Дональд Трамп: Расія проста не хоча спыняцца ва Украіне, але яна гэта зробіць

Дональд Трамп урэшце прызнаў, што спыняць вайну ва Украіне не хоча Расія. Аднак лічыць, што ёсць добрыя шанцы на ўрэгуляванне вайны. Імаверна ён трымае ў руках яшчэ адну пугу — пасля нафтавых санкцый ён можа дазволіць пастаўкі Украіне Tomahawk. Прынамсі, вытворцы гатовыя іх прадаць. Ідуць 1354-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

556967820_1154301843549559_4002485582602853798_n.jpg

Агулам ва Украіне цягам мінулых сутак зафіксавана 181 баявое сутыкненне, паведаміў Генштаб УСУ ў зводцы 8 лістапада.

Траціна атак — 62 — па-ранейшаму зафіксаваная на Пакроўскім кірунку ў раёнах Шахава, Фёдараўкі, Ніканораўкі, Чырвонага Ліману, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Пясчанага, Зверава, Котліна, Удачнага і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 32 штурмы ў раёнах Вербава, Студзеньскага, Арэстопалю, Паўлаўкі, Новамікалаеўкі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 19 атак у раёнах Плешчыеўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі.

На Славянскім кірунку расійцы атакавалі 14 разоў каля Ямпалю, Дронаўкі, Серабранкі, Грыгораўкі, Выімкі і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 11 баявых сутыкненняў у раёнах Ваўчанска, Каменкі і ў кірунку Дварычанскага.

* * *

У ноч на 8 лістапада Расія нанесла камбінаваны ўдар па аб'ектах крытычнай інфраструктуры Украіны з ужываннем ударных БпЛА, ракет паветранага, наземнага і марскога базавання. Агулам радыётэхнічнымі войскамі Паветраных Сіл выяўлена і ажыццёўлена суправаджэнне 503 сродкаў паветранага нападу: 45 ракет (з іх 32 балістычныя) і 458 БпЛА розных тыпаў:

  • 458 ударных БпЛА тыпу Shahed, Гербера, беспілотнікі іншых тыпаў;
  • 25 балістычных ракет Іскандэр-М/KN-23;
  • 10 крылатых ракет Іскандэр-К;
  • 7 аэрабалістычных ракет Х-47М2 Кінжал;
  • 3 крылатыя ракеты Калібр.

Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 415 паветраных цэляў:

  • 406 ударных БпЛА тыпу Shahed, Гербера і беспілотнікаў іншых тыпаў;
  • 9 ракет розных тыпаў.

Паводле звестак Днепрапятроўскай АВА, гэтай ноччу адзін з дронаў трапіў у шматпавярховы дом у Дняпры, пашкодзіўшы кватэры і выклікаўшы пажар. Загінулі тры чалавекі, яшчэ дзесяць атрымалі раненні. Некалькі пацярпелых, сярод якіх адно дзіця, шпіталізаваныя.

У выніку ўдару расійскіх войскаў па энергетычнай інфраструктуры Палтаўскай вобласці ўвесь Крэменчуг застаўся без электразабеспячэння. Таксама атака па Палтаўскай вобласці выклікала сур'ёзныя пашкоджанні чыгуначнай інфраструктуры, з-за чаго шэраг цягнікоў далёкага і прыгараднага злучэння адчувае значныя затрымкі.

Таксама расійскія войскі ўначы абстралялі прыгарад Харкава. У выніку ўдару РФ па крытычнай інфраструктуры загінуў супрацоўнік аднаго з энергетычных прадпрыемстваў, які быў на працоўным месцы. У горадзе назіраюцца перабоі з электра- і водазабеспячэннем, метро часова не працуе, грамадскі транспарт часткова пераведзены на аўтобусныя маршруты замест тралейбусаў.

У Кіеве і Кіеўскай вобласці прымянілі экстраныя адключэнні электраэнергіі з-за сітуацыі ў энергасістэме.

У Расіі заявілі, што ў ноч на 8 лістапада беспілотнікі нібыта атакавалі аб'екты энергетычнай інфраструктуры Валгаградскай вобласці РФ, частка расійскіх населеных пунктаў — без электрычнасці.

У сеціве з'явіліся паведамленні аб серыі выбухаў у Саратаўскай вобласці.

* * *

577365712_1185942863718790_2611748266850386256_n.jpg

* * *

Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ папярэдзіў расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, што ядзерную вайну ніколі нельга выйграць, піша Reuters.

Рутэ адзначыў, што поспех штогадовых ядзерных вучэнняў ваеннага альянсу, якія адбыліся ў пачатку гэтага месяца, усяліў яму «абсалютную ўпэўненасць у надзейнасці ядзернага стрымлівання NATO» перад тварам расійскіх пагроз.

Ён падкрэсліў, што, калі Расія выкарыстоўвае небяспечную і безразважную ядзерную рыторыку, жыхары краін NATO павінны ведаць, што панікаваць не трэба, паколькі альянс мае магутны ядзерны стрымліваючы патэнцыял.

«І Пуцін павінен ведаць, што ядзерную вайну ніколі не выйграць і ніколі нельга пачынаць», — падкрэсліў ён.

У мінулым месяцы Пуцін заявіў, што Расія можа прымяніць ядзерную зброю, калі яе ўдараць звычайнымі ракетамі, і што Масква будзе разглядаць любы напад на яе, падтрыманы ядзернай дзяржавай, як сумеснае нападзенне.

* * *

Злучаныя Штаты Амерыкі падтрымліваюць намер Еўрасаюза выкарыстоўваць замарожаныя расійскія актывы як інструмент для падтрымкі Украіны і спынення вайны, піша Reuters.

Як вядома, Еўракамісія прапанавала план, які дазволіць урадам краін ЕС выкарыстаць да 185 млрд еўра з каля 210 млрд еўра расійскіх суверэнных актываў, замарожаных у Еўропе, не канфіскуючы іх.

Па словах амерыканскага чыноўніка, Вашынгтон «абсалютна падтрымлівае ЕС і крокі, якія ён цяпер робіць, каб мець магчымасць выкарыстоўваць гэтыя актывы як інструмент».

Цяпер еўрапейская прапанова затрымліваецца з-за пярэчанняў Бельгіі, дзе размешчана вялікая частка гэтых актываў.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пракаментаваў магчымасць сустрэчы з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным у Будапешце. 7 лістапада амерыканскі лідар прымаў у Вашынгтоне з візітам прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана. На пытанне журналіста, ці ёсць шанец на сустрэчу з Пуціным у Будапешце, Трамп заявіў: «Шанец заўсёды ёсць, вельмі добры шанец».

Таксама Трампа спыталі, у чым заключаецца галоўнае разыходжанне з расіянамі, якое перашкаджае яму правесці саміт з Пуціным у Будапешце.

«Асноўнае разыходжанне ў тым, што яны (расіяне) проста пакуль не хочуць спыняцца (ва Украіне), але, думаю, яны гэта зробяць», — адзначыў прэзідэнт ЗША.

* * *

Амерыканскія вытворцы гатовыя прадаць Украіне дальнабойныя крылатыя ракеты Tomahawk, але канчатковае рашэнне павінен прыняць прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас брыфінгу.

Як адзначыў Зяленскі, Украіна працуе над гэтым пытаннем «перш за ўсё з Белым домам і прэзідэнтам, асобна працуем з вытворцамі».

Зяленскі сказаў, што амерыканскія вытворцы гатовыя аператыўна адрэагаваць на ўхваленне паставак. «У выпадку станоўчага сігналу ад прэзідэнта Трампа яны з радасцю перададуць або прададуць адпаведныя сістэмы», — паведаміў ён.

«Прэзідэнт Трамп не сказаў "не", і розныя інстытуты давалі нам пазітыўныя сігналы адносна гэтага рашэння. Безумоўна, канчатковае рашэнне — за прэзідэнтам ЗША», — адзначыў прэзідэнт Украіны.