Некаторым затрыманым за пратэсты мяняюць артыкул на «масавыя беспарадкі». Хронікі рэпрэсій 22 верасня
Праваабаронцам стала вядома пра выпадкі, калі затрыманым за ўдзел у пратэстах акрамя арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) пачалі інкрымінаваць арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Гэта звязана з тым, што ўжо мінула 5 гадоў з моманту некаторых акцый пратэсту, а значыць скончыўся тэрмін даўніны прыцягнення да адказнасці паводле арт. 342 КК.

Пры гэтым пераслед паводле арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) працягваецца. Паводле арт. 293 КК людзям можа пагражаць пазбаўленне волі: ад 5 да 15 гадоў за «арганізацыю масавых беспарадкаў» і ад 3 да 8 гадоў за ўдзел у іх.
У Магілёве месяц таму затрымалі брата палітвязня
Паводле інфармацыі @MAYDAYMog, затрыманым з'яўляецца Дзмітрый Чавусаў — брат палітвязня Віталя Чавусава. Прычына затрымання і цяперашні статус мужчыны невядомы.
Нагадаем, у канцы траўня ў Магілёве асудзілі мясцовага прадпрымальніка, дырэктара адной з рэкламных фірмаў Віталя Чавусава. Як атрымалася высветліць, яму ставілі ў віну два артыкулы, звязаныя з «садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці» — крымінальная справа была звязаная са «справай Гаюна».
Віталя асудзілі да 4 гадоў пазбаўлення волі. Падрабязнасці справы і рэжым умоў адбывання невядомы.
Адбыліся затрыманні, звязаныя з «экстрэмісцкім фармаваннем» «Орг BY»
Напачатку верасня стала вядома, што спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» папоўніў тэлеграм-чат «Орг BY». Паводле сілавікоў, дачыненне да яго мелі Касінскі Аляксандр, Запольскі-Доўнар Анатоль, Броўка Віталь, Супрановіч Віталь.
Як паведамляе «Наша Ніва», Аляксандр Касінскі, дырэктар сэрвісу Kvitki.bу, быў затрыманы.
Як распавёў адзін з удзельнікаў «Орг BY», які цяпер знаходзіцца ў эміграцыі, чат быў створаны ў першай палове 2020 года, выключна для каардынацыі працы прафесіяналамі сферы.
«Там мы проста дзяліліся працоўным досведам, нешта маглі адзін аднаму параіць. Нічога «экстрэмісцкага» ў чаце дакладна не было, было ўсё пра Беларусь, пра будучыню, пра нейкі пазітыў яшчэ», — расказвае суразмоўца. Прыблізна ў 2021‑м усе дыялогі там скончыліся.
Чат знайшлі на тэлефоне ў аднаго з канцэртнікаў. І гэта стала падставай наведацца да іншых удзельнікаў, якія заставаліся ў Беларусі і былі ідэнтыфікаваныя.