Паражэнне як крок да перамогі

Ці можа прайграная барацьба стаць асновай будучай перамогі? У міжваеннай Польшчы існавала канцэпцыя «логікі паражэння», паводле якой няўдалае паўстанне 1863–1864 гадоў стала неабходнай перадумовай аднаўлення незалежнасці ў 1918-м. Ці магчыма падобнае асэнсаванне і для беларускага досведу 2020 года?

«Палонія — год 1863 , або скаваная Польшча», Ян Матэйка 

«Палонія — год 1863 , або скаваная Польшча», Ян Матэйка 

Ці можа паражэнне азначаць перамогу? Для многіх польскіх інтэлектуалаў міжваеннага перыяду адказ на гэтае пытанне быў сцвярджальным — прынамсі ў дачыненні да паўстання 1863 года. На іх думку, гэтае паражэнне стала балючай, але неабходнай «ін’екцыяй» нацыянальнай ідэнтычнасці. Яна павольна «спела» ў наступныя дзесяцігоддзі і ў выніку дапамагла палякам не ўпусціць гістарычны шанец, калі ён з’явіўся ў 1918 годзе.

Каб абгрунтаваць такую, на першы погляд, спекулятыўную тэзу, прапаноўвалася некалькі аргументаў.

Па-першае, паўстанне разглядалася як «маральная перамога». Яно не дазволіла ідэі незалежнасці згаснуць на 55 гадоў — паміж падзеламі Рэчы Паспалітай і 1918 годам. Жорсткія рэпрэсіі — пакаранні смерцю, канфіскацыі маёмасці, высылкі ў Сібір — не зламалі волю народа, а, наадварот, умацавалі ўнутраную салідарнасць і нянавісць да акупантаў. Вобраз паўстанца стаў цэнтральным у польскай літаратуры і мастацтве, фармуючы патрыятычныя ідэалы новых пакаленняў.

Па-другое, падчас паўстання ўпершыню была створана паўнацэнная сетка падпольных дзяржаўных інстытутаў, якія дзейнічалі паралельна афіцыйнай уладзе. Паўстанцкі Нацыянальны ўрад выдаваў законы (у тым ліку аграрны дэкрэт), збіраў падаткі, меў уласную адміністрацыю, пошту і судовую сістэму. Гэты досвед самакіравання меў доўгатэрміновае значэнне.

Па-трэцяе, паўстанне паўплывала на змену сацыяльнай базы барацьбы за незалежнасць. Нягледзячы на абмежаваную падтрымку сялян у 1863 годзе, у доўгатэрміновай перспектыве яно спрыяла інтэграцыі грамадства. У вайне за незалежнасць 1918–1920 гадоў удзельнічалі ўжо прадстаўнікі ўсіх сацыяльных пластоў.

Глядзіце таксама

Гэтыя ідэі не засталіся выключна ў межах гістарычнай публіцыстыкі. Паколькі кіраўнік міжваеннай Польшчы Юзэф Пілсудскі быў перакананым прыхільнікам спадчыны паўстання 1863 года, «логіка паражэння» стала часткай афіцыйнай дзяржаўнай ідэалогіі.

У 1918–1939 гадах спадчына Студзеньскага паўстання трансфармавалася з сямейнай траўмы ў дзяржаўны культ, накіраваны на выхаванне патрыятызму і легітымацыю самой незалежнасці. Улады свядома падтрымлівалі гэты культ, ператвараючы паўстанцаў у сакральныя сімвалы нацыянальнай барацьбы.

Усім жывым на той момант ветэранам паўстання былі нададзеныя ваенныя званні і матэрыяльная дапамога. У Варшаве быў створаны Дом ветэрана для пражывання і догляду былых паўстанцаў.

Аднак ідэя, што Польшча абавязана незалежнасцю менавіта прайгранаму паўстанню пяцідзесяцігадовай даўніны, не была аднадушна прынятая. Частка гісторыкаў выказвала сур’ёзныя контраргументы.

Польшча заплаціла за паражэнне 1863 года велізарную цану. Рэпрэсіі пасля 1864 года былі катастрафічнымі: тысячы пакараных, дзясяткі тысяч сасланых у Сібір, інтэнсіўная русіфікацыя. Акрамя таго, ключавую ролю ў здабыцці незалежнасці ў 1918 годзе адыграў не «дух 1863-га», а крах усіх трох дзяржаў-захопнікаў — Расійскай імперыі, Германіі і Аўстра-Венгрыі — у выніку Першай сусветнай вайны. Без гэтага геапалітычнага збегу абставінаў Польшча магла б так і не аднавіць сваю дзяржаўнасць, нягледзячы на высокі ўзровень нацыянальнай мабілізацыі.

І ўсё ж гэты момант становіцца ключавым для ўсёй дыскусіі. Культ паўстання ўвасабляў ідэю, што незалежнасць Польшчы ў 1918 годзе была не выпадковым гістарычным шанцам, а лагічным вынікам шматгадовай, у тым ліку ўзброенай, барацьбы. Гэтая ідэя стала цэнтральнай у афіцыйным гістарычным наратыве міжваеннай дзяржавы.

Пакаленне 1920-х гадоў выхоўвалася ў духу памяці пра Студзеньскае паўстанне. Вобраз героя-паўстанца стаў маральным узорам для маладых палякаў. Шмат хто лічыць, што гэта асабліва выразна выявілася падчас Варшаўскага паўстання 1944 года, удзельнікі якога свядома натхняліся рамантычнай спадчынай 1863 года.

Зрэшты, і гэты факт выклікае спрэчкі. На думку шэрагу гісторыкаў, захапленне рамантычнай традыцыяй у часы Другой сусветнай вайны перашкодзіла прагматычнай ацэнцы рэсурсаў і магчымасцяў, што ў выніку прывяло да трагічных наступстваў. Але гэта ўжо іншая тэма.

У дадзеным кантэксце больш істотным падаецца іншае пытанне: ці можа спадчына прайгранага пратэсту 2020 года стаць для беларусаў аналагам польскай «логікі паражэння»?