«Студэнтаў збіраюць проста з заняткаў, выкладчыкаў звальняюць». Працягваецца суд над студэнтамі
У Савецкім раённым судзе працягваецца працэс па «справе студэнтаў», на якім 12 чалавек вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў у мінскіх ВНУ восенню 2020 году. Свабода распавядае, што адбывалася сёння на працэсе.
Сведак апыталі. Ужо некалькі дзён, як суд вывучае матэрыялы справы. 22 чэрвеня пракуроры пачалі зачытваць матэрыялы 19-га тома справы і за дзень дабраліся да 25-га. Паводле прадстаўніка абвінавачвання, усяго ў справе 36 тамоў. У судовай залі назіраюць за працэсам больш за 30 чалавек. У асноўным гэта сваякі і сябры падсудных. Сёння паназіраць за працэсам прыходзілі і замежныя дыпламаты. З пачутых матэрыялаў яны маглі скласці ўражанне пра тое, што падштурхнула падсудных да пратэстаў, пра іх намеры і магчымасці.
«Мы, студэнты БДПУ, не хочам заставацца ўбаку»
Першымі 22 чэрвеня вывучаліся матэрыялы, сабраныя адносна падсуднай Яны Арабейка, студэнткі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту. Вывучаўся яе мабільны тэлефон. Увагу следчых у тэлефоне дзяўчыны прыцягнуў канал «Студэнцкая ініцыятыўная група», там на адным з фота нібыта знятая Яна Арабейка. Але з гэтым доказам не згодны адвакат студэнткі. Ён заўважае, што такое ж фота ўжо ёсць у справе з прозвішчамі іншых студэнтаў.
Таксама агледжаны канал «Салідарнасць БДПУ», паведамленне за 14 жніўня, якое, меркавана, належыць падсуднай Яне Арабейка. «Мы, студэнты БДПУ, не хочам заставацца ўбаку», — піша Яна. Далей ідуць запісы пра важнасць страйкаў рабочых і шахцёраў.
За 8 верасня фігуруе паведамленне ініцыятывы «Честные люди» і фота ініцыятыўнай групы. Пракурор: «Устаноўлена знешняе падабенства асобы на фота з Арабейка».
19 кастрычніка ў групе «Салідарнасць БДПУ» Яна піша пра ціск на студэнтаў БДПУ.
«Рэчы, якія пужаюць: студэнтаў забіраюць проста з заняткаў, выкладчыкаў звальняюць». У паведамленні — папярэджанне, што імя рэктара БДПУ трапіць у санкцыйны спіс. Таксама зьявіліся звесткі пра падрыхтоўку страйку студэнтаў.
Запіс Яны Арабейка: «Няма сэнсу атрымліваць вышэйшую адукацыю і заводзіць сям’ю ў краіне, дзе не паважаюць правы чалавека».
Цытуецца зварот дзяўчыны да студэнтаў: «Калі на вас чыняць ціск, пішыце сюды».
12 лістапада Яну Арабейка затрымалі супрацоўнікі КДБ, у яе прайшоў вобшук. У студэнткі забралі кампутарную тэхніку і тэлефон. Неўзабаве ёй выставілі абвінавачанне ў арганізацыі пратэстаў.
Адвакат Яны Арабейка заўважыла суду, што ў пратаколах агляду матэрыялаў з кампутара студэнткі не пазначаны час стварэння файлаў. Паводле абаронцы, Яна Арабейка скардзілася на гэтую хібу ў пракуратуру, але безвынікова. Абаронца лічыць, што такія файлы нельга лічыць рэчавымі доказамі ў справе.
Яна рэгулярна праглядала старонкі Тut.by, «Нашу Ніву» і Радыё Свабода.
Фігуруе перапіска з чалавекам па імені Раман Грыгор’еў. Словы пракурора: «Выказванні чалавека па прозвішчы Лукашэнка» выклікалі нягучны смех у залі.
Праслухоўванне Яніных тэлефонаў утрымлівае 9 файлаў. Абаронца звяртае ўвагу на памылкі ў афармленні пратаколаў, кажа, што ёсць сумненні ў аб’ектыўнасьці матэрыялаў.
«Не змагу забыць гэты жнівень»
Пасля Яны Арабейка суд агледзеў матэрыялы, якія тычацца Марыі Каленік, былой студэнткі Акадэміі мастацтваў.
Згадваліся відэазапісы з пратэстаў на тэрыторыі Акадэміі, на якіх фігуруе «дзяўчына ў цёмнай куртцы і медычнай масцы». Следства мяркуе, што гэта Марыя Каленік.
Таксама згадваўся фотаздымак, на якім знятая група з 45 студэнтаў з плакатамі ў руках. Адзін з плакатаў у руках у Марыі Каленік (апісанне адзежы супадае з відэа).
Тэлефонныя размовы Марыі Каленік таксама старанна праслухоўваліся. Выключэнне не рабілася і для прыватных размоваў.
Пракурор зачытвае адну з размоваў Марыі Каленік і, не саромеючыся, на поўны голас прамаўляе матнае слова з яе выказвання. Ажыўленне, ціхі смех у залі і на лаве падсудных. Людзі пераглядаюцца. Марыя таксама ўсміхаецца, але захоўвае спакой.
Гучаць іншыя размовы Марыі Каленік. Дзяўчына кажа суразмоўцу, што яе выклікаюць у дэканат, і паведамляе, што потым у яе запланаваная акцыя.
12 лістапада — пратакол затрымання Марыі Каленік. На допытах Марыя прызнала, што была адміністратарам чату, належала да «Студэнцкай ініцыятыўнай групы», удзельнічала ў відэаканферэнцыі пра навучанне за мяжой. Таксама прызнала, што заклікала да ўдзелу ў акцыях пратэсту і тым самым парушала «нармальнае функцыянаванне навучальнай установы».
У дзяўчыны забралі самаробны плакат з тэкстам «Я не змагу забыць гэты жнівень». Паводле матэрыялаў справы, Марыя ўсведамляла, што плакат можа быць выкарыстаны як доказ яе віны.
Вяртаюцца да тэлефонных размоваў. «Нам казалі, што мы адлічаныя, але загаду не было», — заўважае Марыя ў адной размове. Потым разважае пра тое, чаму актыўнасць студэнтаў Акадэміі падае. Адна з прычын, паводле Марыі, — тое, што студэнты не хочуць, каб звольнілі рэктара і замянілі на больш лаяльнага ўладам, як адбылося ва Універсітэце культуры.
Яшчэ Марыя абмяркоўвала ў размовах пытанні самакіравання ў ВНУ, стварэнне незалежнага прафсаюзу студэнтаў, магчымасці студэнтаў кантраляваць адлічэнні.
«Нас яшчэ не так шмат, але і не адзінкі», — прызнае Марыя і дадае: «Каб была масавасць, яе трэба спачатку падштурхнуць».
Марыя ўдзельнічала ў відэаканферэнцыі, на якой абмяркоўвалі, як вучыцца дыстанцыйна. Таксама абмяркоўвалі выхад студэнтаў з БРСМ, але Марыя заўважае, што гэтая тэма для Акадэміі не вельмі актуальная, бо сяброў БРСМ у іх мала. Пра сябе Марыя адзначае, што цяпер ведае значна больш студэнтаў Акадэміі. Прызнавала, што ўдзельнічала ў акцыях студэнтаў БДУ і рабіла плакат у падтрымку звольненай выкладчыцы.
Цытуюцца запісы ў ТГ-канал, якія, паводле следства, зрабіла Марыя Каленік: «Прыйшоў час аб’яднацца». «Ні ў якім разе не вяртайцеся ў аўдыторыю». «Працягваем сядзячы страйк» (падаюцца месца і час).
Адвакат Каленік робіць заўвагу на словы пракурора пра тое, што Марыя змяшчала заклікі да акцый пратэсту.
«Гэтыя заклікі пазначаныя 17 лістапада, а мая падабаронная была затрыманая 12 лістапада», — заўважыў абаронца.
Налічылі каля ста адлічаных студэнтаў
Наступнымі гучаць матэрыялы справы пра Таццяну Якельчык, студэнтку БДУ. У тым ліку гучаць звесткі пра падрыхтоўку страйку на мехмаце БДУ і пра тое, што адбывалася на факультэце 26 кастрычніка, калі праходзіла спроба ўсеагульнага страйку. Паводле матэрыялаў, сабраных следчымі, Таццяна Якельчык змяшчала звесткі аб затрыманнях студэнтаў, навіны пра акцыі і паведамленні пра чаяванні.
Пракурор агучыў перапіску Таццяны Якельчык з падсудным студэнтам БДУ Іллём Трахтэнбэргам. Маладыя людзі абмяркоўвалі затрыманні студэнтаў, яны падлічылі, што ў мінскіх ВНУ на той момант было ўжо не меней за 100 адлічаных студэнтаў.
Цытуецца паведамленне ў чаце ад 26 кастрычніка: «Страйку быць» і названы паверх і дакладнае месца, дзе збірацца.
«Для сябе я даўно вызначыў, чым буду займацца ў вязніцы»
Пасля перапынку на абед пачалі з матэрыялаў справы адносна студэнта БДУ Іллі Трахтэнбэрга. Неўзабаве суддзя Фёдарава зрабіла падсуднаму заўвагу за ягоныя прэтэнзіі на адрас пракурора. Спрэчка паміж імі ўзнікла пасля таго, як Ілля абурыўся выбарачнасцю зачытаных пра яго матэрыялаў. Ілля мяркуе, што ягоныя выказванні «вырываюць з кантэксту размоваў», і патрабуе, каб альбо зачытвалі дыялогі цалкам, альбо нічога. Суддзя на гэта запярэчыла, што раней нібыта ва ўсіх падсудных пыталіся, як зачытваць матэрыялы. Ілля Трахтэнбэрг на гэта адказаў, што такога пытання не чуў і што настойвае на сваім патрабаванні.
Пракурор згадвае зварот студэнтаў супраць гвалту, у якім браў удзел Ілля Трахтэнбэрг. У звароце кожны з удзельнікаў вымаўляе па адным сказе, а ў канцы гучыць заклік вызваліць усіх палітычных вязняў. Ілля Трахтэнбэрг сцвярджае, што да затрымання не быў знаёмы з фігурантамі гэтай жа справы Ксеніяй Сырамалот, Марыяй Каленік і Аланай Гебрэмарыям.
Потым пракурор агучвае запісы Іллі, зробленыя падчас абмеркавання студэнцкіх пратэстаў. Паводле гэтых запісаў, Трахтэнбэрг прапаноўваў рыхтавацца ў тым ліку да затрыманняў і казаў, што «даўно вызначыў, чым будзе займацца ў вязніцы». Сэнс некаторых размоваў застаецца незразумелы. Падсудны Ілля Трахтэнбэрг паўтарае сваё патрабаванне зачытваць дыялогі цалкам, і пракурор далей мусіць прытрымлівацца гэтага правіла.
Клетка, але шкляная. Непадалёк кандыцыянер
А ў якіх умовах былі сёння падсудныя, калі ўдзень слупок тэрмометра пераадолеў адзнаку плюс 30?
Нагадаем, працэс цяпер адбываецца ў новым будынку суда на вуліцы Францыска Скарыны. Судовая зала тут значна большая, чым у Доме правасуддзя, і «клетка» для падсудных выглядае інакш. Але гэта па-ранейшаму менавіта клетка. Тры сцяны вакол падсудных са шкляных панэляў, а столь — краты. Непадалёк пад столлю працуе кандыцыянер, у залі — прахалода. 12 фігурантаў «справы студэнтаў» сядзяць па 4 чалавекі на трох лаўках, паміж імі адлегласць у палову мэтра. Яшчэ пра пандэмію каррнавірусу нагадваюць медычныя маскі на тварах падсудных, але некаторыя ці здымаюць іх зусім, ці апускаюць на шыю. Затое гэта дазваляе шырока ўсміхацца ў напрамку залі, дзе кожны позірк падсудных ловяць бацькі, сваякі ці сябры. Усе 12 падсудных выглядаюць годна.
Кожны судовы дзень пачынаецца з актыўных кантактаў падсудных з адвакатамі каля «клеткі». На гэта ідзе 10–15 хвілін.
Маці аднаго з падсудных хлопцаў патлумачыла: «Цяпер сын не піша, дый навошта? Праз адваката ўсё паведамляем яму, а ён нам. Бледны, але кажа, што сілы ёсць, хоць ведаем, што за дзень усё ж стамляецца. Бо ранні пад’ём, пераезд, чаканне, потым пакуль адвязуць у СІЗА на вячэру. Мы больш за яго перажываем, чым ён сам», — сказала маці фігуранта «справы студэнтаў».
23 чэрвеня працэс адновіцца. Засталося вывучыць яшчэ прыкладна 10 тамоў справы, потым — допыт абвінавачаных.