Пуцін не здольны выйграць вайну і адначасова баіцца наступстваў міру
За чатыры гады Другой сусветнай вайны савецкая армія прайшла 1600 км да Берліна. Аднак цяперашнія расійскія сілы ў Данецкай вобласці за аналагічны перыяд змаглі прасунуцца толькі на 60 км. Пераход да мірнага часу выкліча глыбокую рэцэсію, а дэмабілізаваныя ветэраны, стануць крыніцай новай хвалі нестабільнасці, піша The Economist. Ідуць 1458-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота Getty Images
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 237 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 20 лютага.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 37 штурмаў арміі РФ ў раёнах Радзінскага, Зацішак, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Мураўкі, Новамікалаеўкі, Філіі.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 29 атак у кірунках Стараўкраінкі, Залізнічнай, Зялёнага, Святапятроўкі і ў раёне Гуляйполя.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 19 атак паблізу Русінага Яру, Сафіеўкі, Пляшчыеўкі, Сцяпанаўкі і ў бок Канстанцінаўкі, Ільінаўкі, Новапаўлаўкі, Бярэстак.
На Аляксандраўскім кірунку адбылося 14 атак у раёнах Сасноўкі, Злагоды і ў кірунках Дабраполля, Андрэеўкі-Кляўцова.
На Ліманскім кірунку расійцы правялі 13 атак раёне Шандрыгалава і ў бок Новага Міру, Ставак, Дробышава, Ліману.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім), Паўднёва-Слабажанскім і Славянскім кірунках адбылося па 12 баявых сутыкненняў на кожным.
* * *
Украінскія абаронцы памяншаюць «шэрую зону» на Запарожскім кірунку і не даюць расійскім войскам прасоўвацца, сказаў прадстаўнік Сіл абароны Поўдня Уладзіслаў Валошын у эфіры тэлемарафону.
«Мы не даем ворагу завесці групы замацавання, не даем яму атакаваць нашы пазіцыі. У некаторых выпадках мы дзейнічаем на апярэджанне і на некаторых участках лініі баявога сутыкнення ворагу здаецца, што мы арганізавалі нейкі контрнаступ, але гэта нашы дзеянні, якія ўзгоднены і скаардынаваны для таго, каб не даць ворагу прасоўвацца глыбей на нашу тэрыторыю», — сказаў ён.
Валошын абверг сцвярджэнні Мінабароны РФ аб нібыта захопе населенага пункта Крынічнае ў Міхайлаўскай грамадзе Запарожскага раёна Запарожскай вобласці.
«Крынічнае пад нашым кантролем. Акрамя таго, за мінулыя суткі мы правялі больш за 20 пошукава-ўдарных і контрдыверсійных дзеянняў, знішчаючы варожыя групы, якія спрабавалі пракрасціся ўглыб нашай абароны», — дадаў ён.
* * *
Уночы на 20 лютага Расія атакавала Украіну адной балістычнай ракетай «Іскандэр-М», а таксама 128 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 107 БпЛА.
Тры чалавекі атрымалі раненні і зафіксавана шмат разбурэнняў у выніку расійскіх удараў па Днепрапятроўскай вобласці. Расіяне больш за 20 разоў атакавалі тры раёны вобласці беспілотнікамі, артылерыяй і РСЗА «Град», паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Ганжа.
Раніцай 20 лютага расійскія войскі нанеслі ракетны ўдар па Слабадскім раёне Харкава. Пацярпеў адзін чалавек.
У ноч на 20 лютага ў розных раёнах часова акупаванага Крыма прагучала серыя выбухаў на фоне маштабнай атакі беспілотнікаў на тэрыторыю паўвострава. Выбухі былі ў прыватнасці ў раёне ваенных аэрадромаў Кача і Бельбек, а таксама ў Бахчысараі, Севастопалі, Керчы і Сочы.
* * *
* * *
Расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін апынуўся ў «кляшчах», якія ён сам і стварыў. Расійскі лідар не здольны выйграць вайну і адначасова баіцца магчымых наступстваў міру, піша The Economist.
Крэмль спадзяваўся, што вяртанне Дональда Трампа да ўлады ў ЗША ці перамовы ў Жэневе прымусяць Украіну капітуляваць. Аднак рэальнасць аказалася значна больш складанай. Нават верагодныя тэрытарыяльныя саступкі не вырашаюць глыбокіх праблем, якія пагражаюць стабільнасці расійскага рэжыму.
Адной з галоўных праблем выданне называе вельмі павольнае прасоўванне на фронце.
За чатыры гады Другой сусветнай вайны савецкая армія прайшла 1600 км да Берліна. Аднак цяперашнія расійскія сілы ў Данецкай вобласці за аналагічны перыяд змаглі прасунуцца толькі на 60 км.
Рэсурсы для працягу наступу імкліва вычарпаюцца: Расія ўжо сутыкаецца з ростам страт вайскоўцаў, якія перавышаюць тэмпы мабілізацыі. Навабранцы пераважна не падрыхтаваныя, узровень дэзерцірства дасягае рэкордных паказчыкаў, а камунікацыя на перадавой моцна пацярпела з-за адключэння Telegram уладамі РФ і абмежавання Starlink.
Не менш сур’ёзнай праблемай для Крамля з’яўляецца эканоміка. Вайна фінансуецца дзякуючы вялікім выплатам наймітам, а не нацыянальнаму патрыятызму, што робіць яе ўсё больш затратнай на фоне зніжэння даходаў ад экспарту нафты і росту ўнутраных даўгоў. Эксперты папярэджваюць, што нават мірнае пагадненне можа выклікаць сур’ёзны крызіс у Расіі. Пераход да мірнага часу выкліча глыбокую рэцэсію, а дэмабілізаваныя ветэраны, якія не змогуць знайсці працу, могуць стаць крыніцай новай хвалі нестабільнасці, лічаць аналітыкі.
На думку The Economist, Пуцін аднолькава баіцца і зацяжной вайны, і патэнцыйнага міру. Пагадненне, якое не будзе ўключаць поўнага знішчэння ўкраінскай дзяржаўнасці, разбурыць яго імідж «выдатнага гістарычнага лідара». Спробы нанесці шкоду энергетычнай сістэме Украіны для эканамічнага ціску застаюцца беспаспяховымі і не прыносяць Маскве стратэгічных вынікаў. Замест гэтага краіна ўсё глыбей апускаецца ў эканамічны крызіс.
* * *
Прэм’ер-міністарка Італіі Джорджа Мэлані ў інтэрв’ю Sky tg24 пракаментавала ход перамоў па завяршэнні вайны Расіі супраць Украіны, адзначыўшы, што да вырашэння галоўнага пытання — тэрытарыяльнага — яшчэ далёка.
Мэлані адзначыла важныя крокі ў дакументах, якія ў цяперашні час прапрацоўваюцца, у прыватнасці па гарантыях бяспекі для Кіева. «Я бачу важныя крокі наперад у дакументах, над якімі мы цяпер працуем. Праводзіцца вельмі добрая работа па гарантыях бяспекі для Кіева, якая, дарэчы, грунтуецца на італьянскай прапанове — распрацаваць іх па мадэлі 5-га артыкула Паўночнаатлантычнага пакта», — сказала яна.
Яна адзначыла, што працягваецца актыўная работа па аднаўленні Украіны: існуе мірны план, дзе значная частка пытанняў ужо вырашана на паперы.
Аднак Мэлані падкрэсліла складанасць тэрытарыяльнага аспекту, у якім Расія працягвае выстаўляць неабгрунтаваныя прэтэнзіі.
«Мы ўсё яшчэ вельмі далёкія ад вырашэння галоўнага пытання — тэрытарыяльнага, дзе Расія працягвае выстаўляць прэтэнзіі, якія, на маю думку, з’яўляюцца абсалютна неабгрунтаванымі. Я лічу, як ужо неаднаразова казала, што важна не проста дасягнуць міру, а дасягнуць справядлівага міру», — рэзюмавала яна.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зацвердзіў працяг на год антырасійскіх санкцый, якія былі ўведзены з-за ўварвання ва Украіну.
«Я працягваю на 1 год рэжым надзвычайнага становішча, абвешчаны ўказам № 13660 (першыя санкцыі супраць РФ, якія ЗША ўвялі ў 2014 годзе — НЧ.)», — сказана ва ўказе Трампа.
Ва указе падкрэсліваецца, што дзеянні і палітыка Расіі «працягваюць уяўляць незвычайную і надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы Злучаных Штатаў».
№13660, які працягнуў Трамп, з’яўляецца падмуркам усёй санкцыйнай архітэктуры ЗША супраць Расіі. Ён быў падпісаны ў адказ на пачатак расійскай агрэсіі ў Крыме, на яго базе дзейнічаюць персанальныя і сектаральныя абмежаванні, забарона на імпарт і экспарт стратэгічных тавараў, а таксама абмежаванні на ўгоды з дзяржаўным доўгам РФ.
Штогадовы працяг гэтага рэжыму з’яўляецца юрыдычнай неабходнасцю, каб усе ўведзеныя абмежаванні не страцілі сілу аўтаматычна.