«Паўстанне Каліноўскага» — праз фатаграфіі, малюнкі, артэфакты яго ўдзельнікаў і сведкаў

Паўстанне Каліноўскага (у расійскай гістарыяграфіі — «Польскі бунт») — было апошнім і найбольш крывавым паўстаннем ХІХ стагоддзя народаў Рэчы Паспалітай супраць расійскай каланіальна-імперскай сістэмы.

324670494_2990723267898833_3937410974839403800_n_logo.png


Гэты вызвольны рух працягваўся агулам 14 месяцаў і меў характар ​​партызанскай вайны, у якой удзельнічала ад 100 тыс. да 150 тыс. «інсургентаў» — галоўным чынам юнакоў і маладых людзей са шляхты, памешчыкаў і інтэлігенцыі — з амаль 5 млн насельнікаў былой Рэчы Паспалітай. Няўдача паўстання прынесла рэпрэсіі — тысячы смяротных прысудаў, высылкі ў Сібір, катаргу, кантрыбуцыі, турэмныя зняволенні, а ў сацыяльна-пабытовых пытаннях — забароны на адзенне ў нацыянальных колерах (нават забароны на жалобныя строі ў публічных месцах), на патрыятычныя песні і музыку, літаратуру і выданні, мову і нават меркаванні.

На гэтай інфаграфічнай мапцы пазначаны асноўныя месцы ссылак паўстанцаў

На гэтай інфаграфічнай мапцы пазначаны асноўныя месцы ссылак паўстанцаў


Сёння пра паўстанне 1963 года напісана і зроблена нямала ў Польшчы, Літве, Украіне, (нават у Расіі) і не так шмат — у Беларусі. Мы ўсё яшчэ, у ідэалагічным сутыкненні з посткаланіяльнай і неа-імперскай расійскай дактрынай, спрабуем прабіцца праз гістарычнае маўчанне, убачыць, уявіць, пачуць постаці, думкі і галасы з мінуўшчыны, нашых тагачасных суайчыннікаў, гатовых ламаць свой лёс і класці жыццё за Волю роднага края.Падрыхтавалі для вас падборку фатаграфій, малюнкаў, артэфактаў, зробленых непасрэднымі ўдзельнікамі вызвольнага паўстання. А каб эмацыйна прыблізіць старыя здымкі да ўспрыняцця падзей намі, бягучым пакаленнем, апрацавалі іх пры дапамозе нейрасетак, у тым ліку рэсурса myheritage.com.

Паўстанне ў малюнках яго ўдзельнікаў

Калі мы кажам пра мастацкія вобразы паўстання, то адразу (ці нагугліўшы) усплываюць гераічныя і драматычныя вобразы з графікі і палотнаў Міхала Андрыёлі, Артура Гротгера, Альфрэда Ромера і іншых мастакоў-ураджэнцаў Літвы-Беларусі. Аднак усе яны выкананы ў канонах рамантызму, у акадэмічным мастацкім стылі, ідэалізаваўшым як знешні выгляд ці аблічча «інсургентаў», так і самі падзеі паўстання. Мы ж прапануем паглядзець па-іншаму на атмасферу паўстання, праз захаваныя скетчы і накіды саміх удзельнікаў, зробленыя ў паходным лагеры, у часіны перадыху ад бясконцых крывавых сутычак з імперскімі войскамі, а таксама — праз палотны мастакоў-рэалістаў, адчуўшых усю антыгуманнасць каланіяльнай машыны і адбыўшых пакаранне ў цяжкіх умовах Сібіры…

Паўстанцкі лагер. Акварэльны малюнак удзельніка падзей з прыватнага архіву Любамірскіх. (Archiwum Główne Akt Dawnych, agad.gov.pl)

Паўстанцкі лагер. Акварэльны малюнак удзельніка падзей з прыватнага архіву Любамірскіх. (Archiwum Główne Akt Dawnych, agad.gov.pl)

Невядомы аўтар-удзельнік падзей. Паўстанец 1863 года. Папера, акварэль. 1864 г. Летувіскі мастацкі музэй (www.limis.lt)

Невядомы аўтар-удзельнік падзей. Паўстанец 1863 года. Папера, акварэль. 1864 г. Летувіскі мастацкі музэй (www.limis.lt)


Гэтая вартая жалю постаць «інсургента» ў рызманах — насамрэч, сапраўднае сведчанне артэфакт падзей. Паўстанцы, вымушаныя хавацца па лясах і глухіх кутах, насамрэч моцна пакутвалі ад недахопу ўсяго неабходнага для вядзення баявых дзеянняў — па сведчаннях удзельнікаў вызвольнага руху, не хапала ўсяго: адзення і абутку, узбраення і куль, правіянту і матэрыялаў для ўсталявання лагера

mal_4_paustanec_jeher.png

Невядомы аўтар. Паўстанец (магчыма, паляўнічы ці егер), пазначаны як «Міраслаўскі». З прыватнага архіва сям'і паўстанца. Летувіскі нацыянальны архіў Распавядаючы пра баявыя дзеянні, сутыкі і патаемныя адыходы партызанскіх атрадаў, даследчыкі часам забываюцца, якую выключную ролю ігралі ў партызанскім руху дасведчаныя «мысьліўцы»-паляўнічыя і адмыслоўцы-егеры. Менавіта яны ведалі патаемныя лясныя сцежкі-тропкі, умелі спрытна рабіць схроны-схованкі, а таксама былі першакласнымі стралкамі, нават з адна- ці двух-зараднай паляўнічай стрэльбай у руках.

Малюнак алоўкам з альбома, канфіскаванага падчас ператрусу ў маёнтку Сялец Пружанскага павета ў памешчыка Замойскага. Не пазней 30 верасня 1863 года

Малюнак алоўкам з альбома, канфіскаванага падчас ператрусу ў маёнтку Сялец Пружанскага павета ў памешчыка Замойскага. Не пазней 30 верасня 1863 года

 Юзэф Бэркман. Акварэль на паперы (1888) з цыклу замалёвак побыту і лёсу сасланых у Сібір за ўдзел у паўстанні 1863 года

 Юзэф Бэркман. Акварэль на паперы (1888) з цыклу замалёвак побыту і лёсу сасланых у Сібір за ўдзел у паўстанні 1863 года

Юзэф Брэкман, як і ягоны стрыечны брат Міхал, быў прыхільнікам тагачасных рэвалюцыйных ідэяў, абодва юнака былі ў складзе моладзевай арганізацыі «Братні саюз Літоўскай моладзі», які дзейнічаў у 1846-49 гг. За ўдзел у паўстанцкіх бітвах быў схоплены і сасланы ў Сібір, асабіста зазнаўшы расейскія турэмныя ўмовы для палітычных зняволеных.

Каптур і плашч катаржаніна. Малюнак з дзённіка «Нататкі паўстанца 1863 года ў магілёўскай турме». Нацыянальная бібліятэка ў Варшаве

Каптур і плашч катаржаніна. Малюнак з дзённіка «Нататкі паўстанца 1863 года ў магілёўскай турме». Нацыянальная бібліятэка ў Варшаве


У рукапісным аддзеле Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве захоўваецца прыватны дзённік (рукапіс №6540) пад загалоўкам «Нататкі паўстанца 1863 года ў магілёўскай турме». Невядомы ўладальнік кніжкі, якога царскія ўлады прыгаварылі да катаржных работ, прызначыў яе сваёй нявесце Ядвізе. У запісной кніжцы пакінулі аўтографы ўдзельнікі паўстання 1863 года, якія адбывалі пакаранне ў магілёўскай турме. У кароткіх запісах, у некалькі слоў, у адзін радок — зламаны лёс, згубленае жыццё цэлага пакалення: «Аляксей Вайніловіч, вучань з Магілёўскай губерні, прыгавораны да вечнай ссылкі ў Сібір» (у момант прысуду хлопчыку было ўсяго 14 год!), «Уладзіслаў Корбут — родам з Мінска», «Гордан Пароскі — вучань Слуцкай гімназіі», «Альфрэд Завада, з Гродзенскай губерні, Шчучын, да катаргі на 8 год», «Эдвард Матушэвіч, фартэпіянны майстар з Мінскай губерні і павета».

Палотны з вялікага цыклу карцін пра побыт і лёс высланых у Сібір паўстанцаў аўтарства Аляксандра Сахачэўскага (1843-1923), прайшоўшага ўсё катаржнае пекла імперскай рэпрэсіўнай машыны

Палотны з вялікага цыклу карцін пра побыт і лёс высланых у Сібір паўстанцаў аўтарства Аляксандра Сахачэўскага (1843-1923), прайшоўшага ўсё катаржнае пекла імперскай рэпрэсіўнай машыны


Як актыўны ўдзельнік нацыянальна-вызвольнага руху 1860-х Аляксандр Сахачэўскі, паляк па паходжанню, быў арыштаваны і ў красавіку 1863 палявым ваенным судом прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Аднак па ўзросту (бо не дасягнуў 21 года) прысуд быў заменены 20-гадовай катаргай ў Сібіры. Стаўшы мастаком-рэалістам і веснікам тых падзей, Сахачэўскі стварыў маштабны цыкл пра пакуты сасланых «інсургентаў» — ягоныя выставы аб’ездзілі ледзь не ўсю Еўропу. Што важна, усе персанажы на палотнах з'яўляюцца рэальнымі людзьмі, да дробязі маюць партрэтнае падабенства, а творы мастака з’яўляюцца ледзь не адзінай праўдападобнай крыніцай аб лёсе гэтых людзей…

Паўстанне ў фатаграфіях

«Паўстанцы на малітве». Так гэтае фота зафіксавана ў каталозе Летувіскага нацыянальнага архіва

«Паўстанцы на малітве». Так гэтае фота зафіксавана ў каталозе Летувіскага нацыянальнага архіва


Прыгожыя маладыя людзі ў малітоўных позах перад «інсталяцыяй» з паўстанцкай зброі, штандараў партызанскіх атрадаў і гербаў зямель Речы Паспалітай — гэта пастановачны здымак, зроблены студэнтамі і гімназістамі нашмат пазней за падзеі, што адбываліся…

Мы ўсе хочам бачыць на здымках зухаватых паўстанцаў — маладых прыгожых і годных людзей, апранутых у «народныя» чамаркі, або ў экзатычныя строі «зуаваў смерці», узброеных шаблямі, рэвальверамі, стрэльбамі і пікамі, і зусім не хочам думаць пра тое, які ж насамрэч лёс напаткаў гэтых бравых маладзёнаў — цэлае пакаленне таленавітых, шляхетных, годных сваёй зямлі людзей…

mal_10_minsk_kungur.jpg


На вокладцы кнігі Зоф’і Кавалеўскай «З успамінаў паўстанца» змешчаны групавы здымак маладых мужчын, апранутых па тыповай «паўстанцкай модзе». Здымак пакінуты без подпіса. Але ён вядомы і тэкставым пазначэннямі (Летувіскі мастацкі музэй, www.limis.lt; здымак разкаляраваны нейрасеткай). Надпіс «Minsk / 1863. / Kungur» можа сведчыць толькі адно — перад намі паўстанцы, сасланыя ў сібірскі Кунгур...
На падобных здымках сціпла пазначаны імя і прозвішча ўдзельніка паўстання, часам — ягоная сфера дзейнасці — «доктар» (напрыклад, доктар Ян Эвард Свіда, 1835-1917). А за гэтымі словамі — гады (а часам і дзесяцігоддзі) невыноснай ссылкі і катаржных прац. Пра большасць людзей з гэтага фота нам амаль нічога не вядома — у каталогах і базах даных, сабраных польскім і літоўскім бокам, часта проста пазначана штосьці тыпу «шляхціч з Міншчыны». Аднак і тыя некалькі біяграфій, што ўдалося выявіць — уражваюць. Напрыклад, пад нумарам (4) падпісаны Родрыг Свентажэцкі з маёнтку Крывічы (пад Ракавам Мінскай губ.) 1824 года нараджэння. Свентажэцкі вучыўся ў Мінскай гімназіі, затым быў на дзяржаўнай службе. Як член Мінскай арганізацыі ў 1863 годзе асуджаны на 20 гадоў катаргі ва Усол (Іркуцкая губ.), дзе пражыў каля васьмі гадоў. Вярнуўся на радзіму ў 1880-м, жыў у матулінай сястры ў Гранезах (Вілейскі пав.). Памёр у 1909 г., пахаваны на Радашкавіцкіх могілках.

Пад здымкам бравага афіцэра ў кавалерыйскім строі з адной з віленскіх фотастудый прастаўлена толькі прозвішча. Летувіскі мастацкі музей

Пад здымкам бравага афіцэра ў кавалерыйскім строі з адной з віленскіх фотастудый прастаўлена толькі прозвішча. Летувіскі мастацкі музей

Імаверна, перад намі Тадэвуш Вішнеўскі (1823—1863) — кіраўнік атраду ў Мінскай губерні, у Рэчыцкім павеце, сасланы за ўдзел у паўстанне — памёр у ссылцы ў Краснаўфімску (Пермская губерня).

mal_12_pazniak.jpg


Гэты здымак мужчыны ў казацкай бурцы зроблены ў адным з фотаатэлье Вільні. Сціплы подпіс на адвароце карткі коратка знаёміць нас з лёсам аднаго з паўстанцаў 1861 г. — «Эдмонд Пазьняк з Магілёва. Асуджаны на катаржныя працы на 15 год».

Адзін кароткі радочак, а колькі ў ім жудаснага з таго лёсу… З біяграфіі вядома няшмат: уладальнік маёнтка Чарнаручча ў Сенненскім павеце, былы афіцэр, удзельнік Руска-Турэцкай вайны...

mal_13_szydlouski.png


Адна з самых каларытных фігураў паўстання 1863 г. на Літве — Сымон «Візунас» Шыдлоўскі, харунжы паўстанцкага атраду «Віцебскай зямлі» — так напісана на ягоным штандарце, які мужны «інсургент» пранёс праз усе баі, ад Віцебшчыны да Падляшша.
Толькі пасля сур’ёзнага ранення і поўнай капітуляцыі Варшавы, Шыдлоўскі разам з нескаронымі паплечнікамі, праз Кракаў, перабраўся ў Львоў (на той час — тэрыторыя Аўстра-Вугоршчыны), дзе заставаўся да самай смерці, падтрымліваючы былых удзельнікаў праз Таварыства ўзаемадапамогі і ні на адным мерапрыемствы не раставаўшыся са сваёй харугвай. Сымон быў пахаваны на львоўскіх Лычакоўскіх могілках.
На ягонай магіле красуецца надпіс, пасланне нам, нашчадкам: «На нашым праху паўстануць мсціўцы». Харугва паходзіць з Суражскага касцёла Віцебскай губерні. У 1923 г. перададзена 1-му Кадэцкаму корпусу ў Львове. Падчас Другой сусветнай вайны штандарт хавалі ад савецкіх жаўнераў. Апасля вайны сцяг трапіў у Нацыянальны музей у Кракаве. Сярод сімвалаў паўстання, як на штандарце, так і на грудзях Сымона — абразок Маці Божай Вострабрамскай, медальёны, брошкі і фібулы з якой насілі літвіны-«інсургенты». На адваротным баку харугвы — выява св. Казіміра.

 Невядомы з Гародні (імя сцёрта з фотакарткі, зробленай у адным з Віленскіх фотаатэлье). Засталася толькі частка подпіса, які лаканічна паведамляе «Асуджаны на 12 год».

 Невядомы з Гародні (імя сцёрта з фотакарткі, зробленай у адным з Віленскіх фотаатэлье). Засталася толькі частка подпіса, які лаканічна паведамляе «Асуджаны на 12 год».

Шмат хто з літвінаў, асуджаны на цяжкую сібірскую катаргу, лёг косткамі ў чужую зямлю…

Артэфакты паўстання

mal_15_simvaly_paustannia.png

Сярод сімвалаў паўстання сустракаюцца як захаваныя ад мінулых спробаў вызвольнага руху «культурныя коды» (Крыж, вобраз Багародзіцы, гербы знішчанай дзяржавы), так і новыя (ці пераасэнсаваныя) сімвалы.
Вобраз Маці Боскай (а ў вузкім, «тутэйшым» сэнсе — Маці Божай Вострабрамскай) пачаў суправаджаць не толькі традыцыйны геральдычны двухчастковы шчыт з гербаў Кароны і ВКЛ, але і новую ягоную версію — трохчастковую, у якую дадаліся «рускія» землі Украіны. На пярсцёнках, фібулах, брошках і іншых упрыгожаннях, як мужчынскіх так і жаночых, выяўляецца трочастковы сімвал — шчэпленыя паміж сабою Крыж, Якар і Сэрца — Вера, Надзея і Любоў, часта аб’яднаныя з адным ці некалькімі пералічанымі сімваламі

mal_16_broszka.jpg

Нетыповае паўстанцкае ўпрыгожванне, якое па стылістыце нагадвае геральдычныя бэджы шатландскіх кланаў Нагор’я (Хайленда). Звяртае на сябе ўвагу і новы дэвіз «У еднасці — сіла». Горцы Шатландыі доўгі час аказвалі супраціў брытанскай палітыцы «дэварварызацыі» кланаў і адмены традыцыйнага ўкладу жыцця. Матыў падвойнага герба Рэчы Паспалітай, падперазанага поясам, з'явіўся апасля разгрому першага буйнога вызвольнага руху на землях Рэчы Паспалітай (1830-31 гг.), у эмігранцкім часопісе «Kraj i Emigracja» (1835 год). Новая хваля папулярызацыі матыва, безумоўна, адбылася пасля 1861-63 гг., калі з'явіўся попыт на паўстанцкія ўпрыгожванні і сувеніры.
На землях былога ВКЛ паўстанцкія ўрады шырока выкарыстоўвалі як сімволіку з Пагоняй, так і традыцыйныя падвойныя (ці траістыя) гербы Рэчы Паспалітай.

На пячатках паўстанцкага ўраду і ягоных ваяводскіх і павятовых адзелах выкарыстоўвалася сімволіка Польшчы і ВКЛ — падвойный герб з выяваў Арла і Пагоні, або — новы сімвал, Арол, Пагоня і Архангел, як герб траістай канфедэрацыі, да якой, спадзяваліся, далучыцца і большая частка Украіны.

Пячатка Кастуся Каліноўскага на пасадзе ўрадавага камісара Гародзенскага ваяводства. Крыніца — kalinouski.arkushy.by

Пячатка Кастуся Каліноўскага на пасадзе ўрадавага камісара Гародзенскага ваяводства. Крыніца — kalinouski.arkushy.by

Калекцыя пячатак, сабраная расійскім вайскоўцам падчас следства па Мінскай губерні, уражвае: Начальнік Мінскага ваяводства, Камісар Нацыянальнага Урада Мінскага ваяводства, Начальнік Мінскага павета Мінскага ваяводства, Начальнік места Мінск Нацыянальнага Урада. Крыніца — kalinouski.arkushy.by

Калекцыя пячатак, сабраная расійскім вайскоўцам падчас следства па Мінскай губерні, уражвае: Начальнік Мінскага ваяводства, Камісар Нацыянальнага Урада Мінскага ваяводства, Начальнік Мінскага павета Мінскага ваяводства, Начальнік места Мінск Нацыянальнага Урада. Крыніца — kalinouski.arkushy.by

 Пячатка Ігната Лескоўскага, начальніка войска паўстанцаў Ковенскага ваяводства, Летувіскі нацыянальны архіў (www.archyvai.lt).

 Пячатка Ігната Лескоўскага, начальніка войска паўстанцаў Ковенскага ваяводства, Летувіскі нацыянальны архіў (www.archyvai.lt).

Пячатка друкарні камісара Аўгустоўскай губерні Браніслава Радзішэўскага (псеўданім — Ігнат Чынскі), якой той падпісваў адозвы да тутэйшых сялян і памешчыкаў. Летувіскі нацыянальны архіў (www.archyvai.lt).

Пячатка друкарні камісара Аўгустоўскай губерні Браніслава Радзішэўскага (псеўданім — Ігнат Чынскі), якой той падпісваў адозвы да тутэйшых сялян і памешчыкаў. Летувіскі нацыянальны архіў (www.archyvai.lt).

mal_21_zolota_gramota.jpg

Нацыянальны ўрад у Варшаве звярнуўся да праваслаўнага насельніцтва Украіны «простага стану» (найперш да сялянаў Падолля, Валыні і частцы Украіны на захад ад Дняпра) з заклікам паўстаць супраць маскоўскага панавання і з прапановай злучыцца ў новым трохчастковым звязе Польшчы, Літвы і Русі. Дакумент-адозва атрымаў назоў «Залатой Граматы». Быў распрацаваны і памятны крыж, прызначаны для раздавання падчас абвяшчэння Залатой граматы сялянам Украіны.
Для акупацыйнай адміністрацыі барацьба з нацыянальна-вызвольным рухам таксама займела сваю сімволіку. Апроч царскай імперскай атрыбутыкі і персаніфікацыі яе людажэрнай постаці генерал-губернатара Мураўёва-«Вешальніка» — выніковым сімвалам стаў медаль «за усмирение польскаго мятежа».

mal_22_medal_za_zduszenne.jpg


Указам расійскага імператара Аляксандра ІІ у студзені 1865 г. была ўстаноўлена ўзнагарода ў гонар задушэння паўстання 1863-1864 гг. — бронзавы медаль "За усмирение польскаго мятежа".
Было адбіта каля 370 тысяч светла-бронзавых і больш за 230 тысяч цёмна-бронзавых медалёў. Медаль у светлай бронзе прызначаўся для ўзнагароджання вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях супраць паўстанцаў, у цёмнай бронзе — для астатніх катэгорый насельніцтва, у тым ліку і для сялян, паверыўшых у «добрага» «мужыцкага» цара, а таксама для расійскага чынавенства і праваслаўных святараў. Немалую долю, разам з грашовымі выплатамі, атрымалі і прадстаўнікі аднолькавага з паўстанцамі саслоўя — шляхта, а таксама мяшчане і прадстаўнікі гандлёвых колаў.

Міжнароднае рэха паўстання: факты і артэфакты

«Паўстанне ў Польшчы», як звычайна называецца яно ў заходне-еўрапейскай гістарыяграфіі, прыцягнула ўвагу як буйных перыядычных выданняў, так і прыватных асоб — сведкаў падзей падчас сваіх паездак і вандровак у бок Расійскай імперыі.

Падчас гэтак званай «Вясны народаў» (шэрага паўстанняў на тэрыторыі Аўстра-Вугоршчыны, 1848-49 гг.), і ўласна італьянскай барацьбы за незалежнасць і за аб’яднанне краіны «польскія легіёны» з дабраахвотнікаў былой Рэчы Паспалітай змагаліся поплеч з гарыбальдзістамі, вучыліся ў Польскай вайсковай школе ў Генуі і запісваліся ў «Легіён Міцкевіча», які змагаўся за свабоду Італіі. Патрыятычна афарбаваная опера «Літвіны» кампазітара Амількарэ Понч'іэлі, па матывах паэмы Адама Міцкевіча «Конрад Валенрод», у свой час гучала са сцэны знакамітай Ла Скалы ў Мілане.

«Італьянцы абавязаны Польшчы не падарункам, а выплатай святога доўгу братэрства і любові». Гэтыя словы аднаго з паплечнікаў Гарыбальдзі рэзюмуюць дух, які прымусіў італьянцаў сабраць у 1863 годзе «Легіён Гарыбальдзі» на чале з палкоўнікам Франчэска Нула і выправіцца на дапамогу пабрацімам.

Здымак групы італьянскіх добраахвотнікаў з г.зв. "Легіёна Гарыбальдзі", які дзейнічаў на польскай тэрыторыі Рэчы Паспалітай падчас паўстання 1863 г. Гістарычны музей Бергама (Італія)

Здымак групы італьянскіх добраахвотнікаў з г.зв. "Легіёна Гарыбальдзі", які дзейнічаў на польскай тэрыторыі Рэчы Паспалітай падчас паўстання 1863 г. Гістарычны музей Бергама (Італія)


З васямнаццаці добраахвотнікаў Бергама з экспедыцыі палкоўніка Франчэска Нула (Francesco Nullo) дзевяць былі арыштаваны аўстрыйскай паліцыяй яшчэ да таго, як яны дабраліся да мяжы з Расійскай імперыяй, трое загінулі ў баях у Польшчы, чацвёра былі асуджаны на 12 гадоў прымусовых работ і высланы ў Сібір. Сам палкоўнік, патрыёт-гарыбальдзінец, удзельнік абароны Рымскай Рэспублікі, загінуў у бітве пры Кшыкаўцы, непадалёк ад Кракава.

Нават папа рымскі не застаўся ў баку падзей, выказаўшы спачуванне братам адзінаверцам-каталікам.

 Малітва рымскага папы Пія IX за Польшчу, якая змагаецца за незалежнасць. На італьянскай і польскай мовах. 31 жніўня 1863 года (крыніца www.archyvai.lt)

 Малітва рымскага папы Пія IX за Польшчу, якая змагаецца за незалежнасць. На італьянскай і польскай мовах. 31 жніўня 1863 года (крыніца www.archyvai.lt)


Не засталіся ў баку ад асвятлення падзей і рэакцыі на іх публічныя асобы і выданні Брытанскай імперыі.
Так, англійскі вандроўнік і сын святара Фартэск’ю Андэрсан, апісаў візіт да свайго сябра па Бонскаму ўніверсітэту, шляхціца Аляксандра Біспінга, у вёскі Масаляны і Вярэйкі Ваўкавыскага павета падчас паўстання 1863 года — ён занатаваў свае ўражанні ў дзённіку пад назвай «Сем месяцаў жыцця ў Расійскай Польшчы ў 1863 г.». 

Арыгінальнае англійскае выданне некалькі гадоў таму было перавыдадзена ў Кракаве па-польску, а ў Беларусі энтузіясты спрабавалі падрыхтаваць свой пераклад гэтага дзённіка

Арыгінальнае англійскае выданне некалькі гадоў таму было перавыдадзена ў Кракаве па-польску, а ў Беларусі энтузіясты спрабавалі падрыхтаваць свой пераклад гэтага дзённіка


Пад «Расійскай Польшчай» Андэрсан меў на ўвазе ў тым ліку і тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, якія ў выніку падзелаў 1772, 1793 і 1795 гадоў адышлі да Расійскай імперыі.

«Адразу калі прыехаў, я заўважыў, што ўсе жанчыны носяць жалобу, некаторыя нават цалкам жалобны строй. Усе, ад вышэйшых да ніжэйшых слаёў насельніцтва, мелі ў адзенні нейкую адзнаку жалобы. Тры гады і нават болей пазбягалі баляў, не з’яўляліся ў оперы і на гучных забавах, у той жа час рэгулярна ўдзельнічалі ва ўсіх масавых набажэнствах — і галоўнай іх малітвай была просьба аб выратаванні Айчыны з-пад прыгнёту. Падобныя настроі панавалі сярод усіх палякаў, дзе б ні былі, у якой краіне б ні жылі. Памятаю, як у Боне — яшчэ да таго, як блізка пазнаёміўся з Біспінгам — да мяне даходзілі чуткі, што некалькі польскіх студэнтаў тамтэйшага ўніверсітэта заўсёды адмаўляюцца ад удзелу ў танцах. Яны аргументавалі гэта жалобай, у якой знаходзіцца іх прыгнечаная Айчына. Яны так паводзілі сябе не для таго, каб выдзеліцца, але ад сэрца і з пачуцця абавязку».

Папулярны ў тыя часы брытанскі палітычны сатырычны часопіс «Панч» (Punch) жорстка прайшоўся не толькі па крыважэрнаму вобразу расійскай манархіі, але і бязлітасна высмеяў нерашучую (бо здрадніцкую) пазіцыю заходніх дзяржаў, фактычна, сам насам пакінуўшых народы Рэчы Паспалітай у сваёй барацьбе. Не пашкадаваў «Панч» і ўласны брытанскі ўрад, паказаўшы яго занадта асцярожным.

 "Рык за Польшчу". Брытанскі часопіс «Панч» ад 21 лютага 1863 г. Містар Бул: "Ах, мой пёсік, я разумею, што табе карціць ізноў ускочыць на гэтага мядзведзя, але так мы зробім іншым разам". Джон Бул — нацыянальная персаніфікацыя, Аб'яднанага Каралеўства або Брытаніі, у вузкім сэнсе — уласна Англіі

 "Рык за Польшчу". Брытанскі часопіс «Панч» ад 21 лютага 1863 г. Містар Бул: "Ах, мой пёсік, я разумею, што табе карціць ізноў ускочыць на гэтага мядзведзя, але так мы зробім іншым разам". Джон Бул — нацыянальная персаніфікацыя, Аб'яднанага Каралеўства або Брытаніі, у вузкім сэнсе — уласна Англіі

 «Амністыя», брытанскі часопіс «Панч» за 25 красавіка 1863 г. Расійскі Мядзведзь: "Хаця я спаліў твой дом і забіў тваіх дзяцей, спыніся мяне біць, і я дарую табе!". Жанчына ў фрыгійскім каптуры (шапка, якую насілі атрымаўшыя волю ў час антычнасці) — гэта персаніфікацыя "Польшчы" (то-бок, паўстаўшых народаў былой Рэчы Паспалітай). На заднім плане назіраюць за двубоем буйнейшыя манархіі таго часу. Ля ног расійскага Мядзведзя — баязлівы пёсік—Прусія.

 «Амністыя», брытанскі часопіс «Панч» за 25 красавіка 1863 г. Расійскі Мядзведзь: "Хаця я спаліў твой дом і забіў тваіх дзяцей, спыніся мяне біць, і я дарую табе!". Жанчына ў фрыгійскім каптуры (шапка, якую насілі атрымаўшыя волю ў час антычнасці) — гэта персаніфікацыя "Польшчы" (то-бок, паўстаўшых народаў былой Рэчы Паспалітай). На заднім плане назіраюць за двубоем буйнейшыя манархіі таго часу. Ля ног расійскага Мядзведзя — баязлівы пёсік—Прусія.

 "Крайнасці збліжаюцца", брытанскі часопіс «Панч» ад 24 кастрычніка 1863 г.

 "Крайнасці збліжаюцца", брытанскі часопіс «Панч» ад 24 кастрычніка 1863 г.

Паказаны Расія і ЗША, якія засталіся без палітычнай падтрымкі іншых дзяржаў і, да таго, з праблемамі ўзброеных канфліктаў на сваіх тэрыторыях (якія адлюстраваны ў відовішчах гвалту і спусташэння на заднім плане). Хаўруснікі-паняволе з задавальненнем паціскаюць адно аднаму рукі:

Абі (Аврам Лінкальн): «Імперскі сын Мікалая Вялікага, я лічу, што мы знаходзімся ў роўных умовах: вы — са сваімі палякамі, я — са сваімі паўднёвымі падбухторшчыкамі»

Алекс (цар Аляксандр): «Помста — тое мне да спадобы, сябра; глядзі, там дзе яна ішла, стаяць пабураныя і спаленыя сцены, а на тваіх шыбеніцах боўтаюцца змагары-патрыёты, і іхныя пакуты даюць асалоду твайму паплечніку"


Паўстанне 1863-1864 гг. з самага пачатку стала адным з сюжэтаў на старонках папулярнага французскага штотыднёвіка «L’Illustration», — у дадатак да асвятлення грамадзянскай вайны ў ЗША і выступленняў у французскіх і англійскіх калоніях. Пры гэтым з першых матэрыялаў часопіс замацоўваў за паўстаннем вобраз барацьбы сялян за свае правы ў Расійскай імперыі. Гэта сэнсава пасавала і іншым матэрыялам «L’Illustration», які шмат увагі надаваў барацьбе індзейцаў у Амерыцы ці хрысціян у Асманскай імперыі.

mal_29_fr_illustration.png


Французскі штотыднёвік "L’Illustration" прысвяіцў некалькі нумароў пільнаму агляду крывавых падзей у былой Рэчы Паспалітай. Частку адлюстраваных эпізодаў і асобаў складана дакладна ідэнтыфікаваць, хаця геаграфія падзей выглядае рэальнай. Напрыклад, малюнак зверху суправаджае надпіс: «Падзеi у Польшчы. Графіня Б... перадае харугву камандзіру добраахвотнага атрада Арленскаму, Мінск. губ.». На левым малюнку ўнізе — «Паўстанцкі шпіталь пад Мінскам»; на правым малюнку ўнізе — «Барысаўскія паўстанцы вызваляюць палоннага расійскага генерала Грунта»
Заходнім краінам спатрэбілася больш за паўтары стагоддзя, каб упэўніцца, што расійскага Мядзведзя немагчыма перамагчы на дыпламатычным полі. Або метадам шырока заплюшчаных вачэй, якія не бачаць прагу іншых народаў Еўропы да Свабоды. Сёння ідуць тэктанічныя сацыяльна-эканамічна-палітычныя зрухі па ўсім перадавым свеце. І застаецца моцны спадзеў, што праз 160 гадоў распачатае паўстанне ўсё ж скончыцца перамогай усіх паўстаўшых народаў былой Рэчы Паспалітай…