Максім Вінярскі: Ніякага суіцыду я не планую!

Алена Церашкова, сястра палітвязня Максіма Вінярскага, распавяла, што яе брат цяпер пастаўлены на прафілактычны ўлік не толькі як схільны да экстрымізму, але і як нібыта схільны да суіцыду. Пра гэта ёй напісаў сам Максім Вінярскі.

247254_1553513012_big_1.jpg


"Прывітанне, сябры!
 Дзякуй усім, хто піша і падтрымлівае, адказваю кожнаму з вас, абы толькі хапала канвертаў. Спадзяюся, і мае лісты даходзяць.
Падаў на апеляцыю ў Вярхоўны суд, і, хоць асаблівых надзей на добрыя навіны няма, ні аб чым не шкадую. Паводле новай завядзёнкі, пратакол судовага паседжання – гэта аўдыёзапіс, і пазнаёміцца з пратаколам – гэта слухаць ізноў і галасы сяброў, і лютае скрыгатанне іржавай рэпрэсіўнай машыны. «Кожнае вашае слова запісваецца!» — пужаў нас пракурор Кісель падчас працэсу. Але, непаважаныя апаненты, вам трэба памятаць: кожнае вашае слова запісваецца на тых самых скрыжалях. «Судзі, суддзя, па праўдзе: будзе мне – будзе і табе!»
Яшчэ адна навіна: цяпер я, як і мае таварышы, пастаўлены на прафілактычны ўлік не толькі як схільны да экстрымізму, але і як нібыта схільны да суіцыду. І з гэтай нагоды я афіцыйна заяўляю: не дачакаюцца! Я збіраюся жыць доўга, каб не толькі на свае вочы пабачыць гістарычную справядлівасць — гэта, ведаю, не за гарамі. Нам усім хопіць працы ў вольным грамадстве, і ўнёсак кожнага будзе дарэчы. Таму ніякага суіцыду я не планую, гэты шлях для мяне непрымальны.
Жыве вечна!"
Актывіста Максіма Вінярскага затрымалі 22 студзеня 2021 года супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС. Падчас ператрусу ў кватэры затрыманага канфіскавалі кампутарную тэхніку, тэлефоны, бчб-сімволіку, налепкі і балоны з аэразольнай фарбай. Яго абвінавацілі ў парушэнні ч. 2 арт.293 Крымінальнага кодэкса («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). 25 траўня ў Магілёўскім абласным судзе яго асудзілі на 5 гадоў зняволення.