпер прыкладныя лічбы буду называць), знаходзіцца больш за 200 [рэальна асуджаных па палітычных матывах]. Мы ўсе ведаем, як пазначаюць гэтых людзей — жоўтыя біркі», — сказала яна.
У Беларусі +9 новых палітвязняў
Гэта Дзяніс Пілат, Яўген Мазец, Алена Рыбак, Юрый Анісаў, Айрат Халікаў, Аляксей Камовіч, Аляксей Капліч, Барыс Хусаінаў, Іван Юшкевіч.
Усе яны змешчаны пад варту і асуджаны да пазбаўлення волі ў сувязі з узаемадзеяннем з «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
Усяго на сёння праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі 1201 чалавека.
У Беларусі заблакавалі інтэрнет-рэсурс «Бульбаш»
Адпаведная пастанова была прынятая пракурорам Магілёўскай вобласці.
Паведамляецца, што на сайце «размяшчаліся інфармацыйныя матэрыялы, якія змяшчалі заведама ілжывыя звесткі, накіраваныя на дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады і кіравання. У шэрагу выпадкаў інфармацыя мела відавочна негатыўную ацэнку дзеянняў службовых асоб, а таксама абразу прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў. На рэсурсе размяшчаліся персанальныя даныя службовых асоб дзяржаўных органаў, у тым ліку пракурорскіх работнікаў».
На сайце пазначана, што «"Бульбаш — гэта грамадскі праект супраціву, які фіксуе ў гісторыі імёны памагатых дыктатуры Лукашэнкі».
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 33 прозвішчы — цяпер у ім 5817 чалавек
26 верасня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі блогера Антона Матольку, а таксама шэсць чалавек, якіх асудзілі паводле «народнага» арт. 342 КК, але вызвалілі ад адказнасці «ў сувязі з выхадам тэрміну прыцягнення».
«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса.
У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ 11 чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы адзінаццаці чалавек.
Гэта Дзмітрый Грышкевіч, Андрэй Нехвядовіч, Віталь Каледа, Андрэй Стрыжак, Аляксей Лявончык, Яраслаў Ліхачэўскі, Аляксей Кузьмянкоў, Аляксандр Лапко, Аляксандра Жук (Аляксандра Жучэнка), Аляксандр Падгорны і грамадзянін Расіі Максім Гелясін.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1344 чалавекі, з іх 647 — беларусы.
Хірурга з Оршы асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму
У Віцебскім абласным судзе вынеслі прысуд 43‑гадоваму хірургу з Оршы Максіму Куксу.
Кукса — урач рэнтгенэндаваскулярнай хірургіі ангіяграфічнага кабінета гарадской бальніцы №1 імя Сямашкі. Таксама ён неаднаразова згадваўся ў матэрыялах дзяржаўных СМІ як капітан каманды аршанскіх медыкаў у інтэлектуальных гульнях.
Куску былі інкрымінаваныя ч. 1 і 2 арт. 361‑4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Хірург атрымаў «хатнюю хімію», піша «Наша Ніва».
У Мінску з'явіцца вуліца сілавіка, які загінуў падчас перастрэлкі з Андрэем Зэльцэрам
На тэрыторыі ЖК «Паўночны бераг» з'явіцца вуліца старшага лейтэнанта Дзмітрыя Федасюка. Адпаведнае рашэнне зацверджана Мінскім гарадскім саветам дэпутатаў, перадае БЕЛТА.
Нагадаем, 28 верасня 2021 года пры штурме кватэры ў Мінску загінулі супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк і гаспадар жылля Андрэй Зэльцэр. Жонку Зэльцэра Марыю Успенскую затрымалі, абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве і пазней накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны стацыянар. Генпракуратура прызнала дзеянні супрацоўнікаў КДБ законнымі.