Валерый Карбалевіч: пакуль Лукашэнка ва ўладзе, Бабарыка будзе сядзець

Палітолаг — пра фінал «справы «Белгазпрамбанка» і магчымы гандаль палітвязнямі.

Фота прэс-службы Віктара Бабарыкі

Фота прэс-службы Віктара Бабарыкі

Справа «Белгазпрамбанка» набліжаецца да завяршэння. Нагадаем, пракурор запытаў для Віктара Бабарыкі 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і 145 тысяч рублёў штрафу. Для іншых фігурантаў справы дзяржабвінавачанне патрабуе прызначыць ад 3 да 6 гадоў калоніі.

Палітолаг Валерый Карбалевіч яшчэ ў лютым бягучага года, у пачатку суда над экс-кандыдатам у прэзідэнты пісаў, што справа шытая белымі ніткамі, аднак фінал яе прадказальны. У экспрэс-каментары «Салідарнасці» аналітык растлумачыў, чаму не верыць у ласку ўлад:

— Не буду гадаць наконт тэрміну, ці задаволіць суд хадайніцтва пракурора аб 15 гадах, але зразумела, што тэрмін будзе вялікім.

Што тычыцца палітычнага лёсу Віктара Бабарыкі, то ён наўпрост залежыць ад палітычнага рэжыму ў Беларусі. Бабарыка будзе сядзець да тых часоў, пакуль палітычны рэжым у Беларусі не зменіцца. Калі ж ён зменіцца, то лёс усіх палітвязняў у краіне будзе іншы.

Я не думаю, што ўлады пагодзяцца на амністыю для Бабарыкі — ва ўсялякім выпадку, у блізкай будучыні. Таму што ў гэтым выпадку былы кіраўнік «Белгазпрамбанка» адразу ж становіцца рэальным канкурэнтам Аляксандра Лукашэнкі, яго рэйтынг адразу вырастае. Так што мой прагноз такі: пакуль Лукашэнка ва ўладзе, Бабарыка будзе сядзець.

— Наколькі, на ваш погляд, вялікая верагоднасць «здзелкі з ЕС» — вызвалення палітвязняў журналістаў і пераводу іх пад хатні арышт?

— Складана казаць пра верагоднасць такога сцэнара — думаю, размовы аб амністыі паўсталі напярэдадні прыняцця рашэння ЕС аб санкцыях у дачыненні да Беларусі. Цяпер, калі рашэнне ўступіць у сілу і санкцыі будуць жорсткімі, не ведаю, які сэнс у амністыі.

Бо амністыя павінна быць нейкім новым трэндам у палітыцы дзяржавы, трэндам на лібералізацыю: вось, дагэтуль мы саджалі, цяпер мы вызваляем. Але мы бачым, што рэпрэсіі працягваюцца, кожны дзень новыя суды, новыя затрыманні, колькасць палітвязняў не змяншаецца.

І які сэнс выпускаць адных і тут жа саджаць іншых?.. Таму пакуль я вельмі скептычна стаўлюся да ўсіх размоў аб магчымай амністыі.