Наталля Хершэ, асуджаная за сарваную з АМАПаўца балаклаву, паўтара месяцы правяла ў ШІЗА

Палітзняволеная Наталля Хершэ адбывае пакаранне ў гомельскай калоніі №4. Агулам ужо паўтара месяца яе трымаюць у штрафным ізалятары.

_ts0hb.jpg


У ШІЗА Хершэ змяшчалі з 6 па 23 мая, а таксама з 24 мая па 3 чэрвеня. Пасля чатыры дні жанчына правяла ў медсанчастцы, а з 8 чэрвеня яе зноў адправілі ў штрафны ізалятар. Яна часова пазбаўленая права на званкі і лісты, піша «Наша Ніва».

Адзінае, што брат Генадзь атрымаў за гэты час, — тэлеграма. Наталля пісала, што ёй далі кароткі бальнічны, скардзілася на боль пальцаў рук і ног, тэмпературу 37,3.

Дакладнай прычыны, чаму сястру трымаюць у ШІЗА, Генадзь не ведае. У афіцыйным адказе напісана, што «асуджаная дапускае парушэнні вызначанага парадку адбывання пакарання, за якія прыцягваецца да дысцыплінарнай адказнасці».

Брат мяркуе, што Наталлю маглі перавесці з пашыву грамадзянскага адзення і мяхоў на вытворчасць формы для сілавікоў, а яна збіралася адмовіцца гэта рабіць. «Гэта для яе прынцыпова. Яна чакала ўзмацнення ціску і ў апошняй нашай размове гэта акцэнтавала», — кажа ён.

Раней Хершэ распавядала, што яе часта нагружаюць заданнямі.

«Да адбою заставалася 30 хвілін, я павінна была правесці прыборку ваннага пакою — 8 умывальнікаў, 7 унітазаў плюс бідэ, памыць падлогу і сцены, вынесці смецце. Праз пяць хвілін прыйшлі з праверкай і сказалі, што яшчэ праз пяць хвілін я павінна закончыць. А дрэнна выкананае дзяжурства цягне за сабой пакаранне», — цытаваў ліст Генадзь.

Наталля пісала, што адзін з супрацоўнікаў ім так і казаў: калі на асуджанага няма ніводнага рапарта, гэта гаворыць пра дрэнную працу рэжымнага супрацоўніка. У дадатак да агульных праверак у яе яшчэ дзве дадатковыя — у 10 і 20 гадзін.

 «Проста немагчыма жыць у памяшканні, дзе шмат людзей, і ніколі не парушыць правілы ўнутранага распарадку. Правілы ўнутранага распарадку — спосаб заўсёды мець магчымасць пакараць, калі гэта будзе неабходна», — пісала Наталля Хершэ.