Зяленскі ў віншаванні са 160-годдзем паўстання 1863 года не згадаў беларусаў. Рада БНР адрэагавала

У віншавальным лісце, падчас урачыстасцей у Варшаве, прысвечаных 160-годдзю паўстання 1863 года, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не ўзгадаў Беларусь і беларусаў, якія змагаліся пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

У лісце, які зачытаў амбасадар Украіны ў Польшчы, гаварылася пра народы, што 160 гадоў таму аб'ядналіся ў барацьбе супраць расійскага імперыялізму. Аніякай згадкі пра беларусаў там не было.

«160 гадоў таму нашы народы аб'ядналі свае сілы, устаўшы плячо ў плячо супраць расійскага імперыялізму. Студзеньскае паўстанне паскорыла нацыянальнае адраджэнне і вызваленчы рух на тэрыторыі сучаснай Украіны, Польшчы і Літвы», — напісаў прэзідэнт Украіны.

«Дакладна гэтак жа сама сёння аб'ядналіся Украіна, Польшча і Літва, выступаючы супраць злачыннай расійскай агрэсіі, якая сваім нападам на Украіну кінула выклік бяспецы ўсёй Еўропы і свету», — дадаў Зяленскі.

Многіх беларусаў абурыла такая маніпуляцыйная трактоўка гісторыі. Рада БНР адрэагавала на гэта.

«Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае засмучэнне тым, што ў дні, калі адзначаецца 160-гадовы юбілей пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага супраць Расійскай імперыі, прэзідэнт Украіны не знайшоў магчымасці прыгадаць удзел у ім беларускага народа», — гаворыцца ў заяве.

Прычына гэтага, адзначае Рада БНР, «зразумелая і палягае не ў гісторыі, а ў сучаснасці: саўдзел Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны».

«Аднак важна памятаць, што Лукашэнка з’яўляецца ўзурпатарам і не выяўляе волі беларускага народа. Ён выконвае волю Пуціна, у інтарэсах якога нішчыць незалежнасць Беларусі», — удакладняе Рада БНР.

«Найлепшыя прадстаўнікі беларускага народа падвяргаюцца няспынным рэпрэсіям, іх катуюць у турмах, іх асудзілі да вялізных турэмных тэрмінаў. Сярод іх ёсць і тыя, хто адразу пасля нападу Расіі на Украіну распачаў партызанскую вайну, імкнучыся спыніць эшалоны з расійскай ваеннай тэхнікай. Самыя смелыя прадстаўнікі беларускага народа сёння ваююць плячо ў плячо разам з украінскімі жаўнерамі супраць расійскага агрэсара — у тым ліку і ў палку, які носіць імя Кастуся Каліноўскага. Прыклады салідарнасці ёсць і ў зусім нядаўняй гісторыі: у 2014-м на кіеўскім Майдане і на франтах Данбаса беларусы гінулі, абараняючы свабоду Украіны», — гаворыцца ў паведамленні Рады БНР.

«Падзеі апошняга часу пацвердзілі, што свабода і дэмакратычная перспектыва Балта-Чарнаморскага рэгіёна немагчымая без незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, ажыццявіць і гарантаваць якую можа толькі беларускі народ. Народ, які мае даўнія традыцыі змагання за свабоду, яскравым этапам якога з’яўляецца і паўстанне нашага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў», — упэўнены аўтары звароту.

Нагадаем, што, віншуючы ўкраінскі Цэнтр грамадзянскіх свабод з атрыманнем Нобелеўскай прыміі міру, Зяленскі таксама не згадаў іншых лаўрэатаў узнагароды — беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага і расійскі «Мемарыял».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: