Ліквідуюць сэрвіс «Квіткі.бай». Хронікі рэпрэсій 2 кастрычніка
Як стала вядома @buroBY, юрыдычная асоба найбуйнейшага сэрвісу па продажы білетаў «Квіткі.бай» знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Рашэнне ўласнікаў аб ліквідацыі датуецца 17 верасня. Напрыканцы жніўня стала вядома, што кіраўніцтва кампаніі затрымана – старонкі «Квіткі.бай» у сацсетках былі выдаленыя, а мабільныя тэлефоны супрацоўнікаў недаступныя.

Праца сайта пасля «тэхнічнага збою» ўсё ж была адноўлена, аднак з'явілася паведамленне, што Kvitki.bу часова не рэалізуе білеты, а па ўсіх пытаннях пакупнікоў накіравалі да арганізатараў мерапрыемстваў.
Мяркуецца, што затрыманне супрацоўнікаў сэрвісу можа быць звязана з чатам «ОргBY», які прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Паводле версіі КДБ, да гэтага чату меў дачыненне дырэктар «Квіткі.бай» Аляксандр Касінскі.
Выхавацельку сталічнага дзіцячага садка, спецыялістку па дэфекталогіі, асудзілі за пратэсты
Таццяне Крыклеўскай 45 гадоў. Родам яна са Слуцка. У 2009 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт на настаўніка інклюзіўнай адукацыі.
Крыклеўская працавала настаўніцай-дэфектолагам у мінскім дзіцячым садку №549. Тут ёсць групы для дзетак з парушэннямі маўлення і апорна-рухальнага апарату.
Жанчына пісала артыкулы для сайта садка — напрыклад, пра тое, як дапамагчы дзіцяці, якое доўга не размаўляе, пачаць размаўляць.
Таццяну асудзілі ў 2025 годзе па абвінавачанні ва ўдзеле ў пратэстах (ч. 1 арт. 342 КК). Ёй прысудзілі «хатнюю хімію», піша «Наша Ніва».
У Пачобута арытмія, гіпертанія, ён перанёс аперацыю
Аперацыю на скуры палітвязню Андрэю Пачобуту рабілі ў турэмнай бальніцы, паведаміла старшыня неафіцыйнага Саюза палякаў Анжаліка Борыс у інтэрв'ю выданню Newsweek, цытуе яго @pozirkonline.
«Ён распавёў мне, што нават набраў вагу за тыдзень, праведзены ў турэмным шпіталі. <…> Я спытала Анджэя, ці трэба яму што-небудзь, адправіць яму лекі. Ён адказаў, што не, ён атрымлівае лекі».
Адказваючы на пытанне, чаму жонцы Пачобута ўлады не дазваляюць бачыцца з ім, а Анжаліка Борыс 23 верасня ўжо другі раз наведала палітвязня ў калоніі, кіраўніца СПБ сказала: «Не ведаю. Магчыма, гэта таму, што за мной стаіць арганізацыя з тысяч чалавек».