Навіны дня. Вялікдзень у праваслаўных і дзень народзінаў Зянона Пазьняка
У вялікае праваслаўнае свята шмат хто не працаваў. Але не ўсе праваслаўныя, нешта было запланавана загадзя, а нешта можна проста асэнсаваць. На зыходзе дня нагадваем пра асноўныя падзеі, якія адбыліся ў Беларусі і свеце сёння, 24 красавіка.
Апроч Вялікадня адна з асноўных сусветных падзей — другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Францыі. За Елісейскі палац змагаліся Эмануэль Макрон і правая папулістка Марын ле Пэн. Па выніках экзіт-полаў Макрон упэўнена перамог. Марын ле Пэн прызнала паразу, нават не чакаючы вынікаў падліку галасоў.
Святлане Ціханоўскайуручаны медаль Чатырох Свабодаў імя Франкліна Рузвельта.
Нядзеля прынесла непрыемныя навіны Украіне. Урад Балгарыі не адгукнуўся на заклікі дапамагчы ёй са зброяй, даўшы краіне толькі гуманітарную дапамогу, ахоўныя шлемы і бронекамізэлькі. А міністр замежных справаў Аўстрыі выступіў супраць членства Украіны ў ЕС.
Але ўрады — гэта не народы. The Washington Post напісаў, як беларускія «рэйкавыя партызаны» дапамаглі спыніць напад расійскіх войскаў на Кіеў.
Няўдача ва Украіне раз’юшыла Пуціна. Па меркаванні заходняй прэсы, кіраўнік Расіі адмаўляецца ад перамоваў, а намесніца дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд не выключае, што Пуцін можа аддаць загад аб прымяненні «розных відаў узбраенняў з катастрафічнымі наступствамі», у тым ліку ядзернай зброі. Безумоўна, гэта не застанецца без адказу.
А ў Беларусі тым часам улада, напэўна, скончыла змаганне з інфляцыяй. Мінфін не падтрымаў прапанову знізіць абсалютна задраныя кошты консульскага збору і дзяржаўнай пошліны за прастаўленне апастылю. А з 1 траўня павышаецца ПДВ на паслугі перадачы даных — з 25 да 26%. Гаворка пра паслугі доступу ў сетку ад інтэрнэт-правайдараў, а таксама пра мабільны інтэрнэт. Адпаведна, вырастуць тарыфы мабільнай сувязі.
24 красавіка 1944 года ў вёсцы Суботнікі, што ля Іўя, у сям’і Станіслава і Ганны Пазьнякоў нарадзіўся хлопчык, якому надалі імя Зянон. Чалавек, які стаў знакам і сімвалам беларускага адраджэння яшчэ з 1980-х гадоў. 10 фактаў пра яго сабраў Павел Хадзінскі.
Чытайце «Новы час» і падпісвайцеся на наш тэлеграм-канал, каб ведаць больш!