Па «справе Гаюна» арыштаваны заснавальнік арт-вёскі «Чырвоны Кастрычнік». Хронікі рэпрэсій 25 верасня
Вядомы гамяльчук, 46-гадовы Кірыл Краўцоў стаў адным з фігурантаў «справы Гаюна» і ўтрымліваецца пад вартай у СІЗА па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (арт.361-4 Крымінальнага кодэкса), піша «Флагшток». Мяркуецца, што па гэтай справе ў Гомельскай вобласці арыштаваныя ўжо сотні людзей, якія адпраўлялі паведамленні ў «Беларускі Гаюн» аб перамяшчэнні расейскай тэхнікі па Беларусі пры наступе на Украіну.

Як стала вядома Флагштоку, затрымалі мужчыну ў чэрвені 2025 года. У яго засталіся жонка і непаўналетнія дзеці.
Кірыл Краўцоў не аднойчы станавіўся героем публікацый дзяржаўнай прэсы: з ім сябравалі цяперашнія прапагандысты, прыязджалі да яго ў госці, удзельнічалі ў мерапрыемствах, якія ён арганізоўваў.
Кірыл вядомы як заснавальнік унікальнай арт-вёскі «Чырвоны Кастрычнік» у Рэчыцкім раёне. Тут ён жыў, займаўся рамесніцтвам, арганізаваў сваю ганчарную вытворчасць, ладзіў фестывалі, творчыя сустрэчы. Разам з сябрамі-энтузіястамі Кірыл выкупіў некалькі дамоў у вёсцы і выратаваў яе ад знікнення, арганізаваўшы тут эка-паселішча.
Раней пра Кірыла Краўцова шмат пісалі ў дзяржСМІ як пра ўдзельніка акцыі «з зэдлікам да акіяна», падчас якой беларус аўтаспынам аб'ехаў палову свету.
Мастачку Віялету Майшук завочна асудзілі да трох гадоў калоніі
Гомельскі абласны суд у парадку спецыяльнай вытворчасці вынес прысуд 28-гадовай мастачцы з Петрыкава Віялеце Майшук. Яе прызналі вінаватай у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (ч. 1 арт. 361-1 КК) і «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Суд прызначыў ёй тры гады пазбаўлення волі ў калонію агульнага рэжыму, піша «Гомельская Вясна».
Віялета — мастачка з Гомельшчыны, якая ў 2020 годзе праз палітычны пераслед была вымушана пакінуць Беларусь. У 2020-м яна далучылася да каманды ініцыятывы «Краіна для жыцця», якая дапамагала праводзіць выбарчую кампанію Святланы Ціханоўскай.
З ліпеня 2024 года адбылося ўжо 18 памілаванняў, падчас якіх на волю выйшлі прыкладна 124 палітзняволеныя жанчыны
Але гэтая лічба можа быць недакладнай.
Паводле звестак @dissidentBY, падчас аднаго з гэтых памілаванняў на волю мусілі выйсці восем жанчын, асуджаных па палітычных справах, але ў гэты дзень ніхто з палітзняволеных з калоній не выйшлі. Акрамя гэтага, ніводнага прозвішча жанчын, якія былі вызваленая па тым указе, праваабаронцам невядома. Гэта можа сведчыць аб тым, што тыя жанчыны былі асуджаныя не па палітычных артыкулах, або іх прысуды не звязаныя з пазбаўленнем волі.
Сям'ю выбітных педагогаў-баяністаў асудзілі за ўдзел у пратэстах
Ліліі Пажарыцкай 60 гадоў. У 1984 годзе яна скончыла Сярэднюю спецыяльную школу пры беларускай кансерваторыі, у 1989 — Ленінградскую кансерваторыю ў класе выбітнага баяніста родам з Беларусі Пятра Гаварушкі. Больш за 30 гадоў Лілія выкладае ў Рэспубліканскай гімназіі‑каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Пажарыцкая двойчы станавілася ўладальніцай прэзідэнцкага гранта (2016, 2018) і адзначаная шэрагам дзяржаўных грамат.
Яе мужу Аляксандру Пажарыцкаму 69 гадоў. Музыка гастраляваў у Беларусі, Англіі, Германіі. Свой першы аўтарскі канцэрт правёў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў 1996 годзе.
Выхаванцы пары — лаўрэаты і дыпламанты конкурсаў у Беларусі, а таксама Польшчы, Літве, Латвіі, Сербіі, Арменіі, Расіі. Многія атрымлівалі стыпендыі Спецыяльнага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі, піша «Наша Ніва».
Аляксандра і Лілію Пажарыцкіх асудзілі ў 2025 годзе. Ім прысудзілі «хатнюю хімію» па ч. 1 арт. 342 КК — за ўдзел у пратэстах.