Расійскі бізнесовец Алег Цінькоў жорстка выступіў супраць вайны ва Украіне
Буйны расійскі бізнесовец Алег Цінькоў, багацце якога ацэньвалася часопісам Forbes у 2021 годзе ў 4,7 мільярда долараў, зноў выступіў супраць вайны ва Украіне. У сваім Instagram ён напісаў, што не ведае ні аднаго чалавека, які атрымліваў бы ад яе выгаду, і назваў яе вар'яцкай.
«Гінуць невінаватыя людзі і салдаты, — напісаў Цінькоў. — Генералы, прачнуўшыся з пахмелля, зразумелі, што ў іх гаўно-армія. … Крамлёўскія чыноўнікі ў шоку, што не толькі яны, але і іх дзеці цяпер летам не паедуць на Міжземнае мора. Бізнесмены спрабуюць ратаваць рэшткі маёмасці».
Па словах Цінькова, Расія загразла ў непатызме, халуйстве і чынашанаванні. «А адкуль армія будзе добрая, калі ўсё астатняе ў краіне гаўно?», — напісаў ён.
На ягоную думку, 90 працэнтаў насельніцтва краіны супраць вайны, а літару Z у яе падтрымку «малююць толькі дэбілы».
Ён заклікаў «калектыўны Захад» даць прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну «зразумелы выхад з сітуацыі», які дазволіў бы палітыку «захаваць свой твар» і спыніць масавае забойства. «Калі ласка, будзьце больш рацыянальнымі і гуманнымі», — напісаў бізнесовец.
Цінькоў стаў адным з найбагацейшых людзей Расіі пасля вываду на біржу заснаванага ім «Тинькофф Банка», які стаў адной з найбуйнейшых расійскіх крэдытных арганізацый.
Па падліках Forbes, пасля пачатку вайны з Украінай ён збяднеў у пяць разоў і па стане на сакавік перастаў быць мільярдэрам. А ў канцы сакавіка трапіў у санкцыйны спіс Вялікабрытаніі.
28 лютага бізнесовец ужо выказваўся супраць вайны.
«Цяпер ва Украіне гінуць нявінныя людзі кожны дзень. Гэта немагчыма і недапушчальна! Дзяржавы павінны выдаткоўваць грошы на лячэнне людзей, на даследаванні перамогі над ракам, а не на вайну. Мы супраць гэтай вайны!» — напісаў ён тады.