Пашпарт віленчука: як Літва ператварала Вільню ў сімвал нацыянальнага адзінства
У міжваеннай Літве Вільня стала не проста горадам, а сімвалам страчанай годнасці і надзеі. «Саюз вызвалення Вільнюса» ператварыў тугу па сталіцы ў масавы рух, а яго галоўным знакам стаў «пашпарт віленчука» — сімвалічны дакумент, што аб’яднаў сотні тысяч людзей у жаданні вярнуць Вільню дадому.

Крыніца www.lnb.lt
Прыкметную ролю ў кампаніі за вяртанне Вільнюса ў склад Літвы ў перыяд паміж сусветнымі войнамі адыграў сімвалічны пашпарт віленчука.
У 1922 годзе літоўскае грамадства перажывала стан калектыўнага шоку пасля таго, як Ліга Нацый адмовілася ўмешвацца ў канфлікт паміж Літвой і Польшчай і фактычна прызнала польскі кантроль над Віленскім краем.
З іншага боку, віленскае пытанне адразу стала вельмі магутным фактарам мабілізацыі літоўскага соцыума, якое актыўна ўдзельнічала ў грамадзянскай кампаніі за вяртанне Вільні.
Ініцыятарам кампаніі выступіў «Саюз вызвалення Вільнюса». Саюз браў пачатак ад камітэта, створанага 33 актывістамі. Сярод заснавальнікаў былі і прадстаўнікі беларускага руху. Іх усіх польскія ўлады выслалі з Вільні ў Літву ў 1922-м.
Саюз максімальна хутка развіў маштабную дзейнасць. У межах кампаніі літоўцаў заклікалі называць Каўнас у побыце выключна «часовай сталіцай», падкрэсліваючы, што сапраўднай сталіцай Літвы была Вільня. Выдаваўся часопіс «Наша Вільня», праводзіліся розныя мерапрыемствы, прысвечаныя Вільні, ставіліся спектаклі пра Вільню і г.д. Саюз таксама пачаў устанаўліваць па ўсёй краіне крыжы, прысвечаныя Вільнюсу (было пабудавана каля 100 такіх крыжоў), будаваліся мадэлі і копіі вежы Гедыміна.
Менавіта «Саюз вызвалення Вільні» заснаваў неафіцыйны дзень нацыянальнай жалобы 9 кастрычніка ў памяць аб «мецяжы Жалігоўскага» 1920 года, які прывёў да польскай акупацыі горада.
Улады часта прыслухоўваліся да ідэй Саюза. У канстытуцыях Літвы 1922, 1928 і 1938 гадоў было ўказана, што сталіцай Літвы з'яўляецца Вільня. З 1929 года ў школах пачалі штотыдзень праводзіцца ўрокі па віленскай праблеме і яе літоўскім нацыянальным разуменні.
Глядзіце таксама

Не забываліся актывісты Саюза пра літоўцаў, якія засталіся пражываць на Віленшчыне. Профільныя арганізацыі збіралі сродкі на падтрымку літоўскіх таварыстваў і школ Віленскага краю, арганізоўвалі лекцыі, памятныя мерапрыемствы, зборы ад якіх перадаваліся суайчыннікам у Вільнюсе. У эфір літоўскага радыё выходзілі спецыяльныя радыёперадачы на літоўскай і польскай мовах для жыхароў краю, тым самым спрыяючы захаванню нацыянальнай самасвядомасці літоўцаў Віленшчыны.
Прыкметным фрагментам кампаніі за Вільнюс стаў сімвалічны віленскі пашпарт, які мог набыць кожны грамадзянін Літоўскай Рэспублікі на пошце, у муніцыпалітэтах і іншых афіцыйных установах.
Віленскі пашпарт хутка набыў вялікае значэнне для многіх літоўцаў, асабліва для моладзі. Такія пашпарты ўрачыста ўручаліся ў школах на спецыяльных цырымоніях. 10-цэнтавая марка ў пашпарце выклікала ў вучня гонар за сваю прыналежнасць да руху.
Да 1937 года колькасць уладальнікаў віленскага пашпарта (як сімвалічны знак права нацыі на Вільню) паводле даных Саюза вызвалення Вільнюса, магла дасягаць 600 тысяч. Лічба неверагодная з улікам таго, што насельніцтва Літвы на той час не перавышала двух мільёнаў. У сувязі з гэтым гісторыкі прызнаюць: прапагандысцкія намаганні Саюза ператварылі Вільню — чужы і незнаёмы горад для большасці літоўскіх сялян, у нешта знаёмае і дарагое, неад'емную частку нацыянальнай ідэнтычнасці.
А таму здарылася неверагодная гісторыя. У сакавіку 1938 года Літва прыняла польскі ультыматум, ўстанавіла дыпламатычныя адносіны з Польшчай і паабяцала палякам не артыкуляваць тэму Вільнюса. Але Варшаве гэтага аказалася мала. Польскі МЗС пачаў аказваць ціск на літоўскі ўрад, патрабуючы спыніць любыя згадкі пра «акупаваную Вільню» і закрыць Саюз вызвалення Вільнюса. У выніку Саюз быў афіцыйна расфарміраваны 25 лістапада 1938 года.
А ўжо роўна праз год Вільня нечакана для ўсіх стала літоўскай. Пры чым, для вяртання Вільнюса Літве практычна нічога рабіць не прыйшлося. СССР перадаў Вільню літоўскай адміністрацыі пры ўмове размяшчэння ў краіне савецкіх ваенных баз — пралог будучай анексіі Літоўскай рэспублікі.
Вяртаючыся да пашпарта. Няма сумневаў, што яго значэнне было чыста сімвалічным, але ён у тым ліку выконваў важную місію: падтрымліваць актыўны інтарэс да віленскага пытання і ніколі пра яго не забывацца. У прынцыпе мусіць у гэта і ёсць задача т.з сімвалічных дакументаў, накшталт «віленскага пашпарта» ці «пашпарта новай Беларусі» — падтрымліваць тонус руху і нагадваць аб тым, што барацьба працягваецца.