Зянон Пазьняк. 10 цікавых фактаў да дня народзінаў палітыка

24 красавіка 1944 года ў вёсцы Суботнікі, што ля Іўя, у сям’і Станіслава і Ганны Пазьнякоў нарадзіўся хлопчык, якому надалі імя Зянон. Чалавек, які стаў знакам і сімвалам беларускага адраджэння яшчэ з 1980-х гадоў. Рэдкі выпадак, калі не толькі прозвішча, але і ўласнае імя асацыюецца з канкрэтным чалавекам.

Зянон Пазьняк на Дне Волі ў Варшаве, 2023. Фота Паўла Хадзінскага

Зянон Пазьняк на Дне Волі ў Варшаве, 2023. Фота Паўла Хадзінскага

Да дня народзінаў палітыка прапануем нізку цікавых фактаў з яго жыцця. 

Факт 1

Зянон Пазьняк — паэт, аўтар шэрагу зборнікаў вершаў.

Зянон Пазьняк і Васіль Быкаў

Зянон Пазьняк і Васіль Быкаў


Вашай увазе два творы Зянона Станіслававіча.

«СЯБРЫ»

На скрыжаваньні
Мне заступілі дарогу трое ворагаў
I закрычалі:
— Мы заб'ем цябе, Зянон!

Тут падышоў мой сябра
I ворагі змоўклі.
Але сябра ўбачыў, што ворагаў трое, — сказаў:
Абодвух заб'юць, —
I перайшоў на іх бок.

Тым часам падышоў другі сябра.
Але ўбачыў, што іх чацьвёра, — сказаў:
— Ты павінен мяне зразумець, —
I стаў на бок чатырох.

У гэты час напаткаў мяне трэці сябра.
Але ўбачыў, што іх пяцёра, —
Без слоў перабег да пяцёх.

Тады я сказаў сябрам:
— Глядзіце: трое іх, трое вас, я — чацьвёрты,
Хіба дазволіце ворагам забіць свайго радака?
— Не дазволім! — Дружна сказалі сябры.
I ворагі адступілі.

Так мы і разышліся з таго скрыжаваньня:
Ворагі сабе, мы — сабе.
Толькі з тае пары
Я стаў вельмі асьцярожны з сябрамі
Да першага скрыжаваньня.

 

ГУЧАНЬНЕ АНЁЛЬСКАГА ГОЛАСУ

У цішы над Зямлёй

У эфіры начным

Голас жаночы гучыць:

— Авэ, Марыя, грацыя плена... —

Чысты, як срэбны струмень на радзіме,

Як сонечны бляск у крынічнай вадзе. —

Авэ, Марыя, грацыя плена...

Беражы, сьцеражы нас у чорнай бядзе.

Да прыёмніка вухам прынік

Я далёка ў лясной старане,

Там, дзе сосны шумяць пад дажджом,

Там, дзе хмары бягуць над вадой.

Авэ, Марыя, грацыя плена...

Гучыць над начною Зямлёй.

Факт 2

На першых прэзідэнцкіх выбарах 1994 Зянон Станіслававіч атрымаў 12,8% галасоў, прапусціўшы ў другі тур прэм’ера Кебіча і старшыню саўгаса Лукашэнку.

Зянон Пазьняк і Мікалай Статкевіч

Зянон Пазьняк і Мікалай Статкевіч

Існуе пашыраная думка, што калі б напярэдадні атрымалася ўзгадніць пазіцыі і амбіцыі двух прадстаўнікоў нацыянальнага руху — Зянона Пазьняка і Станіслава Шушкевіча, былога старшыні Вярхоўнага Савета, які прыйшоў у прэзідэнцкай гонцы чацвёртым, іх галасоў безумоўна хапіла б для ўдзелу ў другім і вырашальным туры галасавання. Як вядома, у другім туры беларусы выбіралі паміж дрэнным і вельмі дрэнным, не маючы сапраўднай альтэрнатывы.

Факт 3

Зянон Пазьняк — таленавіты фатограф.

Яшчэ ў 1970 г. у яго выйшаў фотаальбом «Браслаўшчына». Вядомы фотамастак Георгій Ліхтаровіч, які пазнаёміўся з будучым палітыкам годам раней, адзначыў, што, на яго думку, Зянон Пазьняк на той час быў самым таленавітым беларускім фатографам.

Мы пісалі пра гэты альбом у 2014 г.

Вось некаторыя фотаздымкі аўтарства Зянона Пазьняка:


Факт 4

  З 1976 г. займаўся археалогіяй у аддзеле археалогіі Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі.

kurapaty_16.jpg

Менавіта гэты занятак і прывёў яго да ўсебеларускай вядомасці ў 1988 г. Як вядома, 3 чэрвеня 1988 г. у газеце «Літаратура і Мастацтва» выйшаў матэрыял «Курапаты — дарога смерці» ў суаўтарстве з Яўгенам Шмыгалёвым. У артыкуле былы прыведзеныя факты страшэнных злачынстваў камуністычнай улады ў часы тэрору. Паводле раскопак і ацэнак, колькасць расстраляных камуністамі нявінных людзе сягае 120 тыс. (без уліку пабудаваных пасля на гэтых месцах магістраляў, што зрабіла дакладны падлік колькасці пацярпелых немагчымым). Такім чынам, ушанаванне памяці ахвяраў у Курапатах распачалася дзякуючы Зянону Пазьняку.

 

Студзень 1994 г. Прэзідэнт ЗША Б. Клінтан і З. Пазьняк у Курапатах

Студзень 1994 г. Прэзідэнт ЗША Б. Клінтан і З. Пазьняк у Курапатах

Факт 5

11 красавіка 1995 г. дзевятнаццаць дэпутатаў Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце на чале з Зянонам Пазьняком абвясцілі галадоўку, пратэстуючы супраць прапанаванага Лукашэнкам рэферэндуму аб скасаванні бел-чырвона-белага сцягу і гербу «Пагоня» як дзяржаўных сімвалаў, скасаванні статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мовы, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і праве прэзідэнта распускаць парламент. 

haladouka_1.jpg

Пасля абвяшчэння галадоўкі, калі дэпутаты БНФ селі каля трыбуны, большасць дэпутатаў ВС не прагаласавалі за прапановы Лукашэнкі. Аднак уначы 12 красавіка ў Авальную залю былі ўведзеныя войскі. Людзі ў чорных масках (падраздзяленне КДБ «Альфа») збілі дэпутатаў і выцягнулі іх з будынка.

Факт 6

У 1996 г. ракетным ударам з самалёта быў забіты першы прэзідэнт Чачні Джахар Дудаеў. Падчас штогадовай акцыі «Чарнобыльскі шлях» 26 красавіка Зянон Пазьняк заклікаў удзельнікаў мітынгу ўшанаваць хвілінай маўчання памяць Дудаева. 

Пазьняк прамовіў тады, што чачэнцы змагаюцца і за нашую свабоду таксама. Пазней ён дадаў: «Джахар Дудаеў — адна з самых моцных фігур на Каўказскім небасхіле. Ён яднаў у сабе самыя неабходныя якасці, якія вымагала эпоха, — якасці палітыка, дзяржаўнага дзеяча, ваеннага кіраўніка і патрыёта. Па ўзроўні і па справах, ён стаіць побач з такімі характэрнымі фігурамі 20 стагоддзя, як Юзаф Пілсудскі і Шарль дэ Голь. Ён гэтак жа, як і Пілсудскі, арганізаваў нацыю на ўзброеную вайну за незалежнасць і выйграў вайну з Расіяй. Ён паказаў і сцвердзіў, што чачэнцы не могуць існаваць інакш, як у свабодзе».


Гэтыя выказванні на «Чарнобыльскім шляху» былі неадназначна ўспрынятыя часткай беларускага грамадства, што ўжо тады было пад поўным інфармацыйным прыгнётам расійскай прапаганды і расійскага светапогляду, у якім Дудаеў разглядаўся як здраднік, злачынца і тэрарыст.


Факт 7

Зянон Пазьняк у 1989 г. быў абраны старшынёй першай у найноўшай гісторыі Беларусі партыі — Беларускі Народны Фронт. 

25 Жніўня 1991 г. Пачатак Сесіі Незалежнасці. Выступ ад мікрафона. Патрабаванне адстаўкі М. Дземянцея (Побач Валянцін Голубеў і Вольга Галубовіч)

25 Жніўня 1991 г. Пачатак Сесіі Незалежнасці. Выступ ад мікрафона. Патрабаванне адстаўкі М. Дземянцея (Побач Валянцін Голубеў і Вольга Галубовіч)

Ужо ў наступным, 1990 годзе, на выбарах у Вярхоўны Савет было абрана 30 чальцоў БНФ, а разам з тымі, каго падтрымліваў Фронт — 60. Гэтая фракцыя ў спрэс камуністычным парламенце змагла рэалізаваць ідэю і дамагчыся абвяшчэння незалежнай Беларусі. Зянон Пазьняк быў ініцыятарам вяртання нацыянальных сімвалаў у якасці дзяржаўных. Гэтыя прапановы былі падтрыманыя старой савецкай наменклатурай у парламенце. 



Факт 8

Пасля ад’езду ў вымушаную эміграцыю ў 1996 г., калі былі пагрозы фізічнаму знішчэнню палітыка, Пазьняк працягнуў кіраваць партыяй БНФ, а пасля яе раздзелу на 2 часткі ў 1999 г. узначаліў Кансерватыўна-Хрысціянскую Партыю БНФ, старшынём якой з’яўляецца і дагэтуль. 


Факт 9

Амаль усім палітыкам, якія выступалі з апазіцыйнага лагеру, даставалася ад Зянона Пазьняка.

Ад Станіслава Шушкевічаі да Віктара Бабарыкі са Святланай Ціханоўскай. Пазняк рабіў заявы пра асобных калегаў па змаганні з рэжымам, абвінавачваючы іх у «агентурскіх сувязях з Лукашэнкам, і найперш з Крамлём». Варта ўзгадаць таксама тэму Ганса-Георга Віка, колішняга старшыню місію АБСЭ ў Беларусі, якога Зянон Пазьняк абвінавачваў у тым самым яшчэ ў 2001 годзе. Хутка пасля заявы Пазьняка АБСЭ адклікала Віка з Беларусі.


Факт 10
Самыя старажытныя (захаваныя) месцы ў Мінску мы не страцілі ў 1960-х гг. дзякуючы Зянону Пазьняку. 

У 1969 г. у газеце «Правда» ў Маскве ён надрукаваў артыкул аб недапушчальнасці знішчэння гістарычных кварталаў у цэнтры нашай сталіцы. Верхні горад, Ракаўскае, Траецкае прадмесці мусілі быць зруйнаваныя дзеля вялікай камуністычнай новабудоўлі. Аднак розгалас ад публікацыі дазволіў ім існаваць да нашых дзён.

Зянон Пазьняк, дачка Надзея, жонка Галіна

Зянон Пазьняк, дачка Надзея, жонка Галіна

З народзінамі, Зянон Станіслававіч!