Зянон Пазьняк: трэба перамагчы адвечнага ворага — расейскі імпэрыялізм

Лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі «Беларускі народны фронт», кіраўнік ініцыятывы «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк у Львове на Лычакаўскіх могілках ушанаваў памяць удзельнікаў паўстаньня Каліноўскага, паведамляе «Радыё Сваб*да».

paznjak_3.jpg

«Сёньня мы сабраліся, таму што над намі, калі зноў пагражае гэты вораг усім нам, над намі вісіць дух гэтых паўстанцаў, якія пайшлі на сьмерць, каб гэты дух падымаў цэлыя пакаленьні. Кастусь Каліноўскі, які ўзначальваў паўстаньне на Беларусі, перад шыбеніцай напісаў ліст да народу, які заканчваўся вешчымі словамі:

тады, народзе, будзеш свабодны, калі над над табой маскаля ўжо ня будзе.

Гэты запавет людзей, якія пайшлі на сьмерць, важны цяпер і для нас», — сказаў Зянон Пазьняк на акцыі памяці.


На Лычакаўскіх могілках пахаваныя ўдзельнікі паўстаньня, найбольш вядомы зь якіх віцебскі харунжы Сымон Шыдлоўскі. Акцыю арганізавала польская дыяспара ва Ўкраіне, на ёй прысутнічалі таксама дыпляматы Польшчы, Літвы і прадстаўнікі гарадзкіх і абласных уладаў Львова.
Зянон Пазьняк падкрэсьліў, што гісторыя паўстаньня Кастуся Каліноўскага важная для народаў Польшчы, Літвы, Беларусі і Ўкраіны.

paznjak_2_1.jpg

«Патрэбна дапамога ўкраінцам, каб гэты мордар быў разьбіты. І мы мусім вярнуцца да таго, што было ў пачатку. І зараз аб гэтым гаворыцца ў Польшчы, аб тым, каб Усходняя Эўропа аб’ядналася, каб была Балта-чарнаморская супольнасьць. І тады Ўсходняя Эўропа будзе прыкладам для ўсёй Эўропы», — перакананы ён.

«Так будзе, бо ва Ўсходняй Эўропе кіруюцца ня толькі рацыяй, але і сэрцам. Хай жа гэты сьцяг будзе для нас сымбалем, як трэба змагацца і як трэба перамагчы адвечнага ворага — расейскі імпэрыялізм. Усімі сіламі дапамагайма Ўкраіне! Слава Ўкраіне! Героям слава!» — заклікаў Зянон Пазьняк.