Financial Times: Пуцін страціў цікавасць да перамоваў
Расійская Федэрацыя не зацікаўленая ў перамовах з Украінай. Пуцін абражаны тым, што ўкраінскае войска атрымала перамогу ў першым наступе Расіі і знішчыла крэйсер «Масква».
Некаторы час Пуцін сур'ёзна разглядаў магчымасць заключэння мірнага пагаднення, калі ў сакавіку Расія пацярпела паразу падчас наступу на поўначы Украіны.
«Пуцін шчыра верыць у тую лухту, якую ён чуе па (расійскім) тэлебачанні, і хоча выйграць па-буйному», — сказаў Financial Times чалавек, які праінфармаваны аб ходзе перамоваў.
У Стамбуле Кіеў і Масква ўжо ўзгаднілі першы праект мірнага пагаднення, аднак перамовы зайшлі ў тупік пасля таго, як прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвінаваціў Расію ў ваенных злачынствах у Бучы і Марыупалі. У прыватнасці, Пуцін быў раз'юшаны пасля таго, як украінцы патапілі крэйсер «Масква».
«Была надзея на здзелку. Пуцін хадзіў туды-сюды. Яму трэба знайсці спосаб выйсці з гэтай сітуацыі пераможцам», — сказаў адзін з суразмоўцаў выдання.
Між тым украінскія і заходнія чыноўнікі сумняваліся ў тым, што Пуцін гатовы да мірных перамоваў і лічылі, што Расія толькі спрабуе выйграць час для далейшага наступу.
Пуцін, са свайго боку, верагодна і ў далейшым прытрымліваецца скажонага погляду на вайну, выкладзенага яго ж генераламі і тэлебачаннем. Са слоў людзей, якія размаўлялі з кіраўніком Крамля, ён перакананы ў тым, што расійскія вайскоўцы не забівалі грамадзянскіх асоб ва Украіне.
Раней агенцтва Bloomberg таксама пісала, што расійскі прэзідэнт слухае звужанае кола бескампрамісных дарадцаў і адхіляе спробы папярэдзіць яго аб наступствах вайны.
Паводле РБК-Украіна