Еўропа абмяркоўвае «ядзерную страхоўку» ад агрэсіі Масквы

Некалькі еўрапейскіх краін публічна падтрымліваюць перамовы па стварэнні ўласнай ядзернай зброі на фоне страты даверу да ЗША і небяспекі, што сыходзіць ад Расіі. Балазе, Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ лічыць, што Расія будзе заставацца пагрозай для Альянсу нават пасля заключэння міру з Украінай. Ідуць 1454-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

1647172831_8.webp

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 235 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 16 лютага.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 63 штурмы расіян паблізу Тарэцкага, Кучарава Яру, Біліцкага, Зацішак, Радзінскага, Шаўчэнка, Пакроўску, Удачнага, Котліна, Маладзецкага, Філіі, Дачнага і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 37 атак у раёнах Гуляйполя і ў бок Дабраполля, Успенаўкі, Варвараўкі, Прылук, Залізнічнага, Зялёнага і Крынічнага.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 28 атак паблізу Канстанцінаўкі, Пляшчэеўкі, Шчарбінаўкі, Іванаполля, Ільінаўкі, Русінага Яру, Сцяпанаўкі, Сафіеўкі і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку расіяне атакавалі 21 раз у бок Зялёнага Гаю, Іванаўкі, Аляксандраграда, Ягораўкі, Вішнёвага, Аляксееўкі, Вербавага, Данілаўкі, Новага Запарожжа, Злагоды і Рыбнага.

* * *

Аналітычны праект DeepState паведаміў, што расійскія акупанты прасунуліся каля вёскі Новамікалаеўка Данецкай вобласці.

* * *

На некаторых участках фронту ва Украіне страты расійскай арміі ў 25 разоў перавышаюць страты ўкраінскіх абаронцаў, заявіў міністр абароны Вялікабрытаніі Джон Гілі ў каментарыі Bloomberg.

Паводле слоў брытанскага міністра, эфектыўнасць украінскай абароны на асобных кірунках істотна ўзрасла. Гілі падкрэсліў, што намаганні Украіны даюць бачны вынік, нягледзячы на пастаянны ціск ворага.

Джон Гілі адзначыў, што хоць Расія інтэнсіўна вярбуе новых салдат, гэта не прыводзіць да колькаснага росту яе сіл непасрэдна ў зоне баявых дзеянняў. Цяпер колькасць расійскай групоўкі стабільна трымаецца на адзнацы каля 712 000 чалавек.

«Гэта важны напамін для ўсіх нас, што Украіна знаходзіцца пад велізарным ціскам з боку Расіі... але яны адваёўваюць частку тэрыторыі і некаторыя гарады», — дадаў ён.

Раней у NATO заявілі, што страты расійскіх войскаў з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну перавысілі 1,3 млн чалавек забітымі і параненымі. Гэтая лічба аказалася большай за афіцыйныя даныя ўкраінскага Генштаба. Паводле даных Financial Times, Крэмль сутыкаецца з сур'ёзнымі цяжкасцямі ў набор новых кантрактнікаў. Нягледзячы на завоблачныя выплаты, тэмпы мабілізацыі запавольваюцца, што ставіць пад пагрозу планы расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна па далейшым наступе.

* * *

У ноч на панядзелак, 16 лютага, Расія атакавала Кіеўскую вобласць ракетай «Цыркон». Мэтай атакі, паводле папярэдніх даных, была падстанцыя ў Макараўскім раёне, якая злучае Ровенскую АЭС з Кіевам.

У нядзелю ўвечары, 15 лютага, расійскія ваенныя атакавалі Запарожжа. Пасля магутных выбухаў быў зафіксаваны пажар. Без пацярпелых.

* * *

Па выніках перамоў на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Украіна чакае новыя пакеты ваеннай дапамогі, ключавым элементам якіх стануць ракеты для сістэм СПА, здольныя збіваць балістычныя мэты, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце.

Паводле яго слоў, абарона неба была галоўнай тэмай перамоў з заходнімі лідарамі. У прыватнасці, гэтае пытанне абмяркоўвалася з дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё.

«Самае важнае — будуць новыя пакеты падтрымкі для Украіны. Галоўнае — ракеты для СПА, для абароны ад балістыкі. Гэта пытанне нумар адзін на працягу ўсёй гэтай зімы», — падкрэсліў Зяленскі.

Акрамя ваеннай дапамогі, улады працуюць над прыцягненнем рэсурсаў для стабілізацыі энергасістэмы. На наступным тыдні запланаваны сустрэчы па «энергетычных пакетах», якія будуць уключаць неабходнае абсталяванне для рамонтаў.

* * *

Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ ў інтэрв'ю для The Moscow Times даў зразумець, што Расія будзе заставацца пагрозай для Альянсу нават пасля заключэння міру з Украінай.

«Давайце спачатку заключым мірнае пагадненне, а потым паглядзім, што будзе. Але для NATO цяпер цалкам зразумела, што Расія ўяўляе сабой доўгатэрміновую пагрозу для ўсёй тэрыторыі NATO», — сказаў Рутэ.

Таксама ён звярнуўся з заклікам да расіян «зрабіць усё магчымае», каб спыніць вайну, бо яна разбурае ў тым ліку Расію. Рутэ звярнуў увагу, што ў снежні 2025 года армія РФ не далічылася 35 тысяч салдат, а ў студзені 2026-га — 30 тысяч, што з'яўляецца большай колькасцю, чым было завербавана за той жа перыяд.

«Гэтыя страты не прыпадаюць на Маскву і Санкт-Пецярбург, таму эліта, магчыма, не адразу сутыкнецца з гэтым. Але гэта адбудзецца хутка, таму што пры такой колькасці загінулых людзей непазбежна, што гэта закране і Маскву, і Санкт-Пецярбург», — лічыць генсек Альянса.

* * *

Большасць грамадзян Чэхіі выступаюць за далейшую падтрымку артылерыйскай ініцыятывы, якая забяспечвае пастаўкі боепрыпасаў для ўкраінскай арміі, паведамляюць Ceskenoviny са спасылкай на вынікі апытання агенцтва Kantar CZ.

Згодна з даследаваннем, праведзеным у студзені 2026 года, 62% чэхаў ухваляюць далейшую рэалізацыю «снараднай праграмы». Супраць выступаюць 35% апытаных, а яшчэ 3% не вызначыліся з пазіцыяй.

«Мужчыны, студэнты ўніверсітэтаў, а таксама значна больш выбаршчыкаў апазіцыйных партый пагадзіліся б з гэтым, амаль на 100% згодныя», — адзначыў аналітык Kantar CZ Павел Раноха, заўважыўшы, што падтрымка ініцыятывы мае выразны сацыяльны і палітычны профіль.

Нягледзячы на высокі ўзровень грамадскай падтрымкі, новая ўрадавая кааліцыя на чале з Андрэем Бабішам вырашыла змяніць фармат удзелу Прагі: Чэхія больш не будзе ўносіць уласныя сродкі ў закупкі, аднак пакіне за сабой ролю лагістычнага і арганізацыйнага хаба.

Цяпер гэтая праграма з'яўляецца ключавой крыніцай агнявой падтрымкі УСУ. «Ініцыятыва забяспечвае палову паставак буйнакаліберных боепрыпасаў для ўкраінскай арміі», — адзначыў прэзідэнт Чэхіі Петр Павел.

* * *

Некалькі еўрапейскіх краін публічна падтрымліваюць перамовы па стварэнні ўласнай ядзернай зброі ў дадатак да амерыканскай на фоне падзення даверу да ЗША пад кіраўніцтвам Дональда Трампа, піша Politico.

Рост ціску з мэтай пачаць сур'ёзную размову пра ядзерную зброю ў Еўропе з'яўляецца адказам на пахіснутую ўпэўненасць у тым, што ЗША адаб'юць напад Расіі. Гэтыя сумневы не развеяліся нават пасля прамовы на Мюнхенскай канферэнцыі дзяржсакратара ЗША Марка Рубіё, якая была вытрымана ў адносна замірэнчым тоне.

Намесніца міністра абароны Эстоніі Туўлі Дунетан заявіла, што яе краіна не выключае ўдзелу ў перамовах аб адзіным ядзерным стрымліванні ў Еўропе на ранняй стадыі. «Мы заўсёды адкрытыя для абмеркавання з партнёрамі», — сказала яна, падкрэсліўшы пры гэтым, што ЗША па-ранейшаму «адданыя забеспячэнню ядзернага стрымлівання для краін-саюзніц».

Прэм'ер-міністарка Латвіі Эвіка Сіліня падтрымала гэтую думку. «Ядзернае стрымліванне можа даць нам новыя магчымасці. Чаму б і не?», — сказала яна, папярэдзіўшы, што любыя крокі павінны адпавядаць «міжнародным абавязацельствам».

Выданне адзначае, што Трамп ставіў пад сумнеў 5 артыкул Статута NATO аб калектыўнай абароне, высмейваў уклад саюзнікаў у вайну ў Афганістане і неаднаразова заклікаў анексаваць Грэнландыю, якая належыць Даніі (члену NATO). Паведамляецца, што гэта прымушае Еўропу шукаць тое, што чыноўнікі называюць яшчэ адным пластом «страхоўкі» ад Масквы.

На практыцы гэта азначае зварот да Францыі і Вялікабрытаніі — ядзерных дзяржаў Еўропы. У адрозненне ад Лондана, Парыж не ўваходзіць у Групу ядзернага планавання NATO, якая абмяркоўвае прымяненне ядзернай сілы ў рамках Альянсу. Прэзідэнт Францыі неаднаразова падкрэсліваў, што нацыянальныя інтарэсы Францыі маюць еўрапейскае вымярэнне, але настойваў на тым, што любое рашэнне аб запуску прымаецца выключна Парыжам.