Вікторыя Нуланд: Пуцін можа аддаць загад аб прымяненьні ядзернай зброі

Намесьнік дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд не выключае прымяненьня ядзернай зброі Расеяй, перадае «Свабода».

Вікторыя Нуланд

Вікторыя Нуланд

Намесьнік дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд не выключае, што падчас вайны ва Ўкраіне Ўладзімір Пуцін можа аддаць загад аб прымяненьні «розных відаў узбраеньняў з катастрафічнымі наступствамі», у тым ліку ядзернай зброі.
Аб гэтым Вікторыя Нуланд заявіла ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Європейська правда».
Паводле яе слоў, зараз ЗША і іх саюзьнікі імкнуцца данесьці да Крамля, што ў такім выпадку наступствы для самога Пуціна і Расеі «могуць быць абсалютна катастрафічнымі». Нуланд запэўніла, што пры любым разьвіцьці падзей заходнія саюзьнікі «не пакінуць Украіну ў адзіноце».
Амэрыканскі дыплямат, аднак, прызнала, што якое-небудзь ужываньне зброі масавага паражэньня «выведзе сытуацыю на зусім іншы ўзровень».