Сваякі Дзяніса Івашына 10 месяцаў не маюць з ім тэлефоннай сувязі. Хронікі рэпрэсій 1 кастрычніка
«Чарговы месяц прамінуў без тэлефоннага званка ад Дзяніса Івашына. І чарговы дзень не прынёс нам новае вестачкі ад нашага ваяра, таму мы дагэтуль не ведаем, дзе Дзяніс зараз знаходзіцца і ў якім фізічным і псіхалагічным стане. Між тым у Беларусі месцамі ноччу ўжо фіксуюць замаразкі, і дзе-нідзе пачалі ацяпляльны сезон», — напісала жонка палітвязня Вольга Івашына.

Акрамя таго, блізкія Івашына ўжо 28 дзён не атрымліваюць ад яго лістоў. Такі перапынак у камунікацыі дае паставы меркаваць, што палітвязень знаходзіцца ў ШІЗА.
Фатографа з Мінска асудзілі па трох палітычных артыкулах
Алега Слабуху, 38-гадовага мінчука, асудзілі 1 ліпеня ў Мінскім гарадскім судзе па трох артыкулах — «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) і «заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК), паведамляе «Наша Ніва».
Алегу пагражала да 12 гадоў калоніі, але сутнасць абвінавачання і прысуд невядомыя — вядома толькі, што Алег у калоніі. А нядаўна яго ўнеслі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».
Алег Слабуха па адукацыі інжынер. Любіць падарожнічаць і актыўна адпачываць. Больш за 10 гадоў Алег займаецца відэаграфіяй. У 2015‑м ён адкрыў ІП і працуе на сябе. Алег спецыялізуецца на вясельнай і сямейнай фатаграфіі, але бярэцца і за персанальныя здымкі і сюжэтныя відэа.
На журналіста Андрэя Мялешку завялі тры крымінальныя справы
Журналіст Андрэй Мялешка даведаўся, што ў Беларусі на яго завялі тры крымінальныя справы. Акрамя таго, да маці журналіста, у кватэры якой ён зарэгістраваны, прыходзілі з ператрусам.
30 верасня сястры Андрэя Мялешкі, якая жыве ў Гродне, патэлефанавалі з мясцовай пракуратуры. Прасілі перадаць брату, каб ён звяртаўся ў камісію па вяртанні, ехаў у Беларусь, пакаяўся, і тады з яго здымуць усе абвінавачанні.
Паводле слоў журналіста, таксама сястра даведалася, што ў дачыненні да яго заведзеныя тры крымінальныя справы: паводле арт. 361–1 — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім» (санкцыя — да 10 гадоў пазбаўлення волі), арт. 361–2 — «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (да 8 гадоў пазбаўлення волі) і арт. 361–4 — «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (да 7 гадоў пазбаўлення волі), піша БАЖ.
Пра крымінальны пераслед вядома толькі са слоў сілавікоў — ніякіх дакументаў на рукі не далі.
Пра якое «экстрэмісцкае» фармаванне ідзе гаворка, Андрэй таксама не ведае. Са слоў супрацоўнікаў крымінальнага вышуку вынікае, што вядзецца пра два яго інтэрв’ю ў 2023 і 2024 гадах медыям, прызнаным у Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
Удзень 19 верасня дамоў да хворай маці Андрэя Мялешкі прыходзілі з ператрусам сілавікі, якія назваліся супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Кастрычніцкага раёна Гродна.
«Ператрус цягнуўся хвілін дваццаць. Супрацоўнік паглядзеў пакой. Сястра сказала, што маіх рэчаў там няма, бо ўжо тройчы быў ператрус — усё, што маглі, ужо забралі», — распавёў журналіст.
Нядаўна ў спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў Мінінфарма былі ўнесеныя акаўнты Андрэя Мялешкі ў Instagram: amialeshka і batumiby.ge і Telegram-канал крамы журналіста з таварамі з беларускай сімволікай «Сакартвело – Беларусь».
Апошні раз па адрасе афіцыйнай рэгістрацыі Андрэя Мялешкі ў Гродне сілавікі прыходзілі каля года таму. Паводле журналіста, маці тады не адкрыла ім дзверы і выклікала на іх міліцыю. Яны сышлі, але міліцыя не прыехала.
Таксама Андрэй Мялешка кажа, што ў 2023 годзе на яго былі заведзеныя крымінальныя справы за ўдзел у «экстрэмісцкіх» фармаваннях – БАЖ і «Радыё Рацыя». Але далей ніякіх зрухаў па гэтых справах не было, прынамсі, Андрэю нічога не паведамлялі.
Андрэй Мялешка вымушана з’ехаў з Беларусі ў 2021 годзе, бо асцерагаўся палітычна матываванага пераследу, на сёння жыве ў Польшчы. З лета 2021-га па верасень 2024 года ён жыў у Батумі. 17 верасня 2024 года, калі журналіст разам з дачкой вяртаўся ў Грузію з Польшчы, іх абодвух не ўпусцілі ў краіну ў аэрапорце Кутаісі. Бацьку з дачкой пасадзілі на зваротны рэйс да Варшавы. З таго часу Андрэй разам са старэйшай дачкой жыве ў Беластоку, а ягоная жонка з малодшай дачкой — у Батумі. Мялешка кажа, што яны ніяк не могуць атрымаць візу для пераезду ў Польшчу.