Bloomberg: Пуцін адхіляе спробы папярэдзіць яго аб наступствах вайны

Усё больш высокапастаўленых расійскіх чыноўнікаў прыходзяць да думкі, што працяг вайны ва Украіне асудзіць Расію на гады ізаляцыі, у выніку чаго яе эканоміка будзе паралізаваная, а бяспека пастаўленая пад пагрозу.

c4581606be5692bdf25dc1aae3e6c871.jpg


Аднак суразмоўцы выдання не бачаць шанцаў на тое, што Уладзімір Пуцін зменіць курс, сцвярджае агенцтва Bloomberg у вялікім артыкуле. Са словаў суразмоўцаў агенцтва, расійскі прэзідэнт усё больш слухае звужанае кола бескампрамісных дарадцаў і адхіляе спробы папярэдзіць яго аб наступствах вайны.

Дзве крыніцы Bloomberg пры гэтым сцвярджаюць, што рашэнне аб уварванні ва Украіну было прынята Пуціным разам з некалькімі «ястрабамі», у ліку якіх міністр абароны Сяргей Шайгу, начальнік генштаба Валерый Герасімаў і сакратар Савета бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў.

За некалькі тыдняў пасля пачатку ўварвання кола дарадцаў і кантактаў Пуціна яшчэ мацней звузілася ў параўнанні з абмежаванай групай прыхільнікаў жорсткай лініі, з якімі ён рэгулярна кансультаваўся раней, піша агенцтва.

Праз амаль восем тыдняў пасля нападу на Украіну вайсковыя страты растуць, а Расія сутыкнулася з беспрэцэдэнтнай міжнароднай ізаляцыяй. «Невялікая, — але яна расце, — колькасць высокапастаўленых крамлёўскіх інсайдараў ціха сумняваюцца ў правільнасці яго рашэння пачаць вайну», — піша агенцтва.

Шэрагі крытыкаў унутры расійскай улады застаюцца абмежаванымі на высокіх пасадах ва ўрадзе і дзяржаўным бізнесе — яны мяркуюць, што ўварванне было катастрафічнай памылкай, якая адкіне краіну на гады таму, сцвярджае Bloomberg, спасылаючыся на дзесяцярых суразмоўцаў, дасведчаных аб сітуацыі. Усе яны казалі на ўмовах ананімнасці, баючыся наступстваў.

Пакуль гэтыя людзі не бачаць ніякіх шанцаў на тое, што Пуцін зменіць свой курс. З іх слоў, расійскі прэзідэнт, усё больш і больш абапіраючыся на звужанае кола бескампрамісных дарадцаў, адхіляе спробы іншых чыноўнікаў папярэдзіць яго пра згубныя эканамічныя і палітычныя выдаткі.

Некаторыя суразмоўцы Bloomberg сказалі, што ўсё больш падзяляюць асцярогі прадстаўнікоў амерыканскай выведкі наконт таго, што Пуцін можа звярнуцца да абмежаванага ўжывання ядзернай зброі, калі сутыкнецца з няўдачай у кампаніі, якую ён лічыць сваёй гістарычнай місіяй.

«Безумоўна, пуцінская вайна па-ранейшаму глыбока падтрымліваецца большай часткай расійскай эліты, і многія інсайдары публічна і нават у прыватных размовах падтрымліваюць версію Крамля, што канфлікт з Захадам быў непазбежны і што эканоміка адаптуецца да шырокамаштабных санкцый, уведзеных ЗША і іх хаўруснікамі, — гаворыцца ў артыкуле. — І грамадская падтрымка застаецца моцнай, паколькі першапачатковы шок і парушэнне санкцый саступілі месца свайго роду сюррэалістычнай стабільнасці ў Расіі».

Словы пра непазбежнасць вайны Расіі з Украінай рэгулярна гучаць у выступах Пуціна.

oprk9kpturbxy83nwyznjfjyzkwnmvkmdqymtrmzduyzjqznjzmnzi1zi5qcgeslqmazizneztnceovas0dnqdcw4khmawhmqe_f8e7x.jpg


Тым не менш, усё больш і больш высокапастаўленых расійскіх чыноўнікаў мяркуюць, што прыхільнасць Пуціна прадаўжэнню вайны асудзіць Расію на гады ізаляцыі і абвастрэння напружанасці, у выніку чаго яе эканоміка будзе паралізаваная, бяспека будзе пастаўленая пад пагрозу, а глабальны ўплыў аслабее, робіць выснову Bloomberg.

Паводле інфармацыі суразмоўцаў агенцтва, высокапастаўленыя чыноўнікі спрабавалі растлумачыць Пуціну, што эканамічныя наступствы санкцый будуць разбуральнымі, бо звядуць на нішто два дзесяцігоддзі росту і больш высокі ўзровень жыцця, якіх расійскі прэзідэнт дамогся падчас свайго кіравання.

Пуцін, па іх словах, адмахнуўся ад гэтых папярэджанняў, заявіўшы, што, хоць Расія заплаціць вялікую цану, Захад не пакінуў яму іншага выбару, акрамя як весці вайну.

Два дні таму Пуцін заявіў, што спроба «эканамічнага бліцкрыгу» супраць Расіі правалілася. «Разлік быў на тое, каб хутка расхістаць фінансава-эканамічную сітуацыю ў нашай краіне, справакаваць паніку на рынках, калапс банкаўскай сістэмы, маштабны дэфіцыт тавараў у крамах, — сказаў ён у панядзелак на нарадзе па сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне. — Можна ўжо ўпэўнена сказаць, што такая палітыка ў дачыненні да Расіі правалілася, стратэгія эканамічнага бліцкрыгу не ўдалася».

Пуцін па-ранейшаму ўпэўнены, што грамадства яго падтрымлівае, а расійцы гатовыя пайсці на гады нястачы дзеля яго бачання нацыянальнай велічы, пераказвае меркаванне сваіх крыніц Bloomberg. Агенцтва нагадвае, што з дапамогай прынятых ЦБ мер жорсткага кантролю рубель аднавіў большую частку сваіх першапачатковых страт — і, хоць інфляцыя рэзка ўзрасла, эканамічныя ўзрушэнні пакуль застаюцца абмежаванымі.

Пуцін поўны рашучасці працягваць вайну — нават нягледзячы на тое, што Крамлю прыйшлося прыцішыць свае амбіцыі, адмовіўшыся ад захопу большай часткі Украіны і пераарыентаваўшыся на знясільваючую бітву за Данбас.

Нязгодныя з лініяй Пуціна не бачаць ніякіх прыкмет таго, што той гатовы разгледзець пытанне аб спыненні ўварвання з улікам страт — або аб сур'ёзных саступках, неабходных для дасягнення спынення агню.

«Улічваючы яго татальнае панаванне ў палітычнай сістэме, альтэрнатыўныя погляды гучаць толькі ў прыватным парадку», — піша агенцтва. Паводле яго ацэнкі, абмежаванасць інфармацыі спрыяла таму, што Крэмль пралічыўся ў першыя дні наступу.

12375528_i1o.jpg


Мільярдэр Раман Абрамовіч, які браў удзел у арганізацыі расійска-ўкраінскіх перамоваў, павінен быў развеяць упэўненасць Пуціна ў тым, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пакіне краіну, як толькі пачнецца ўварванне, сцвярджаюць крыніцы Bloomberg.

Яшчэ ў сярэдзіне сакавіка мільярдэр Міхаіл Фрыдман, які трапіў пад санкцыі, тлумачыў у інтэрв'ю, Bloomberg, чаму ніхто ў Расіі не адважыцца публічна асуджаць вайну. «Дыстанцыя паміж спадаром Пуціным і кім-небудзь яшчэ падобная дыстанцыі паміж Зямлёй і космасам, — казаў ён. — Сказаць Пуціну нешта супраць вайны для каго заўгодна было б раўназначна самагубству».

Мільярдэр Алег Дзерыпаска ў канцы сакавіка назваў вайну «вар'яцтвам», заявіўшы, што «мір, на жаль, не наступіць у бліжэйшыя месяцы». Заснавальнік Тинькофф банка Алег Цінькоў напярэдадні ў яшчэ больш рэзкіх выразах выступіў супраць вайны і тых, хто яе падтрымлівае, а таксама раскрытыкаваў расійскую армію.

Bloomberg нагадвае, што толькі адзін высокапастаўлены чыноўнік публічна парваў з Крамлём праз уварванне — Анатоль Чубайс, які сышоў у адстаўку з пасады спецпрадстаўніка Пуціна ў пытаннях устойлівага развіцця і паляцеў у Стамбул. Аднак Чубайс адмовіўся ад якіх-небудзь публічных заяў з нагоды свайго рашэння.

Іншым, хто хацеў сысці, у тым ліку кіраўніцы ЦБ Эльвіры Набіулінай, сказалі, што яны павінны застацца, каб дапамагчы справіцца з эканамічнымі наступствамі. Яшчэ раней агенцтва паведамляла, што Набіуліна спрабавала сысці ў адстаўку пасля пачатку ўварвання, але Пуцін ёй у гэтым адмовіў. ЦБ пасля гэтай публікацыі заявіў, што інфармацыя аб жаданні Набіулінай пакінуць сваю пасаду не адпавядае рэчаіснасці. Высокапастаўленыя чыноўнікі асудзілі тых, хто пакінуў краіну, лічачы іх «здраднікамі».

Некаторыя прадстаўнікі эліты настойваюць на яшчэ больш жорсткай лініі, лічыць агенцтва і нагадвае, што калі прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў заступіўся за тэлевядучага Івана Урганта, які з'ехаў з Расіі, кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў, чые войскі ваююць ва Украіне, раскрытыкаваў Пяскова за недастатковы патрыятызм.

Паводле АФН, пераклад НЧ